Вайна33

«Мапеды» сыходзяць у мінулае: Расія робіць «шахеды» рэактыўнымі. Чым гэта пагражае Украіне

Ударныя дроны-камікадзэ «Шахед-136» (у расійскай версіі «Герань-2») з восені 2022 года былі асноўным і найбольш масавым сродкам арміі РФ для паветраных удараў па ўкраінскім тыле. Цяпер іхняя эра падыходзіць да канца. Затое на арэну выходзяць рэактыўныя аналагі, якія значна цяжэй збіць украінскай супрацьпаветранай абароне. Дзякуючы гэтай зброі РФ ужо змагла заблакаваць украінскія порты на Чорным моры, піша ВВС News Украіна. 

Беспілотнікі «Шахед-136» (на фота) з бензінавым рухавіком адыходзяць у мінулае. На змену ім прыходзяць рэактыўныя дроны з элементамі штучнага інтэлекту, якія значна небяспечнейшыя. Фота: Scott Peterson / Getty Images

Падчас абстрэлу Кіева ў ноч з 4 на 5 жніўня доля рэактыўных БПЛА ў агульным залпе ўпершыню складала больш за палову, паведамілі ўкраінскія Паветраныя сілы. У тую ноч расіяне запусцілі 115 ударных дронаў, збіць і падавіць з якіх удалося амаль 85%.

На наступны дзень РФ запусціла 101 «шахед» і зноў больш за палову з іх былі рэактыўнымі. Працэнт збіцця ўпаў яшчэ ніжэй — да 65%.

Уласна, новыя тыпы «шахедаў» Расія і стварае для таго, каб спыніць тэндэнцыю, якая складалася на працягу 2025‑26 гадоў, калі Украіна змагла падняць працэнт збіцця ўдарных БПЛА праціўніка да надзвычай высокіх 90-95%.

Гэтага ўдалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы імкліваму развіццю індустрыі ўкраінскіх зенітных дронаў-перахопнікаў.

Грузавыя караблі, захопленыя ў прыцэл рэактыўных дронаў «Герань-4», у порце Мікалаева. З ліпеня гэтага года РФ пачала сістэматычна атакаваць судны каля ўкраінскага ўзбярэжжа і фактычна заблакавала экспарт Чорным морам. Фота: Мінабароны РФ

Яны без праблем даганялі ў паветры звычайныя «шахеды» («Герань-2»), абсталяваныя маламагутным бензінавым рухавіком, які дазваляў развіваць хуткасць толькі да 150‑200 км/г.

Не занадта вялікая вышыня палёту (да 2 км), адносна малая хуткасць, а таксама адсутнасць магчымасці для анлайн-кіравання праз нястачу доступу да «Старлінку» прывялі да паступовага канца эры «шахедаў».

Цяпер гэтыя «мапеды», названыя так праз характэрны гук гудзення матора, адыходзяць у мінулае. Але Расія ўжо знайшла замену для іх.

Новая рэактыўная пагроза

Калі проста, то рэактыўны беспілотнік — гэта той, што мае невялікі турбарэактыўны рухавік замест звычайнага рухавіка ўнутранага згарання. Гэта дазваляе дрону ляцець у 2-2,5 раза хутчэй, а значыць, з большай верагоднасцю пераадольваць СПА, якія часам могуць проста не паспець разгарнуць неабходныя сродкі для збіцця.

Фактычна, гэта эрзац-крылатыя ракеты, але значна таннейшыя, меншыя па памерах і менш магутныя.

Працягам гэтай вайны менавіта Украіна першай пачала прымяняць такія рэактыўныя БПЛА, праўда пад назвай «ракета-дроны». Тут можна згадаць публічна прадстаўленыя «Пекла», «Барс» і «Рута».

Аднак Расія першай убачыла патэнцыял менавіта масавага іх прымянення. Паводле даных украінскай разведкі, РФ ужо серыйна вырабляе каля 500 такіх рэактыўных дронаў на месяц і плануе давесці іх долю да 50% ад агульнай колькасці «шахедаў».

Паводле слоў намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Вадзіма Скібіцкага, абаронны заказ РФ на 2026 год уключае амаль 100 тысяч беспілотнікаў тыпу «шахед», аналагаў і дронаў-імітатараў.

І калі на працягу 2025 — пачатку 2026 года выпадкі прымянення рэактыўных «шахедаў» былі не масавымі і не рэгулярнымі, то пачынаючы з другога паўгоддзя бягучага года іх колькасць пачала расці, а запускі сталі амаль штодзённымі.

