БЕЛ Ł РУС

У беларускіх Geely з'явіўся сур'ёзны канкурэнт — Changan расійскай зборкі. Што за ён і колькі каштуе

29.10.2026 / 16:38

Nashaniva.com

Машыну пачалі збіраць на заводзе «Аўтатор» у Калінінградзе. Праз гэта Changan UNI-V патаннеў больш як на $3000 у параўнанні з машынамі, якія раней імпартавалі ў Беларусь з Кітая.

Changan UNI-V. Фота: changan.by

Кітайскі спорт

Сама мадэль выпускаецца з 2021 года, але ў Расіі яе зборку наладзілі толькі сёлета. Цэны на кітайскі фастбэк расійскай зборкі цяпер пачынаюцца з 75 900 рублёў (каля $25700). 

Пад капотам у Changan UNI-V — бензінавы 1,5‑літровы турбаматор магутнасцю 188 к.с., які працуе ў пары з 7‑ступенчатай АКПП. З нуля да сотні аўтамабіль разганяецца за 7,1 секунды.

Машыну цэняць за спартыўны дызайн, які праглядаецца як звонку, так і знутры. UNI-V мае актыўны задні спойлер, які раней можна было ўбачыць толькі на такіх аўто, як Porsche, Audi і іншых не самых танных брэндаў.

Changan UNI-V. Фота: changan.by

Салон аўтамабіля таксама мае спартыўныя ноткі за кошт трохспіцавага руля і сядзенняў з ярка выражанай бакавой падтрымкай.

Changan UNI-V. Фота: changan.by

На фоне таго, што ў лінейцы кітайска-беларускіх Geely/Belgee амаль усе машыны — гэта красоверы, Changan UNI-V, які патаннеў, можа стаць адчувальным канкурэнтам, бо, нягледзячы на агульны рост папулярнасці красовераў, не ўсім яны даспадобы.

Да плюсаў UNI-V адносяць высокі ўзровень аздаблення нават у базавай версіі і добрую кіраванасць, якая прынамсі часткова адпавядае знешняму выгляду. Агулам можна адзначыць, што гэты аўтамабіль выглядае нашмат даражэй, чым каштуе.

Changan UNI-V. Фота: changan.by

Але невысокая цана адносна выгляду і аздаблення адлюстроўваецца ў мінусах, на якія, зыходзячы з водгукаў, скардзяцца ўласнікі.

Сярод мінусаў адзначаюць матэрыялы салона не самай высокай якасці, якія вельмі лёгка пашкодзіць, праз што інтэр'ер даволі хутка пачынае выглядаць пацёртым нават пры невялікім прабегу.

Таксама скардзяцца на нізкі ўзровень шумаізаляцыі і даволі жорсткую падвеску, заточаную перш за ўсё для язды па добрых дарогах. Акрамя жорсткасці падвескі, іншыя мінусы па вялікім рахунку ўласцівыя ўсім кітайскім машынам бюджэтнага сегмента, бо цудаў не бывае і для дасягнення невысокай цаны вытворцам даводзіцца эканоміць на матэрыялах.

Changan UNI-V. Фота: changan.by

З улікам таго, што цана ўпала больш як на тры тысячы даляраў, можна меркаваць, што Changan UNI-V будзе карыстацца попытам сярод беларусаў. Адзіныя, хто можа быць моцна незадаволены тым, што такія аўто пачалі збіраць у Расіі, — гэта ўласнікі, якія набылі іх раней і заплацілі за той самы аўтамабіль амаль на 10 тысяч рублёў больш.

Колькі такі Changan каштуе ў Расіі?

Нягледзячы на тое, што машына сабраная ў расійскім Калінінградзе, у самой Расіі Changan UNI-V мясцовай зборкі каштуе больш як у паўтара раза даражэй, чым у Беларусі (каля $44 тысяч). Такі парадокс адбываецца і ў выпадку са спрадвеку расійскай Lada.

Машыны расійскай зборкі ў Беларусі каштуюць танней праз шэраг фактараў: у краін розныя методыкі наліку ўтыльзбору, а таксама розныя ўмовы для імпарту машын фізічнымі асобамі. Апроч таго ў Беларусі існуюць льготныя ўмовы на імпарт электрамабіляў. Таму і рынак у Беларусі больш канкурэнтны, што таксама ўплывае на цэны.

Пры гэтым у Расіі зрабілі так, што расіянам не выгадна купляць новыя аўто ў Беларусі, бо па прыездзе ў Расію ім давядзецца даплаціць утыльзбор. 

Што за завод у Калінінградзе?

Завод «Аўтатар» у Калінінградзе працуе з сярэдзіны дзевяностых і з'яўляецца адным з самых буйных у Расіі. У пікавыя гады там збіралі каля 200 тысяч машын за год.

Да 2022 года на прадпрыемстве «Аўтатар» выпускалі легкавыя аўтамабілі BMW, KIA і Hyundai. У Беларусі аўтамабілі маркі Changan афіцыйна прадаюцца з 2024 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула