Расія ўжо пачала размаўляць з «Альтэрнатывай для Германіі» пра магчымасць аднаўлення паставак расійскага газу
Крэмль пачаў перамовы з ультраправай «Альтэрнатывай для Германіі» пра магчымасць аднаўлення паставак расійскага газу ў гэту краіну. Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў рыхтуецца правесці перамовы з кіраўніцтвам «АдГ». Сустрэча, як мяркуецца, можа адбыцца ў сакавіку, і ў ёй могуць удзельнічаць сустаршыні партыі Аліса Вайдэль і Ціна Хрупала.

Пры гэтым сустрэча адбудзецца толькі ў выпадку, калі Расія і Украіна спачатку дамовяцца пра рамачнае мірнае пагадненне. Арганізатары таксама разлічваюць на ўдзел прадстаўнікоў ЗША, у тым ліку Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера. Сярод магчымых месцаў сустрэчы называюцца Ізраіль, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Індыя.
Аднак амерыканскі высокапастаўлены чыноўнік паведаміў Reuters, што Уіткаф і Кушнер пра такую сустрэчу не ведаюць і запрашэння не атрымлівалі.
Аліса Вайдэль раней заяўляла нямецкім СМІ, што ў выпадку прыходу «АдГ» да ўлады партыя хацела б аднавіць імпарт танных расійскіх энергарэсурсаў. Да вайны Германія была найбуйнейшым замежным рынкам «Газпрама»: расійскі газ забяспечваў больш за палову нямецкага імпарту газу.
Тэма аднаўлення расійскіх паставак у Германію ўжо ўздымалася і ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Разглядалася магчымасць аднаўлення працы газаправодаў «Паўночны паток» праз іх куплю амерыканскімі кампаніямі.
Аднак вяртанне расійскага газу сутыкаецца з сур'ёзнымі перашкодамі. Паводле аналітыкаў «Вектар капіталу», эксплуатацыя і выкарыстанне «Паўночных патокаў» абмежаваныя нормамі ЕС і Германіі. Для змены адпаведных правіл спатрэбілася б згода ўсіх 27 краін Еўрасаюза.
Акрамя таго, ЕС ужо зацвердзіў план поўнага спынення закупак расійскага газу да кастрычніка 2027 года. З чатырох нітак «Паўночных патокаў» тры былі падарваныя ў верасні 2022 года. Чацвёртая, якая адносіцца да «Паўночнага патоку — 2», засталася, але гэты газаправод так і не атрымаў сертыфікацыі ў Германіі.
Яшчэ адна праблема — газаправод «Ямал — Еўропа», праз які расійскі газ раней ішоў у тым ліку ва ўсходнія землі Германіі. Ён праходзіць праз Польшчу, якая, як адзначаецца ў артыкуле, зусім не зацікаўленая ў аднаўленні яго працы.
Дэпутат ад нямецкай партыі «Зялёныя» Міхаэль Келнер, які падчас энергетычнага крызісу 2022 года адказваў ва ўрадзе за энергетычную палітыку, заявіў, што Германія не павінна вяртацца да ранейшай залежнасці ад Расіі. Паводле яго слоў, энергетычны крызіс каштаваў краіне 50 мільярдаў еўра.
«АдГ» пакуль перамагала на выбарах толькі ў адной федэральнай зямлі — Саксоніі-Анхальце. На хуткіх выбарах у Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі партыя таксама можа атрымаць найбольшую падтрымку. Аднак рашэнне аб аднаўленні расійскіх газавых паставак на ўзроўні асобнай зямлі прыняць немагчыма.
Наступныя федэральныя выбары ў Бундэстаг павінны адбыцца ў Германіі ў 2029 годзе.
Мерц можа страціць пасаду канцлера Германіі ўжо ў канцы тыдня
Лідарка «Альтэрнатывы для Германіі» запатрабавала выслаць украінскіх мужчын і выставіць Кіеву рахунак за шкоду
Мерц адмяніў запланаваную размову з Трампам пасля падтрымкі апошнім «Альтэрнатывы для Германіі»
Трамп павіншаваў АдГ з перамогай на выбарах у Саксоніі-Анхальт
Каментары
лукашысты - калябарацыяністы - як зазвычай нічога не зразумелі. Лёзунг "Беларусь - у Эўропу", які ўжываецца з 90-х, мае больш шырокае разуменьне, чымся Эўразьвяз, Рада Эўропы ці іншае. Але для гэтага трэба ведаць гісторыю краіну, разумець мэнталітэт нашага народу і выступаць за незалежнасьць краіны ад масковіі