Падчас абстрэлаў 5 і 6 жніўня РФ запусціла больш за 50 рэактыўных «шахедаў», як указана ў справаздачы Паветраных сіл. Падчас атакі 24 ліпеня такіх было каля 30 штук.

Намеснік камандзіра антышахеднага батальёна Darknode з пазыўным «Артэс» сказаў ВВС News Україна, што вайскоўцы фіксуюць рост долі рэактыўных БПЛА расіян.

«Доля рэактыўных ударных дронаў адносна агульнай колькасці пускаў расце: паводле нашых назіранняў, яна можа складаць ад 25% да 50% усіх дзённых пускаў», — адзначыў ён.

Цэлі яны паражаюць розныя. На сушы часта б'юць па цеплавозах, у моры — па танкерах-зернавозах. Атакуюць таксама электрападстанцыі, склады, ангары. Пад удар рэактыўных «шахедаў» траплялі таксама вытворчасці, інфраструктурныя аб'екты, аб'екты электра– і энергагенерацыі, авіяцыйныя базы.

Віды рэактыўных «шахедаў»

Для ўдараў па Украіне расійская армія выкарыстоўвае цэлую лінейку рэактыўных дронаў, якія ўваходзяць у сямейства «шахедаў» («гераняў»).

«Герань-3» найбольш падобная па форме планера на класічны «шахед-136» («герань-2»). У яе аснове іранская распрацоўка, прадстаўленая ў 2023 годзе пад назвай «шахед-238».

Гэта беспілотнік у форме «трохкутнага крыла» без хваставой часткі даўжынёй 3,5 м і шырынёй 3 м ва ўбудаваным турбарэактыўным рухавіком. Паводле даных украінскай разведкі, РФ выкарыстоўвае кітайскія рухавікі Telefly JT80, якія прадаюцца ў вольным доступе і могуць каштаваць да 24‑30 тысяч долараў за штуку.

Гэты рухавік дазваляе «Герані-3» развіваць хуткасць да 300‑350 км/г.

Яшчэ больш магутная мадыфікацыя гэтага беспілотніка — «Герань-4».

Паводле даных украінскай разведкі, Расія пачала баявое прымяненне гэтага БПЛА толькі ў маі бягучага года.

Першая рэактыўная версія пад назвай «Герань-3» мае невялікі турбарэактыўны рухавік і развівае хуткасць да 350 км/г. Фота: ГУР МАУ

«Герань-4» мае тую ж трохкутную форму і памеры як звычайны шахед, але ўзмоцненую канструкцыю корпуса і палепшаную аэрадынаміку. Гэта звязана з выкарыстаннем нашмат больш магутнага рэактыўнага рухавіка (паводле даных ГУР, гутарка пра кітайскія Telefly LX-WP-160 або TF-TJ2000A).

Яны могуць разганяць дрон да амаль 500 км/г.

Узмоцнены корпус уласна і забяспечвае цэласнасць канструкцыі для палётаў на такіх хуткасцях і з высокім перагрузкамі пры манеўрах.

Кардынальна адрозніваецца ад сваіх «сваякоў» апошняя мадыфікацыя рэактыўных беспілотнікаў з сямейства «шахедаў», а менавіта «Герань-5». Верагодна, яна пабудаваная на базе іранскага дрона Karrar і візуальна падобная на звычайную крылатую ракету.

«Герань-5» можа запускацца з самалёта і развівае хуткасць да 600 км/г.

Гэты ракета-дрон мае даўжыню 6 м і шырыню 5,5 м. Баявая частка — да 90 кг.

Гэта версія пакуль што найрадзей прымяняецца для ўдараў па Украіне. Расіяне аддаюць перавагу выкарыстанню рэактыўных «Герань-3» і «Герань-4», якія маюць баявую частку каля 50 кг.

«Герань-4» падобная па форме, але мае ўзмоцнены корпус, лепшую аэрадынаміку і большую хуткасць — да 500 км/г. Фота: ГУР МАУ

Найбольшую шкоду наносяць гэтыя дроны ў мадыфікацыі «сікер» (ад англійскага «seeker» — «шукальнік»).

Такія «герані» маюць аўтаматычнае распазнаванне і захоп цэлей. Расійскія рэсурсы паказваюць іх актыўнае выкарыстанне ў апошнія тыдні для ўдараў па караблях у акваторыі Чорнага мора паблізу ўкраінскага ўзбярэжжа.

Паводле слоў дарадцы прэзідэнта Сяргея Бяскрэстнава (пазыўны «Флэш»), у такіх «геранях» устаноўлена некалькі камер, якія працуюць у розных рэжымах, а таксама меш-мадэм, з дапамогай якога пілот кіруе дронам анлайн па радыёсувязі.

«Калі пілот «Сікера», напрыклад, захоплівае ў цэль лакаматыў з адлегласці кіламетр, то маламагутная сістэма радыёэлектроннай барацьбы на лакаматыве не абароніць яго. Алгарытмы машыннага зроку давядуць «Сікер» да цэлі без удзелу аператара», — тлумачыць «Флэш».

«Герань-5» — гэта фактычна крылатая ракета, якую можа запускаць вайсковы самалёт. Яна можа разганяцца да 600 км/г. Фота: ГУР МАУ

Гэта працуе так: дзякуючы высокай хуткасці рэактыўная «герань» пераадольвае рубяжы ўкраінскай СПА, а набліжаючыся да рухомай цэлі — карабля, лакаматыва ці аўтамабіля — сістэма БПЛА вызначае і захоплівае цэль, аператар яе пацвярджае, а далей дрон ужо ў аўтаматычным рэжыме атакуе мішэнь.

З канца чэрвеня міністэрства абароны РФ апублікавала каля 40 відэазапісаў выкарыстання рэактыўных «гераней» з сістэмай «сікер» для ўдараў па ўкраінскіх цэлях. Акрамя караблёў, пад атакі траплялі самалёты, безэкіпажныя катары, крамы, склады, лакаматывы, АЗС, грузавікі, электрападстанцыі.

Ці ёсць недахопы

Хуткія, малазаметныя, высакадакладныя. Намеснік камандзіра батальёна Darknode з пазыўным «Артэс» называе рэактыўныя беспілотнікі «кіраванымі крылатымі ракетамі».

Але нават гэтая зброя мае шэраг недахопаў. І гэта акрамя цаны, якая ў 2‑3 раза вышэйшая за звычайныя БПЛА-камікадзэ.

«Першае — дыстанцыя: чым вышэйшая хуткасць рэактыўнага рухавіка «шахеда», тым больш трэба паліва. А чым большая трэба паліва, тым меншы зарад панясе дрон або меншую адлегласць ён праляціць» — тлумачыць вайсковец.

Згодна з інфармацыяй пра ўдары рэактыўных «гераней», іхняя рабочая дыстанцыя — да 500 км, таму яны найчасцей атакуюць прыфрантавыя і прыгранічныя тэрыторыі Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Адэскай, Сумскай, Палтаўскай і Днепрапятроўскай абласцей. У выпадку кіраванага па меш-сістэме БПЛА гэтая адлегласць можа павялічвацца, але тады для работы дрона патрэбны рэтранслятар кожныя 100 км.

Другі недахоп — манеўранасць: на высокіх хуткасцях рэактыўны дрон фізічна не можа выконваць крутыя манеўры.

Калі яму патрэбна пакружляць у сектары інтарэсу, даводзіцца скідваць хуткасць — а гэта якраз і стварае зручнае акно для перахопу.

Паводле слоў «Артэса», батальён Darknode мае больш за 3000 збітых БПЛА тыпу «шахед», рэактыўных з іх — дзясяткі. Большасць з іх знішчаныя класічнымі дронамі-перахопнікамі і гэта стала вынікам «правільна падабранай тактыкі і трапнага моманту для паражэння».

Як процідзейнічаць

Як жа процідзейнічаць рэактыўным дронам? Украіна выкарыстоўвае для гэтага зенітныя ракетныя комплексы такія як Vampire, знішчальную авіяцыю, мабільныя агнявыя групы з ПЗРК, а таксама дроны-перахопнікі.

Для апошніх, праўда, гэта дастаткова цяжкая задача. Справа ў тым, што дроны-перахопнікі ствараліся для супрацьдзеяння «звычайным» шахедам і максімальная хуткасць іх палёту складае да 250‑300 км/г.

А рэактыўныя БПЛА могуць развіваць хуткасць да 500 і нават 600 км/г. Да таго яны ляцяць нашмат вышэй — да 9 км — і многія з іх кіруюцца ў анлайн-рэжыме аператарам.

У кампаніі «Дзікія шэршні», якая вырабляе перахопнік Sting, кажуць, што ўжо маюць на сваім рахунку збітыя рэактыўныя дроны.

