Расія працягвае нарошчваць вытворчасць і прымяненне супраць Украіны балістычных ракет. Гэта адбываецца ў той час, калі Кіеў сутыкнуўся з жорсткім дэфіцытам антыбалістычных ракет да сістэм Patriot, якія б маглі выправіць сітуацыю. Але калі нельга збіць ракеты, то ці можна знішчыць пускавыя ўстаноўкі да іх? Разбіралася Украінская служба Бі-бі-сі.

На працягу ліпеня Расія запусціла амаль 200 балістычных ракет (улічаныя таксама зенітныя ракеты С-400 і гіпергукавыя «Цыркон»/»Онікс»), заяўляе Мінабароны Украіны. Гэта рэкорд з пачатку вайны.
Перахапіць, паводле даных ведамства, удалося 29 ракет (у статыстыцы Паветраных сіл называецца іншая лічба — 10 знішчаных балістычных ракет на працягу ліпеня), то-бок каля 15%.
Аднак за першыя 10 дзён жніўня расіяне выпусцілі па Украіне ўжо каля 70 балістычных ракет. Збіць удалося толькі адну.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі настойліва заклікае заходніх партнёраў перадаць Кіеву ракеты да Patriot, а адмову ці маруджванне з гэтым тлумачыць нават спробай «ціску на Украіну».

Шляхоў вырашэння праблемы застаецца няшмат. Ідзе гаворка пра ўдары па прадпрыемствах, якія вырабляюць кампаненты для балістычных ракет (гэта Украіна з пераменным поспехам ужо працяглы час спрабуе рабіць) і атакі на пускавыя ўстаноўкі, якія іх запускаюць.
«Вайскоўцы ведаюць, што ім трэба знішчаць варожыя пускавыя, такім чынам зменшыць удары па ўкраінскай стратэгічнай інфраструктуры. Яны гэтым займаюцца і будуць гэта рабіць», — заявіў Уладзімір Зяленскі 5 жніўня.
Праўда, рэалізаваць гэтую задуму дастаткова складана.
Узрастанне ракетнай пагрозы
Для пачатку трэба зразумець, пра якую колькасць ракет і пускавых установак ідзе гаворка.
Найбольш масавыя залпы балістычных ракет «Іскандэр» (улічаныя таксама С-400 і KN-23), якія РФ здзяйсняла цягам ліпеня — жніўня, уключалі ў сябе каля 24‑29 ракет. То-бок для абстрэлу было прыцягнута, імаверна, 12‑15 пускавых установак (ПУ), кожная з якіх можа пусціць па дзве ракеты.
Найбольш масавы пуск балістыкі за час вайны складаў 34 ракеты, то-бок тады расіяне прыцягнулі 17 ПУ.
Агулам, паводле ацэнак аналітыкаў, Расія можа адначасова выкарыстаць 36 пускавых установак, якія размешчаны побач з украінскай мяжой. То-бок найбольш масавы залп балістыкі можа складаць каля 70 ракет.
Аднак, па даных украінскай вайсковай разведкі, Расія яшчэ не дасягнула такога ўзроўню вытворчасці, каб забяспечыць масавыя і рэгулярныя абстрэлы.
Намеснік начальніка ГУР Вадзім Скібіцкі кажа, што па стане на жнівень Расія вырабляе на месяц каля 65 ракет 9М723 для комплексу «Іскандэр-М», што амаль на 10% вышэй за запланаваныя паказчыкі. Акрамя таго, значна вырасла вытворчасць супрацькарабельных гіпергукавых ракет «Цыркон» і «Онікс», якія ляцяць па квазібалістычнай траекторыі.
Па словах генерала Скібіцкага, гэты рост звязаны з тым, што Расія прыпыніла выпуск ракет «Кінжал» і Х-32 ды пераарыентавала магутнасці, а таксама дэталі на вытворчасць балістыкі.
Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт Броўдзі (пазыўны «Мадзяр») лічыць, што РФ па стане гэты час здатная здзейсніць залп з 77 балістычных ракет і плануе маштабаваць яго да 200 ракет у адным залпе.
«Нават калі ім удасца здзейсніць толькі палову з гэтага, усё гэта будзе ляцець на нас», — заявіў ён у інтэрв'ю AP.
Ва ўмовах, калі ні Украіна, ні нават увесь заходні свет не маюць неабходнай колькасці антыбалістычных ракет, найбольш аптымальным рашэннем выглядае выбіваць тыя ўмоўныя 20‑30 пускавых установак «Іскандэр», якія актыўна выкарыстоўваюцца для гэтых залпаў у Расіі.
У чым складанасць
Аднак ёсць шэраг праблем.
За часы вайны Украіна неаднаразова атакавала беспілотнікамі расійскія пускавыя ўстаноўкі, у тым ліку і да балістычных ракет «Іскандэр-М», «Цыркон», С-400. У некаторых выпадках іх удавалася падлавіць на маршы, але найчасцей яны станавіліся мішэнню, знаходзячыся на базах захоўвання.
Напрыклад, на працягу красавіка 2026 года Сілы спецыяльных аперацый УСУ паведамілі пра некалькі атак на базу захоўвання АТРК (аператыўна-тактычных ракетных комплексаў) «Іскандэр» каля Сімферопаля ў Крыме.
У жніўні 2025 года ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па пускавых і зараджальных машынах «Іскандэраў» у Курскай вобласці, а ў верасні — па палігоне з гэтай тэхнікай у Краснадарскім краі. Усё гэта прывяло да знішчэння і пашкоджання часткі гэтых комплексаў.
Аднак, акрамя таго, што Расія вырабляе новыя пускавыя ўстаноўкі, яна таксама ўжывае дадатковыя меры, каб забяспечыць тыя АТРК, якія непасрэдна працуюць каля ўкраінскай мяжы. Гэта ўключае змену маршрутаў перасоўвання, месцаў запуску, маскаванне, актыўнае прыкрыццё з боку РЭБ-сістэм і комплексаў СПА.

Як гэта выглядае на практыцы: калона з шасці машын, што ўваходзяць у комплекс «Іскандэр-М» (пускавая ўстаноўка, транспартна-зараджальная машына, камандна-штабная машына, пункт падрыхтоўкі інфармацыі, машына рэгламентнага забеспячэння і машына жыццезабеспячэння) выязджаюць з прыхаванага пункта дыслакацыі на пускавыя рубяжы. Яны размяшчаюцца на пункце пуску на адлегласці 100-150‑200 км ад украінскай мяжы ў Бранскай, Курскай, Растоўскай абласцях ці ў Крыме.
Разгортванне разліку і зараджанне можа заняць 15‑20 хв, потым ідзе залп дзвюх балістычных ракет з інтэрвалам 1‑2 хвіліны, пасля чаго машына пакідае раён.
Каб паспець атакаваць расійскі АТРК, Украіна мусіць або загадзя атрымаць інфармацыю ад разведкі, дзе менавіта ёсць пускавая пляцоўка, або мець такую зброю, якой імгненна зможа знішчаць тэхніку праціўніка на працягу 10‑15 хвілін пасля яе выяўлення.
Што тычыцца выяўлення, то дарадца прэзідэнта па пытаннях тэхналогій Сяргей Бяскрэстнаў (пазыўны «Флэш») зазначаў, што ўсю інфармацыю пра пускі ці падрыхтоўку пускаў балістыкі Украіна атрымлівае ад партнёраў.
«Ніхто з нас не ведае і не павінен ведаць, як яны атрымліваюць гэтую інфармацыю, але не трэба быць надта разумным, каб зразумець, што асноўнай крыніцай інфармацыі ёсць спадарожнікавае назіранне за пунктамі запуску і сістэма фіксацыі фактаў запуску», — заявіў ён.
То-бок Украіна атрымлівае інфармацыю, калі пускавыя «Іскандэраў» ужо на пункце запуску і застаецца каля 15‑20 хвілін, пакуль машына яго пакіне.

У такой сітуацыі адзіным узбраеннем, якое можа паспець лівідаваць пускавую «Іскандэра» — звышхуткія балістычныя ракеты, здатныя біць на 200‑500 км.
Украіна мае ў распрацоўцы два такія варыянты — комплексы «Сапсан» (Гром-2) і FP-9. Хуткасць іх палёту складае 2000— 2300 м/с. То-бок пераадолець адлегласць да расійскіх пускавых яны могуць за 2‑4 хвіліны.
Праблема толькі ў тым, што гэтыя комплексы знаходзяцца на гэты час на стадыі тэставання і першыя баявыя пускі, у тым ліку ракеты FP-9, распрацоўшчыкі анансуюць толькі восенню гэтага года.
Іншы варыянт — знішчаць расійскія «Іскандэры» з дапамогай middle-strike беспілотнікаў.
Напрыклад, дрон FP-2 можа несці баявую частку амаль 120‑200 кг на адлегласць да 370 км. Аднак хуткасць яго складае толькі 150‑180 км/г. То-бок адлегласць на ўмоўныя 300 км да пускавой устаноўкі ў Расіі ён пераадолее за амаль 2 гадзіны.
Рэактыўныя дрона-ракеты, напрыклад, «Барс» ці «Пекла», пераадолеюць гэтую адлегласць за 30‑60 хв. Гэтага таксама недастаткова.
Праўда, такі падыход мае права на жыццё, але толькі пры ўмове, што Украіна загадзя выявіць высоўванне машын комплексу «Іскандэр» ці пляцоўку для пуску, напрыклад, з дапамогай разведвальнага БПЛА і запусціць свае ўдарныя дроны.
Аднак ёсць высокая верагоднасць, што расіяне таксама заўважаць працу разведвальнага беспілотніка над сваёй тэрыторыяй, падавяць яго ці саб'юць або зменяць месца пуску.
Калі б над тэрыторыяй Расіі працавала амерыканская спадарожнікавая сістэма «Старлінк», украінскія вайскоўцы маглі б паспрабаваць знішчыць пускавыя ўстаноўкі «Іскандэраў» у руху падчас перамяшчэння да ці з пазіцый. Але ўладальнік сістэмы Ілан Маск, паводле даных СМІ, пакуль што не дае згоду Украіне на ўключэнне спадарожнікавай навігацыі над расійскай тэрыторыяй.
Таму пакуль што знішчэнне расійскай балістыкі «на зямлі» застаецца для Кіева надзвычай складанай задачай. Яе можна будзе вырашыць да зімовага перыяду толькі пры ўмове хуткага нарошчвання ўласных магчымасцяў Кіева ці тэрміновай дапамогі заходніх партнёраў.
Украінскі OSINT-праект «Кіберборошно» 10 жніўня паведаміў, што УСУ напярэдадні «правялі працу» для выяўлення і знішчэння пускавых установак «Іскандэраў» на расійскай тэрыторыі.
«Па Іскандэрах. Уначы вялася праца, чакаем АК (аб'ектыўнага кантролю). З таго, што зараз вядома — налёт (дронаў, — Рэд.) быў, пускавыя не працавалі так, як павінны былі б, але гэта магло быць праз актыўнасць нашых БПЛА і ўжытыя меры бяспекі», — гаворыцца ў паведамленні.
Афіцыйныя крыніцы інфармацыю пра імавернае знішчэнне расійскіх ракетных комплексаў не публікавалі.
Зяленскі: Расія б'е па Украіне паўночнакарэйскімі ракетамі
Зяленскі: ЗША будуць пастаўляць ракеты-перахопнікі для Patriot штомесяц, але гэтага недастаткова
Расійскім ударам пад Кіевам забіла бабулю, дзеда і трохгадовага ўнука
Нідэрланды не могуць перадаць Украіне ракеты для Patriot
«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія
КНДР адпраўляе ў Расію вайскоўцаў і новую партыю балістычных ракет
Зяленскі: Тэмпы перадачы Украіне ракет да Patriot сёлета скараціліся ў тры разы
Каментары