БЕЛ Ł РУС

Новая расійская ракета «Філін»: чым яна небяспечная і як можа замяніць шахеды

22.10.2026 / 18:36

Nashaniva.com

Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны паведамляе, што Расія напрыканцы лета гэтага года пачала прымяняць новую крылатую ракету «Філін». Гэта новая мадыфікацыя дронаў папярэдніх пакаленняў, якія запускаюць як БПЛА з зямлі (а не з самалётаў) і якія маюць меншую баявую частку, чым класічныя крылатыя ракеты, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Скрыншот з допісу ГУР

Цяпер гэтыя новыя ракета-дроны змогуць яшчэ далей даставаць тылавыя рэгіёны краіны, бо заяўленая дальнасць палёту «Філіна» — 1200 кіламетраў, у той час як цяперашнія рэактыўныя шахеды ў розных мадыфікацыях ляцяць значна менш.

Па даных ГУР, ракету распрацавала ААТ «НВА «Маланка», што ўваходзіць у склад карпарацыі «Тактычнае ракетнае ўзбраенне». У разведцы адзначаюць, што «Філін» — гэта працяг тэндэнцыі расійскага ВПК да стварэння адносна недарагіх сродкаў паветранага нападу з рэактыўнай цягай і наземным запускам.

Па інфармацыі ведамства, ракета мае кампазітны фюзеляж з вугле– і шклапластыку даўжынёй 3,5 метра і размахам крылаў 3 метры. Частку элементаў вырабляюць з дапамогай 3D-друку.

Заяўленая максімальная хуткасць «Філіна» — да 800 км/г, далёкасць палёту — да 1200 км. Ракета можа дзейнічаць як на самых нізкіх вышынях, так і на вышыні да 6 км. Існуюць мадыфікацыі з баявой часткай масай 50 і 100 кг. Звонку яна трохі нагадвае «Герань-5» апошняга пакалення на рэактыўным рухавіку, але ляціць значна павольней.

Пуск ракеты ажыццяўляюць з наземнай устаноўкі з дапамогай парахавога паскаральніка. У ГУР таксама высветлілі, што бартавое абсталяванне для «Філіна» вырабляе расійская кампанія ТАА «ПЛАЗ», якая бярэ ўдзел у вытворчасці беспілотнікаў «Гарпія». Па даных разведкі, блокі абодвух вырабаў маюць падобную кампаноўку і маркіроўку.

Навядзенне ракеты на цэль забяспечваюць інерцыяльная навігацыйная сістэма кітайскай вытворчасці і 16‑канальная сістэма «Камета». У той жа час аналіз элементнай базы паказаў павелічэнне долі кітайскіх кампанентаў у параўнанні з іншымі расійскімі ракетамі і беспілотнікамі.

Як адзначаюць у ГУР, рухавік «Філіна» — расійскі. Гаворка ідзе пра R500 вытворчасці ТАА «Рэйнальдс». Аналагічны рухавік раней ідэнтыфікавалі ў крылатых авіяцыйных ракетах С-71К «Кавёр» і С-71М «Манахром».

Новая пагроза замест шахедаў

Напярэдадні міністр абароны Украіны Яўген Хмара заяўляў, што Мінабароны працуе над забеспячэннем дронамі-перахопнікамі, авіяцыяй і боепрыпасамі да яе, зенітнымі ракетнымі і артылерыйскімі комплексамі, турэлямі, сродкамі РЭБ і іншымі рашэннямі для супрацьпаветранай абароны Украіны.

«Мы таксама ведаем, якія рашэнні Расія развівае, гэта тычыцца рэактыўных дронаў з хуткасцю 800 км. Працуем і над пошукам супрацьдзеяння наступнаму пакаленню пагроз. Адпаведныя задачы — падаць прапановы і прататыпы — пастаўленыя вытворцам, АПК», — сказаў Хмара.

Па даных крыніц Бі-бі-сі ў Мінабароны, ён меў на ўвазе менавіта «Філіна». Ракеты, дрона-ракеты або баражавальныя боепрыпасы, якія павялічваюць сваю хуткасць да 800—900 км/г, становяцца яшчэ больш складанымі цэлямі для перахопнікаў, чым звыклыя шахеды і першыя пакаленні рэактыўных шахедаў.

Яўген Хмара таксама расказаў журналістам, што Украіна ўжо мае паспяховыя вынікі прымянення дронаў-перахопнікаў супраць рэактыўных беспілотнікаў.

«Адно з падраздзяленняў падчас баявога прымянення пяццю перахопнікамі («Барс») знішчыла пяць паветраных цэляў. То-бок выніковасць 100%», — сказаў міністр.

Па ягоных словах, адным з найбольш эфектыўных сродкаў барацьбы з рэактыўнымі беспілотнікамі застаецца авіяцыя.

Раней Бі-бі-сі пісала, што эра звыклых дронаў-перахопнікаў супроць шахедаў і першых пакаленняў рэактыўных шахедаў адыходзіць у мінулае, а са з'яўленнем новых мадыфікацый дрона-ракет з хуткасцю 800—900 патрэбныя новыя сродкі іх збівання. Для гэтага патрэбныя будуць хуткасныя перахопнікі з рэактыўнымі рухавікамі, якіх ва Украіне не стае.

Чытайце таксама:

«Мапеды» сыходзяць у мінулае: Расія робіць «шахеды» рэактыўнымі. Чым гэта пагражае Украіне

Украіна першай у свеце запусціла «прыватную СПА»: хто яе прыдумаў, хто ўдзельнічае і ці эфектыўна гэта

Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»

Каментары да артыкула