На Магілёўшчыне малады ляснічы заганяў лес налева, а грошы траціў на стаўкі
У Магілёве 24‑гадовага былога ляснічага асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі за незаконную высечку дрэў, продаж драўніны і іншыя злачынствы. Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Асуджаны працаваў ляснічым у Магілёўскім лясгасе. Са снежня 2024 года да лістапада 2025‑га ён даваў падначаленым — майстру лесу і лесаводу — незаконныя распараджэнні высякаць дрэвы па-за межамі адведзеных лесасек або без неабходных дакументаў на дазвол. Высечкі праводзіліся ў Магілёве, а таксама ў Магілёўскім, Бялыніцкім і Шклоўскім раёнах.
Усяго было незаконна высечана 288 дрэў розных парод, у тым ліку елак, бяроз, сосен і асін. Драўніну ляснічы прадаваў за гатоўку грамадзянам і прадпрымальнікам. У некаторых выпадках ён афармляў фіктыўныя дакументы на яе перавозку. Атрыманыя грошы выдаткоўваў на асабістыя патрэбы, у тым ліку прадукты, адзенне і стаўкі ў азартных гульнях.
Акрамя таго, ляснічы ўносіў у акты-справаздачы недакладныя звесткі пра работы, якія напраўду не выконваліся. На падставе гэтых дакументаў яго падначаленым выплацілі больш за 9900 рублёў.
У чэрвені 2025 года мужчына таксама скарыстаўся службовым становішчам, каб скрасці і прадаць 190 літраў службовага дызельнага паліва коштам 494 рублі.
Яго дзеянні кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, незаконную высечку лесу і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Суд прызначыў былому ляснічаму чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф сумай 350 базавых адзінак— 15 750 рублёў. Акрамя таго, на працягу пяці гадоў яму забаронена займаць кіроўныя пасады.
Агульная шкода, прычыненая дзяржаве і навакольнаму асяроддзю, перавысіла 61 тысячу рублёў. Былы ляснічы кампенсаваў яе цалкам.
Чытайце таксама:
Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода
Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»
У Мінску работніца ламбарда скрала больш за 125 тысяч для ставак у казіно
Лудаман з Мінска ўзламаў сейф роднай сястры кансервавым нажом, каб сплаціць пазыкі