«Шантажавалі «будучым вашай жонкі і станам яе мамы». Муж асуджанай на 10 гадоў Вольгі Харламавай расказаў пра спробы вярбоўкі з боку КДБ
Учора стала вядома пра нялюдскі прысуд палітолагу і медыяаналітыку Вользе Харламавай — 10 гадоў калоніі. Яе муж, палітычны аналітык з Украіны Ігар Тышкевіч расказаў у фэйсбуку пра спробу КДБ завербаваць яго.
Ігар Тышкевіч, фота з яго фэйсбука
«Так, мая жонка, Харламава Вольга, учора атрымала прысуд — 10 гадоў пазбаўлення волі і досыць вялікі штраф. Ключавы артыкул — здрада дзяржаве. Яна была затрыманая (з другой спробы) КДБ Беларусі 26 чэрвеня 2025 года. Праз 2 гадзіны пасля затрымання яе «папрасілі» набраць мяне.
Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Пры гэтым шантажавалі «будучым вашай жонкі і станам яе мамы».
Тут варта адзначыць, што маці Вольгі цяжка хворая, і гэта быў адзін з асноўных «якараў», якія трымалі яе ў Беларусі.
КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, але найбольш — мае кантакты ва ўкраінскай палітыцы, дзяржорганах і структурах, якія сёння з'яўляюцца часткай Сіл абароны Украіны. І мой аналіз», — напісаў Ігар Тышкевіч.
Ён кажа, што размова была запісаная ім і наступнай раніцай перададзеная на вывучэнне супрацоўнікам СБУ.
«І мая пазіцыя, і пазіцыя Вольгі, якая (як прадчувала) напярэдадні ўзяла з мяне слова, што ў выпадку, калі будзе «шантаж ёю», я на яго не паддамся. Далей было паўтара года «следства», падчас якога артыкулы падазрэння актыўна мяняліся. За гэты час было не менш за два этапы па некалькі месяцаў жорсткіх спроб псіхалагічна «ламаць» Вольгу. Ускосна гэта было зразумела па спыненні ўсялякага ліставання (у тым ліку лістоў ад сваякоў, родных і знаёмых) ды іншых прыкметах.
У выніку — тры артыкулы абвінавачання, асноўны з якіх — «здрада дзяржаве». Далей суд, які пачаўся ў жніўні, і пасяджэнні працягваліся да ўчора. І прысуд, пра які ўжо пайшла інфармацыя», — расказаў ён.
«Публічнасць у гэтай справе. Свядомае рашэнне блізкіх і сяброў не рабіць кейс публічным. У гэтым была пэўная логіка, звязаная і з украінскім бокам. Пра якую я буду гатовы адказваць толькі пасля таго, як Вольга будзе на свабодзе і пасля заканчэння/замарожвання вайны», — дадаў Ігар Тышкевіч.