«Цяпер мы можам перахопліваць каля 90% звычайных «шахедаў», а рэактыўных — каля 10%, калі ўлічваць збіццё менавіта дронамі-перахопнікамі», — сказаў ВВС прадстаўнік вытворцы, які папрасіў не называць яго імя.

Вядома таксама пра паспяховае прымяненне супраць рэактыўных БПЛА перахопніка Zirka ад кампаніі NOCTIS.

Яго асаблівасць у тым, што гэты дрон мае камп'ютарны зрок, які аналізуе відэапаток у рэжыме рэальнага часу, аўтаматычна выяўляе «шахед», прапануе цэль аператару для пацвярджэння, а потым пераходзіць у рэжым аўтаматычнага суправаджэння і навядзення.

Гэта ўсё дазваляе значна павысіць дакладнасць паражэння хуткаснай паветранай цэлі і дазваляе працаваць у кароткім «часавым акне», г. зн. у сітуацыі, калі рэактыўны дрон толькі некалькі хвілін пралятае побач з пазіцыямі зенітчыкаў.

Каб даганяць такія «герані», украінскія перахопнікі таксама павінны быць рэактыўнымі.

Такія распрацоўкі ўжо тэстуюцца, кажа намеснік камбата Darknode «Артэс».

«Проста цяпер шэраг украінскіх каманд ужо распрацавалі і тэстуюць хуткасныя і аўтаномныя дроны-перахопнікі, у тым ліку на рэактыўных рухавіках. Я не хацеў бы наогул расказваць дэталі, але магу вас запэўніць, што хутка мы пабачым першыя вынікі і пяройдзем да сістэмнага перахопу рэактыўных шахедаў», — упэўнены ён.

У кампаніі «Дзікія шэршні» таксама чакаюць, што «арыенціровачна да кастрычніка эфектыўнае рашэнне супраць рэактыўных «шахедаў» будзе знойдзенае».

Асноўная складанасць не ў тым, каб зрабіць хутчэйшым зенітны дрон-перахопнік, кажуць вытворцы.

«Галоўныя параметры для перахопнікаў «шахедаў» — гэта хуткасць, вышыня палёту і час знаходжання ў паветры. Важна знайсці аптымальны баланс гэтых характарыстык», — зазначае прадстаўнік кампаніі.

Паводле яго слоў, час палёту перахопніка рэактыўных «шахедаў» мусіць складаць да 20 хвілін, але хуткасць мусіць вырасці хаця б на траціну, а вышыня эфектыўнага выкарыстання — на некалькі кіламетраў.

Аднак вышэйшая хуткасць дрона зазвычай скарачае час яго знаходжання ў паветры. Таму проста зрабіць звычайны перахопнік хутчэйшым не выйдзе.

«Дзікія шэршні» заяўляюць, што перахопнікі рэактыўных БПЛА трэба ствараць «амаль з нуля» і тут ёсць «пэўныя цяжкасці».

Украінскія распрацоўшчыкі ўжо працуюць над вырашэннем.

Каментары3

  • Дэвальвец
    10.08.2026
    Чым гэта пагражае для бюджэту на россии
  • На россии
    10.08.2026
    Это ж сколько можно было бы на россии построить новых поликлиник, больниц, сделать ремонты...всё в летит в тар-тарары
  • Юра Унітаз
    10.08.2026
    Чы вытрымае эканоміка на рф, каб вырабляць такія дарагія дроны

Цяпер чытаюць

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці3

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Усе навіны →
Усе навіны

Больш за 100 тысяч фактаў пераследу: «Вясна» апублікавала сумную статыстыку шасці гадоў рэпрэсій11

Святлана Шаціліна больш не ўзначальвае Місію дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне9

У гарах Кыргызстана знайшлі пусты намёт зніклых альпіністаў, сярод якіх двое беларусаў1

Не толькі малітвы. Ксёндз Юрый Санько — пра TikTok, храп на імшы і гульні ў вольны час

Настасся Касцюгова зламала нагу — ехала на самакаце па Варшаве, калі насустрач вылецела аўто34

Пальчыс заклікаў не перапісваць гісторыю 2020 года: Не шукайце лжывых версій мінулага47

У Кобрыне адбылася аварыя з удзелам двух міліцэйскіх аўто ФОТЫ15

Дарафеева захапляецца Грэцыяй, а Лебедзева лашчыць капібар у Тайландзе. Дзе адпачываюць лукашэнкаўскія зоркі?8

Насупраць ЗАГСа Савецкага раёна Мінска адкрылася тэматычная зона адпачынку «Шлях да шчасця»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці3

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць