БЕЛ Ł РУС

Вароны прымаюць рашэнні ўдвая хутчэй за людзей і малпаў

26.10.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Як высветлілі нямецкія навукоўцы, ужо праз 70 мілісекунд пасля атрымання зрокавага сігналу ў мозгу вароны пачынае фармавацца рашэнне. А ўсяго праз 235 мілісекунд птушка ўжо рэагуе на ўбачанае. І гэта прыкладна ўдвая хутчэй за людзей і малпаў.

Варона падчас эксперыменту, у якім яна павінна вызначыць кірунак руху кропак на экране. Фота: Andreas Nieder / idw-online.de

У людзей і малпаў працэс прыняцця рашэнняў навукоўцы вывучаюць ужо даўно. Значна менш вядома пра тое, як гэта адбываецца ў птушак, мозг якіх дзейнічае інакш, чым у сысуноў. У іх няма такой слаістай кары вялікіх паўшар'яў, як у чалавека. Як піша Scinexx.de, даследчыкі з Цюбінгенскага ўніверсітэта Філіп Шмідбаўэр і прафесар Андрэас Нідэр вырашылі высветліць, наколькі хутка вароны прымаюць рашэнні на аснове зрокавай інфармацыі і якія нервовыя сігналы суправаджаюць гэты працэс.

Эксперымент з дзвюма варонамі

Для даследавання навукоўцы навучылі дзвюх чорных варон (Corvus corone) выконваць заданні на сэнсарным экране. Птушкам паказвалі мноства кропак, якія рухаліся ў розныя бакі. Частка кропак перамяшчалася налева, частка — направа. Вароны павінны былі вызначыць, у якім кірунку рухаецца большасць, і дзюбнуць адпаведную мішэнь побач з выявай.

Калі перавага аднаго кірунку была відавочнай, заданне давалася лёгка. Калі ж колькасць кропак, якія рухаліся ў розныя бакі, была амаль аднолькавай, вызначыцца станавілася значна цяжэй.

Высветлілася, што ад з'яўлення выявы да рэакцыі дзюбай праходзіла ў сярэднім усяго 235 мілісекунд — менш за чвэрць секунды. Пры выразным кірунку руху вароны амаль не памыляліся, а ў складаных выпадках усё роўна адказвалі правільна часцей, чым пры выпадковым выбары.

Параўнанне з ранейшымі эксперыментамі на людзях і малпах паказала, што вароны спраўляліся з падобнымі заданнямі прыкладна ўдвая хутчэй. Праўда, у даследаванні ўдзельнічалі толькі дзве птушкі, таму пакуль нельга сцвярджаць, што такая хуткасць характэрная для ўсіх варон.

Што адбываецца ў мозгу вароны

Падчас эксперыменту навукоўцы таксама запісвалі актыўнасць нервовых клетак у птушыным мозгу, якая выконвае функцыі, падобныя да прэфрантальнай кары ў чалавека — часткі мозгу, якая ўдзельнічае ў прыняцці рашэнняў.

Высветлілася, што ўжо прыкладна праз 70 мілісекунд пасля з'яўлення кропак актыўнасць некаторых нейронаў пачынала адрознівацца ў залежнасці ад кірунку руху. Прычым нервовыя клеткі рэагавалі не толькі на сам кірунак, але і на тое, наколькі выразным быў зрокавы сігнал.

Па меры апрацоўвання інфармацыі актыўнасць нейронаў паступова нарастала, пакуль не дасягала ўзроўню, неабходнага для рэакцыі. Мозг фактычна назапашваў звесткі на карысць аднаго з двух магчымых рашэнняў.

Падобны механізм раней назіралі ў прыматаў. Гэта сведчыць, што, нягледзячы на адрозненні ў будове, мозг птушак і сысуноў можа выкарыстоўваць падобныя прынцыпы апрацоўкі інфармацыі.

Навукоўцы мяркуюць, што высокая хуткасць рэакцыі варон можа быць звязаная з неабходнасцю хутка арыентавацца падчас палёту і пошуку ежы. Аднак гэта пакуль толькі гіпотэза, якую трэба праверыць у далейшых даследаваннях.

Чытайце таксама:

Аказваецца, вароны ўмеюць лічыць. Вось як навукоўцы зразумелі гэта

Вароны памятаюць крыўду 17 гадоў

У Мінску заўважылі варон, якія гулялі ў футбол ВІДЭА

Каментары да артыкула