БЕЛ Ł РУС

Чым балістычныя ракеты адрозніваюцца ад аэрабалістычных і гіпергукавых

29.10.2026 / 08:00

Антось Жупран

«Іскандэр», «Кінжал», «Цыркон» і не толькі: чым розняцца сучасныя ракеты і на якія робяць стаўку наймацнейшыя войскі свету?

Схематычнае параўнанне траекторый палёту розных тыпаў ракет: балістычнай (блакітная дуга), аэрабалістычнай (жоўтая лінія), гіпергукавога планернага блока (чырвоная) і гіпергукавой крылатай ракеты (зялёная). Крыніца: Кантрольнае ўпраўленне ЗША (GAO), на аснове даных Міністэрства абароны ЗША.

Расія выкарыстоўвае супраць Украіны балістычныя «Іскандэры», аэрабалістычныя «Кінжалы» і «Цырконы», якія Масква называе гіпергукавымі. Украіна, у сваю чаргу, ужывала амерыканскія балістычныя ракеты малой дальнасці ATACMS, а ў кастрычніку 2026 года паведаміла пра першае баявое выкарыстанне ўласнай балістычнай ракеты малой дальнасці FP-7. Сёлета ж ЗША ўпершыню ўжылі супраць Ірана новыя балістычныя ракеты PrSM. Сам Іран таксама робіць стаўку найперш на балістычныя ўзбраенні.

Да ракетнай гонкі непасрэдна датычная і Беларусь. Беларуская армія атрымала комплексы «Іскандэр-М», а ў канцы 2025 года Масква і Мінск абвясцілі пра пастаноўку на баявое дзяжурства ў Беларусі комплексу сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Частку электронікі для іх вырабляюць у Беларусі.

Ракета 9М723 да комплексу «Іскандэр-М». Фота: Мінабароны РФ

Чатыры тыпы ракетнага палёту

Ракеты адрозніваюцца не толькі хуткасцю, але і траекторыяй ды вышынёй палёту. Адны ўзнімаюцца далёка за межы шчыльных слаёў атмасферы, іншыя праходзяць большую частку шляху значна бліжэй да Зямлі. Ад гэтага залежыць, наколькі рана іх могуць заўважыць радары і наколькі складана прадказаць месца ўдару.

Балістычная ракета пасля запуску разганяецца рухавіком і ўздымаецца ўверх, а затым значную частку шляху рухаецца пераважна пад дзеяннем сілы цяжару. Яе траекторыя нагадвае высокую дугу.

Асабліва высока ўзнімаюцца міжкантынентальныя ракеты, якія могуць дасягаць вышыні сотні і нават больш за тысячу кіламетраў. Ракеты меншай далёкасці звычайна ляцяць ніжэй.

Да гэтага тыпу належаць расійскія «Іскандэр-М» і «Арэшнік», амерыканскія PrSM і ATACMS, а таксама многія іранскія ракеты. Некаторыя сучасныя ўзоры здольныя карэктаваць траекторыю і манеўраваць, аднак асноўны прынцып іх палёту застаецца балістычным.

Аэрабалістычная ракета спалучае балістычны палёт з магчымасцю выкарыстоўваць аэрадынамічныя сілы для манеўравання. Яна можа рухацца па больш нізкай траекторыі, чым класічныя балістычныя ракеты вялікай далёкасці, і змяняць кірунак палёту, што ўскладняе яе перахоп.

Пры гэтым тэрмін не абавязкова азначае, што ракету запускаюць з самалёта.

Найбольш вядомы прыклад — расійскі «Кінжал», які запускаюць пераважна з самалётаў МіГ-31К. Самалёт падымае ракету на вялікую вышыню і надае ёй пачатковую хуткасць, пасля чаго яна працягвае палёт з дапамогай уласнага рухавіка. Расія называе «Кінжал» гіпергукавым, але паводле прынцыпу палёту ён блізкі да манеўроўных балістычных ракет.

