Дарагія офісныя крэслы і сталы не ратуюць ад болю. А што ратуе?
Вось што сёння навукоўцы раяць людзям, у якіх ад сядзячай працы баліць спіна.
Фота: Aja Koska / Getty Images
Пастаяннае паўтарэнне аднолькавых рухаў, доўгае знаходжанне ў нязручнай позе або вібрацыя ад інструментаў могуць выклікаць праблемы з рукамі, шыяй і плячыма. Гаворка не толькі пра звычайны боль, але і пра канкрэтныя захворванні, напрыклад сіндром запясцевага канала або пашкоджанні сухажылляў пляча. Часам такія праблемы настолькі сур'ёзныя, што людзям даводзіцца надоўга сыходзіць на бальнічны.
Каб палегчыць стан, работнікам раяць часцей рабіць перапынкі, чаргаваць задачы або змяняць арганізацыю працоўнага месца. На такія змены кампаніі нярэдка выдаткоўваюць значныя сродкі, разлічваючы зменшыць нагрузку на супрацоўнікаў і колькасць бальнічных. Яны закупляюць спецыяльныя крэслы, сталы з рэгуляваннем вышыні, эрганамічныя мышкі і клавіятуры, а таксама арганізуюць навучанне, як правільна сядзець і рухацца падчас працы.
Але ці сапраўды такія змяненні дапамагаюць людзям, у якіх ужо ўзніклі праблемы са здароўем? Як піша The Telegraph, каб адказаць на гэтае пытанне, навукоўцы прааналізавалі 20 даследаванняў з удзелам 2478 чалавек. Трынаццаць даследаванняў датычыліся офісных супрацоўнікаў і людзей, якія шмат працуюць за камп'ютарам, астатнія праводзіліся сярод работнікаў вытворчасці, у тым ліку швачак. Усе ўдзельнікі ўжо мелі праблемы з рукамі, шыяй або плячыма, звязаныя з працай.
Навукоўцы параўноўвалі эфектыўнасць эрганамічных змяненняў са звычайным лячэннем, адсутнасцю дадатковых мер і іншымі спосабамі дапамогі.
Аналіз паказаў, што змены ў арганізацыі і абсталяванні працоўнага месца не даюць прыкметнага палягчэння болю ў шыі, плячах і руках у кароткатэрміновай перспектыве. Яны таксама, верагодна, амаль не паляпшаюць здольнасць выконваць паўсядзённыя справы, не паскараюць выздараўленне і не скарачаюць колькасць бальнічных.
Даследчыкі таксама параўналі эрганамічныя меры з фізічнымі практыкаваннямі.
У цэлым практыкаванні выглядалі больш карыснымі, хоць у асобных выпадках пераабсталяванне працоўнага месца таксама магло дапамагчы. Напрыклад, невялікі станоўчы эфект назіраўся ў людзей з запаленнем сухажылляў пляча.
Пры гэтым аўтары агляду не выключаюць, што пры выкарыстанні эрганамічных прыстасаванняў больш за тры месяцы боль можа крыху паменшыцца, а здольнасць выконваць паўсядзённыя справы палепшыцца. Аднак пакуль доказы такой карысці недастаткова надзейныя.
Чытайце таксама:
Баліць спіна? Прычына можа быць у тым, як вы сядзіце
Што такое актыўнае сядзенне? Калі рабіць так, сядзячая праца будзе не такой шкоднай
Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў