Беларусы не купляюць кнігі па-беларуску. Хто вінаваты?
У інтэрв’ю Андрэя Янушкевіча для «Нашай Нівы» шмат тэмаў «на падумаць». Што вінен чытач выдаўцу, а што выдавец — чытачу? Што ім абодвум вінен аўтар? Хто наогул у нашым свеце камусьці штосьці вінен?.. Магчыма, з гэтага і варта пачынаць, піша на Budzma.org Алесь Кіркевіч.
Андрэй Янушкевіч
Пазіцыя Янушкевіча: беларускі кніжны рынак у тупіку. На радзіме працягваецца пагром айчыннай кнігі. За мяжой, пасля кароткага ўздыму 2020-2022, людзі ужо «астылі». Не гатовыя купляць кнігу з-за мовы. Час, калі гэта было пазіцыяй ці модай на пазіцыю — мінуў. Прыйшлі суворыя будні.
National Geographic па-беларуску. Усе напішуць, ніхто не купіць
Выдавец аказваецца ў сітуацыі паляўнічага з адным набоем. Без права на памылку. Калі выдасі тое, што не зойдзе людзям — «прагарыш». Мышы з’ядуць тыраж на складах. Калі не выдасі нічога — пра цябе забудуць.
Выданне «Гары Потэра» не мела камерцыйнага поспеху. Атрымаўся стрэл сігнальнай ракетай у паветра, каб звярнуць на сябе ўвагу. Выявілася, што далёка не кожны беларускамоўны чытач — фанат Роўлінг. Не кожны фанат «Гары Потэра» — беларускамоўны. Ды нават і беларускамоўны мог прачытаць кнігу шмат год таму: па-расійску ці па-ангельску.
Давайце ўявім, што раптам з’яўляецца беларускамоўная версія National Geographic. Цуд! Нарэшце! Усе пра гэта пішуць. Шмат хто нават купіць першы нумар. Другі — менш. Трэці — яшчэ менш… Урэшце — глянцавыя часопісы кансервуюцца на складах. Побач з «Гары Потэрам».
Не кожнага аўтара хочацца запрасіць у заплечнік
Чаму так? Выпускаючы Айн Рэнд, Хэмінгуэя, Роўлінг па-беларуску мы спрабуем гуляць у нармальнасць. У даросласць. Ёсць грамадства і яму патрэбныя кнігі на сваёй мове. Кнігі, якія чытаюць па ўсім свеце. Бяда ў тым, што дарослым людзям тыя кнігі часта банальна няма куды паставіць у здымнай кватэры ў Познані ці Варшаве… Бібліятэкі збіраюць, калі ўсё добра. У сітуацыі няпэўнага сёння і туманнага заўтра — бібліятэкі распрадаюць. Але гэта паўбяды.
Сама кніга даўно перастала быць крыніцай ведаў — крыніцай атрымання інфармацыі. Для гэтага ёсць сеціва. Таму кніга — гэта або трэнажор для медытацыі ў цягніку (каб не ўтыркацца ў экран тэлефона). Або — артэфакт. Нейкая дадатковая вартасць: правакацыйнае афармленне ці хаця б аўтограф статуснага аўтара.
Што менавіта з гэтых двух складнікаў можа прапанаваць беларускі кніжны рынак? Кнігі добра прадаюцца на прэзентацыях, калі сам аўтар цікавы. Калі з ім можна зрабіць фота. У такім выпадку ты купляеш і нясеш дадому «частку чалавека» — яго прысутнасць. З той агаворкай, што не кожнага аўтара ты хочаш запрасіць дадому ці хаця б у заплечнік.
Іншы варыянт — лёгкае чытво, але тут пытанне: ці ёсць у нас аўтары, здольныя лёгка і пры гэтым якасна пісаць? Як Букоўскі. Зазвычай атрымліваецца або грувастка, або — зусім ні пра што. Скрайнасці. Сярэдняга варыянта для сярэдняга чытаючага беларуса не атрымліваецца. Магчыма, таму, што сярэдняга чытаючага беларуса — проста не існуе.
Дзе вялікі раман пра 2020 год? Няма
Што застаецца? Перавыдаваць Быкава-Геніюш-Пазняка… тых шаноўных людзей, якія, па праўдзе, усё ўжо даўно сказалі. Выдаваць дзіцячыя кнігі: не факт, што дарослыя будуць чытаць іх дзецям, але купяць — у падарунак. Урэшце, выдаваць кнігі ў рамках праектаў, калі сама кніга ніякім чынам не арыентаваная на камерцыйны поспех…
Ну і галоўнае — праблема аўтараў. Аўтару няма сэнсу быць аўтарам. За гэтым не стаіць фінансавая выгада, прызнанне, пазнавальнасць, тэлеэфіры. Адзінае прызнанне — прызнанне «экстрэмістам». Навошта пісаць? Каб што адбылося?.. Таму вельмі часта пішуць аўтары, якія не могуць не пісаць. Але гэта не значыць, што чытачы не могуць іх не чытаць. Таму і не чытаюць.
Па падзеях 2020-га, па вайне ва Украіне, па масавым выгнанні беларусаў за мяжу ў нас не паўстала аніводнага вялікага рамана.
Падзеі ёсць, а літаратурнага асэнсавання — няма. Аўтар стае важным для нацыі, калі разжоўвае важнае, пераказвае, стварае міф па слядах падзеі, стварае герояў, у якіх чытач пазнае сябе. Такім аўтарам на вуліцы глядзяць услед. Пацісканне рукі — памятаюць усё жыццё. Ці ёсць у нас такія аўтары?
Можа быць, у гэтым прычына? Вінаватыя ўсё ж не чытачы, не выдаўцы, не лічбавае стагоддзе, але — вакуум у літаратуры?..
Чытайце таксама:
Чарнякевіч: Не чакайце трыумфальнага шэсця беларускай літаратуры па Еўропе
У Беластоку адкрылі беларускую кнігарню Kamunikat.shop. Як прайшло адкрыццё і што абмяркоўвалі?