БЕЛ Ł РУС

У Казахстане заявілі пра прадухіленне дзяржперавароту

2.11.2026 / 18:32

Nashaniva.com

Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстана затрымаў у горадзе Атырау на захадзе краіны дзесяць чалавек, якіх падазраюць у стварэнні экстрэмісцкай групоўкі і падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Пра гэта ведамства паведаміла ў прэс-рэлізе.

Фота: beta.egov.kz

Паводле звестак КНБ, удзельнікі аб’яднання планавалі гвалтоўна змяніць канстытуцыйны лад у заходнім рэгіёне краіны. Затрыманні адбыліся 30 кастрычніка пры каардынацыі з органамі пракуратуры ў межах дасудовага расследавання.

Падазраваным ставяць у віну стварэнне экстрэмісцкай групоўкі і кіраўніцтва ёю, удзел у яе дзейнасці, прапаганду тэрарызму і распальванне рэлігійнай варожасці.

Фота: beta.egov.kz

Падчас ператрусаў у месцах, дзе жылі затрыманыя, супрацоўнікі КНБ, як сцвярджаецца, канфіскавалі агнястрэльную зброю, наркотыкі, рэлігійную атрыбутыку і літаратуру. Акрамя таго, ведамства паведаміла пра спыненне дзейнасці трох падпольных навучальных цэнтраў для дзяцей і падлеткаў.

Фота: beta.egov.kz

Паводле інфармацыі казахстанскага КНБ, некаторыя з затрыманых раней былі судзімыя за тэрарыстычныя і іншыя крымінальныя злачынствы. Іншыя падрабязнасці «ў інтарэсах следства» не раскрываюцца.

У 2025 годзе супрацоўнікі КНБ Казахстана затрымалі пяцярых замежных грамадзян, якія, як сцвярджалася, планавалі тэракт у Алматы. У верасні і кастрычніку таго ж года ў межах крымінальных спраў па падазрэнні ў прапагандзе тэрарызму затрымалі васьмярых грамадзян Казахстана.

Чытайце таксама:

Акцёр Саша Барон Коэн папрасіў прабачэння ў народа Казахстана за персанажа Бората

Папулярнага рэпера Navai затрымалі пры ўездзе ў Казахстан з наркотыкамі

Для ўезду ў Казахстан беларусам трэба будзе запытваць пропуск за тры дні

Каментары да артыкула