БЕЛ Ł РУС

У Мінску з'явіліся першыя кантэйнеры для збору тэкстыльных адкідаў. Штотыдзень будуць з'яўляцца новыя

22.10.2026 / 19:36

Nashaniva.com

У Мінску на гэтым тыдні з’явіліся першыя кантэйнеры для збору тэкстыльных адкідаў. Да канца 2026 года кампанія «Рэмондзіс Мінск» плануе паставіць у сталіцы 50 такіх ёмістасцяў, а ў 2027 годзе яны з’явяцца ва ўсіх раёнах горада. Пра гэта 22 кастрычніка паведаміў генеральны дырэктар кампаніі Эрвін Куртбедзінаў, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Да канца года кантэйнеры размесцяць у Маскоўскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах. Іх будуць ставіць у месцах з вялікай колькасцю мінакоў, але асобна ад пляцовак для збору бытавых адкідаў, каб тэкстыль не змешваўся са звычайным смеццем.

У кантэйнеры можна будзе здаваць розныя тэкстыльныя вырабы: адзенне, ручнікі, коўдры, пасцелю, а таксама абутак.

Збіраць тэкстыль будуць асобныя аўтамабілі, а не смеццявозы. Пасля яго даставяць на спецыяльную сартавальную лінію, дзе тканіны падзеляць паводле тыпу і складу валокнаў. Рэчы, непрыдатныя для паўторнага выкарыстання, плануюць перапрацоўваць у якаснае абцірачнае рыззё. Рэшткі будуць выкарыстоўваць для вытворчасці RDF-паліва.

Паводле слоў Эрвіна Куртбедзінава, гэта дазволіць арганізаваць збор і перапрацоўку тэкстылю практычна без адкідаў.

На гэты момант кантэйнеры ўжо паставілі па чатырох адрасах у Мінску: вуліца Касманаўтаў, 33; вуліца Лідская, 14; вуліца Кунцаўшчына, 17; вуліца Прытыцкага, 156. Кампанія плануе штотыдзень павялічваць іх колькасць.

Адрозніць новыя кантэйнеры можна будзе па афармленні, галоўным элементам якога стаў гузік з чатырма адтулінамі.

Каб здадзеныя рэчы можна было паўторна выкарыстоўваць або перапрацаваць, яны павінны быць чыстымі і сухімі. Перад тым як пакласці іх у кантэйнер, тэкстыль трэба спакаваць у пластыкавы пакет. Абутак неабходна пакаваць асобна. Гэта дапаможа абараніць рэчы ад забруджвання падчас перавозкі.

Чытайце таксама:

У Мінску паставяць дзясяткі кантэйнераў для збору адзення і абутку

Чаму ў Японіі няма сметніц, але на вуліцах усё роўна чыста

Менш стракатасці, больш зеляніны і сметніц. У Гомелі зацвердзілі дызайн-код

Каментары да артыкула