Казахстан увядзе электронныя дазволы на ўезд для грамадзян прыкладна 60 краін, у тым ліку партнёраў па ЕАЭС — Беларусі, Расіі, Кыргызстана і Арменіі. Новы парадак уезду урад Казахстана зацвердзіў 10 кастрычніка 2026 года, піша The Moscow Times.

З 1 ліпеня 2027 года іншаземцам, якія прыязджаюць у Казахстан без візы, трэба будзе падаваць заяву на электронны дазвол праз лічбавую платформу не пазней чым за 72 гадзіны да ўезду. Афармленне будзе бясплатным. Дазвол будуць выдаваць пасля ўзгаднення з органамі нацыянальнай бяспекі. Ён будзе дзейнічаць 180 дзён і дазволіць на працягу гэтага часу некалькі разоў уязджаць у краіну.
Новыя правілы пачнуць уводзіць паэтапна. З 1 лістапада 2026 года іх плануюць прымяняць у аэрапорце Актау і на чатырох аўтамабільных пунктах пропуску на мяжы з Расіяй. З 1 студзеня 2027 года дазволы пачнуць патрабаваць у аэрапортах Астаны і Алматы, а з 1 сакавіка — на ўсіх пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу.
Да ліпеня 2027 года адсутнасць электроннага дазволу не будзе падставай для адмовы ва ўездзе. Пасля гэтай даты яго наяўнасць стане абавязковай.
Раней, у верасні, з паведамлення Міністэрства замежных спраў Сербіі вынікала, што электронныя дазволы на ўезд у Казахстан могуць стаць платнымі, а ўвесці іх планавалі ўжо з лістапада 2026 года. Аднак урэшце зацверджаны ўрадам Казахстана парадак прадугледжвае бясплатнае афармленне і паступовае ўвядзенне новых патрабаванняў.
У мінулым годзе Казахстан выказваў незадавальненне тым, што Расія абавязала замежнікаў, у тым ліку грамадзян безвізавых краін, загадзя падаваць праз дадатак ruID заявы на ўезд — не менш чым за тры дні. Казахстанскія ўлады тады абяцалі адказаць люстранымі мерамі.
Нашчадкі Залатой Арды. Як Казахстан пры прэзідэнце Такаеве праводзіць «рэбрэндынг» сваёй гісторыі
Папулярнага рэпера Navai затрымалі пры ўездзе ў Казахстан з наркотыкамі
19 вайскоўцаў з Казахстана забрала хваляй падчас вучэнняў у Каспійскім моры
Дзяўчына з Казахстана здзівілася, чаму яе трэдсы залятаюць у Беларусі. Разгадка на паверхні
Каментары