Гіпергукавая планерная сістэма спачатку таксама падымаецца на вялікую вышыню з дапамогай ракеты-носьбіта. Але пасля аддзялення спецыяльны блок не рухаецца па звычайнай балістычнай дузе, а плануе ў верхніх слаях атмасферы, выкарыстоўваючы пад'ёмную сілу паветра. Звычайна такі палёт адбываецца на вышыні прыкладна ад 30 да 80 кіламетраў.

Планерны блок не мае ўласнага маршавага рухавіка, але здольны мяняць кірунак і вышыню палёту. Гэта ўскладняе прадказанне яго траекторыі.

Да такіх сістэм належаць расійскі «Авангард», кітайская DF-17 і амерыканская AGM-183A ARRW.

Апошняя запускаецца з самалёта, але, у адрозненне ад «Кінжала», выкарыстоўвае асобны планіруючы блок.

Мастацкая візуалізацыя авіяцыйнай зброі хуткага рэагавання AGM-183A. Фота: Lockheed Martin / defensenews.com

Гіпергукавая крылатая ракета рухаецца яшчэ ніжэй, звычайна на вышыні каля 20—40 кіламетраў. На значнай частцы маршруту яна падтрымлівае хуткасць пры дапамозе ўласнага рухавіка і можа манеўраваць. У гэтым яе галоўнае адрозненне ад планернага блока, які пасля разгону рухаецца без рухавіка.

Расія адносіць да такога тыпу «Цыркон», хаця не ўсе заяўленыя характарыстыкі ракеты атрымалі незалежнае пацвярджэнне. ЗША распрацоўваюць падобную сістэму HACM.

Палёт на меншай вышыні мае важную перавагу. З-за крывізны Зямлі наземныя радары могуць заўважыць такую ракету пазней, чым балістычную, якая падымаецца высока над атмасферай. У спалучэнні з вялікай хуткасцю і магчымасцю манеўраваць гэта пакідае супрацьракетнай абароне менш часу на рэакцыю.

Пры гэтым гіпергукавой лічыцца хуткасць, якая як мінімум у пяць разоў перавышае хуткасць гуку. Такіх паказчыкаў дасягаюць і многія балістычныя ракеты. Таму ў сучасным разуменні галоўная асаблівасць гіпергукавай зброі заключаецца ў спалучэнні велізарнай хуткасці з магчымасцю істотна змяняць траекторыю падчас палёту.

На што робяць стаўку розныя краіны

Выбар ракетнай зброі залежыць ад ваенных задач і магчымасцяў кожнай краіны. Балістычныя ракеты дазваляюць наносіць удары на вялікай адлегласці без выкарыстання баявой авіяцыі, што асабліва важна для дзяржаў са слабымі ВПС. У той жа час развіццё супрацьракетнай абароны стымулюе стварэнне больш манеўраных аэрабалістычных і гіпергукавых сістэм. Яны складанейшыя і даражэйшыя, таму нават вядучыя ваенныя дзяржавы працягваюць удасканальваць традыцыйныя балістычныя ракеты.

Расія і Кітай аднымі з першых прынялі на ўзбраенне сучасныя гіпергукавыя планерныя сістэмы. Расійскі «Авангард» прызначаны перадусім для ядзернага стрымлівання, а кітайская DF-17 разлічаная на ўдары па ваенных аб'ектах на меншай адлегласці. Расія таксама выкарыстоўвае аэрабалістычныя «Кінжалы» і прадстаўляе «Цыркон» як гіпергукавую крылатую ракету. Абедзве краіны працягваюць развіваць і балістычныя ўзбраенні.

Кітайская пускавая ўстаноўка DF-17. Фота: Wikimedia Commons

ЗША развіваюць адразу некалькі тыпаў ракет. Акрамя балістычных PrSM, яны распрацоўваюць гіпергукавую крылатую ракету HACM і сістэму AGM-183A ARRW з планерным блокам.

Паралельна Злучаныя Штаты развіваюць гіпергукавыя тэхналогіі разам з саюзнікамі. У 2021 годзе Вашынгтон, Лондан і Канбера ў межах абароннага партнёрства AUKUS дамовіліся сумесна працаваць над такой зброяй і сродкамі абароны ад яе, а ў 2024‑м узгаднілі сумесныя выпрабаванні.

У Еўропе найбольш развітыя праграмы маюць Францыя і Вялікабрытанія. Абедзве краіны валодаюць балістычнымі ракетамі падводнага запуску для ядзернага стрымлівання. Акрамя таго, Вялікабрытанія ў студзені 2026 года абвясціла пра распрацоўку балістычнай ракеты Nightfall з далёкасцю больш за 500 кіламетраў, прызначанай для Украіны.

Францыя асобна развівае два тыпы гіпергукавой зброі. У 2023 годзе яна выпрабавала эксперыментальны планерны апарат VMaX, а цяпер распрацоўвае гіпергукавую ракету ASN4G, прызначаную для авіяцыйнага ядзернага стрымлівання. Яе плануюць прыняць на ўзбраенне каля 2035 года.

Германія, Польшча, Італія і Швецыя разам з Францыяй і Вялікабрытаніяй удзельнічаюць у еўрапейскай ініцыятыве ELSA. Яна прадугледжвае сумесную распрацоўку і закупку розных сродкаў далёкага ўдару, у тым ліку новых ракетных сістэм. Пры гэтым гаворка не ідзе пра адзін канкрэтны тып ракеты.

Ва Усходняй Азіі распрацоўкі паскараюцца на фоне суперніцтва Кітая, Японіі і дзвюх Карэй. Армія Японіі ў гэтым годзе атрымала ўласную высакахуткасную планерную сістэму Type-25 HVGP. Яе разглядаюць як сродак нанясення ўдараў па цэлях на вялікай адлегласці, у тым ліку пры абароне астравоў.

Паўднёвакарэйскі ракетны комплекс Hyunmoo-5. Фота: Yonhap / en.yna.co.kr

Паўднёвая Карэя развівае цяжкія балістычныя ракеты Hyunmoo, а нядаўна ўпершыню выпрабавала ўласны гіпергукавы планерны блок. Паўночная Карэя мае шырокі арсенал балістычных ракет, у тым ліку міжкантынентальных, і таксама праводзіць выпрабаванні планерных сістэм. Аднак іх рэальныя магчымасці і ступень баявой гатоўнасці застаюцца прадметам спрэчак.

У Паўднёвай Азіі Індыя развівае балістычныя ракеты і рухавікі для будучых гіпергукавых крылатых ракет. У студзені 2026 года яе распрацоўшчыкі паспяхова правялі выпрабаванне такога рухавіка.

Пакістан таксама робіць стаўку на балістычныя ўзбраенні. 13 кастрычніка ён абвясціў пра выпрабаванне ракеты Fatah-ІІ ER, назваўшы яе гіпергукавой. Аднак хуткасць, траекторыя і іншыя асноўныя характарыстыкі новай мадыфікацыі публічна не раскрываюцца.

Пакістанская ракета Fatah-ІІ. Фота: Vishal Sengupta / Janes

На Блізкім Усходзе Іран засяроджваецца пераважна на балістычных ракетах, якія дазваляюць наносіць удары на значнай адлегласці пры адносна слабой баявой авіяцыі. Тэгеран называе «Фатах» гіпергукавай ракетай, але эксперты адносяць яе да балістычных сістэм з манеўроўным баявым блокам.

Турцыя таксама развівае балістычныя ракеты Tayfun, прычым найноўшую мадыфікацыю вытворца падае як гіпергукавую. Ізраіль распрацаваў балістычныя ракеты малой далёкасці LORA і стратэгічныя балістычныя ракеты серыі «Іерыхон».

У Лацінскай Амерыцы найбольш прыкметныя даследаванні гіпергукавых тэхналогій вядзе Бразілія. У межах праекта 14‑X яе вайсковыя даследчыкі ствараюць эксперыментальны лятальны апарат з паветрана-рэактыўным рухавіком. Такія тэхналогіі могуць у будучыні выкарыстоўвацца для гіпергукавых крылатых ракет. Аднак пакуль гэта даследчая праграма, а не гатовая баявая зброя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула