БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, што Расія таемна фінансавала газавы праект на Алясцы

24.10.2026 / 17:48

Nashaniva.com

У ЗША разгарэўся скандал вакол газавага праекта Polar Train LNG на Алясцы коштам 25 мільярдаў даляраў. Амаль усё кіраўніцтва кампаніі пакінула свае пасады пасля абвінавачанняў у тым, што расійская газавая кампанія «Наватэк» таемна фінансавала праект і кантралявала яго. Пра гэта паведаміла Financial Times са спасылкай на былога генеральнага дырэктара Polar Train LNG Джоэла Рэдла, які заявіў, што асцерагаўся магчымага парушэння амерыканскіх санкцый.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Яндэкс Карты»

Polar Train LNG займаецца распрацоўкай тэрмінала для экспарту звадкаванага прыроднага газу на поўначы Аляскі. Праект запусцілі ў сакавіку. Планавалася выкарыстаць часткова пабудаваны тэрмінал «Наватэка», перамясціўшы яго на Аляску.

Кампанія звярнулася ў Міністэрства фінансаў ЗША па дазвол на перамовы з расійскай групай, але на момант апісаных падзей яшчэ не атрымала яго.

Паводле слоў Рэдла, ён высветліў, што «Наватэк» ужо фінансуе праект і кіруе яго дзейнасцю, не чакаючы неабходных узгадненняў. У верасні Рэдл падаў у адстаўку. Пасля гэтага кампанію таксама пакінулі фінансавы дырэктар Дэн Чандра і іншыя кіраўнікі.

«Я пайшоў з пасады генеральнага дырэктара Polar LNG, бо мяне непакоіла тое, што расійская кампанія «Наватэк» фінансавала кампанію і ў выніку кантралявала яе стратэгічны кірунак», — заявіў Рэдл.

Спачатку ён меркаваў, што грошы на праект выдзяляюць інвестар Джэнтры Біч, звязаны з сям’ёй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, і кампанія Tech Wave з Абу-Дабі. Аднак пазней, па словах Рэдла, высветлілася, што Біч не ўкладаў грошы ў праект і не быў ні яго акцыянерам, ні кіраўніком.

Financial Times таксама вывучыла перапіску ў WhatsApp, у якой член праўлення «Наватэка» Дзяніс Салаўёў абмяркоўваў фінансаванне праекта і спрабаваў паскорыць перавод сродкаў Polar Train LNG.

У кампаніі Polar LNG заявілі, што Рэдл быў звольнены, назвалі яго «незадаволеным супрацоўнікам» і запэўнілі, што праект развіваецца з захаваннем амерыканскага заканадаўства.

«Наватэк» паведаміў, што дамовіўся даць кампаніі Tech Wave права выкарыстоўваць свае тэхналогіі на Алясцы. У красавіку таксама быў падпісаны мемарандум з Polar Train, калі Рэдл яшчэ ўзначальваў кампанію.

Паводле слоў суразмоўцаў Financial Times, праект абмяркоўваўся ў ходзе перамоў паміж Вашынгтонам і Масквой аб магчымых дзелавых дамоўленасцях, якія маглі б паспрыяць завяршэнню расійскай вайны супраць Украіны.

Сярод прапанаваных варыянтаў называлася схема, паводле якой тэхналагічная экспертыза «Наватэка» для будаўніцтва тэрмінала на Алясцы магла б стаць абменам на змякчэнне санкцый супраць расійскага праекта «Арктык ЗПГ-2».

У лютым 2026 года выданне The New York Times паведамляла, што Джэнтры Біч, універсітэцкі сябар Дональда Трампа-малодшага, заявіў пра дамоўленасць з «Наватэкам» наконт газавага праекта на Алясцы.

9 кастрычніка таксама паведамлялася, што Расія патрабуе змякчэння санкцый у межах перамоў аб магчымым «энергетычным перамір’і» з Украінай.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз абнавіў сваю арктычную стратэгію. Што памяняецца, а што застанецца як было?

Зяленскі: Такой дэманстратыўнай непавагі Расіі да ЗША яшчэ не было

Расія ўжо пачала размаўляць з «Альтэрнатывай для Германіі» пра магчымасць аднаўлення паставак расійскага газу

Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам

У Еўропе энергетычны крызіс. Ці будзе яна зноў купляць нафту і газ у Расіі?

Каментары да артыкула