Культура

«Трэба крычаць, што мы ёсць, мы былі і працягваем існаваць». Тэатральны крытык Настасся Панкратава — пра сваю кнігу і беларускі тэатр да і пасля 2020 года

Што сёння ўяўляе сабой беларускі тэатр? Якую трансфармацыю ён прайшоў, пачынаючы ад 2015 года? Ці сапраўды ў Беларусі тэатральнае поле вычышчанае і там нічога няма? Як змяніўся за 5 гадоў беларускі тэатр у эміграцыі? Budzma.org паразмаўляла пра гэта з журналісткай і тэатральным крытыкам Настассяй Панкратавай, а таксама абмеркавала яе кнігу «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015—2025. Выбраныя старонкі», якая пабачыла свет вясной 2026. Як паўстала кніга і чаму яе можна назваць у пэўным сэнсе «зборнікам надзей».

Pankratava-01.jpg
Настасся Панкратава падчас прэзентацыі кнігі «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015—2025. Выбраныя старонкі» ў Варшаве. Фота: Zhenya Merkalo

— Наста, ты як тэатральны крытык і журналістка заўсёды працуеш са словам. Навошта табе спатрэбілася ўзваліць на сябе яшчэ і цяжар напісання кнігі пра беларускі тэатр, які патрабуе шмат часу, высілкаў і нерваў. У чым была твая матывацыя?

— Працаваць над кнігай сапраўды было вельмі складана. Ад задумы да моманту, калі я ўпершыню трымала яе ў руках, прайшоў год пастаяннай напружанай працы. Але я ўзялася за яе, таму што зразумела: амаль усе тэксты — думаю, каля 95 працэнтаў, якія я пісала раней, проста зніклі з інфармацыйнай прасторы.

Бо ў Беларусі праз цэнзуру закрываюцца сайты. Прычым не толькі незалежныя. Дзяржаўныя выданні таксама пачалі перастрахоўвацца: пераязджаюць на новыя дамены, а старыя, з масівам матэрыялаў, не пераносяць, каб дзесьці не засталіся прозвішчы «ненадзейных» журналістаў і творцаў.

Напрыклад, газета «Культура», дзе я працавала 11 гадоў, у адзін момант пераехала на новы сайт, а стары стаў недаступным. Так, нешта можна знайсці ў архівах, але звычайны чалавек не зможа проста загугліць гэтыя тэксты і нічога пра гэта не даведаецца.

Pankratava-002.jpg
Настасся Панкратава падчас прэзентацыі кнігі «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015—2025. Выбраныя старонкі» ў Варшаве. Фота: Zhenya Merkalo

У выніку знікае не толькі мая праца як журналісткі. Знікае памяць пра творцаў, якія яшчэ некалькі гадоў таму вызначалі ўзровень і кірункі беларускага тэатра. Напрыклад, сёння новае пакаленне гледачоў прыходзіць у мінскі тэатр лялек, ведае яго праз Яўгена Карняга, але можа ўжо не ведаць, адкуль гэты тэатр узяўся і хто працаваў там да яго.

Таму я зразумела — трэба не проста гаварыць, а крычаць, што мы ёсць, мы былі і працягваем існаваць. Асабліва цяпер, калі беларускія тэатры і крытыкі раскіданыя па розных краінах. Тое, што адбываецца сёння ў эміграцыі, трэба фіксаваць. Інакш праз некалькі гадоў могуць сказаць, што ў перыяд эміграцыі беларускага тэатра не было, ён не развіваўся, і мы зноў пачнём усё з нуля.

Мне хацелася захаваць не толькі факты, але і атмасферу таго часу. Таму ў кнігу ўвайшлі не толькі аналітычныя тэксты, але і інтэрв’ю, бо інтэрв’ю — гэта жывое фіксаванне тых надзей і чаканняў, якія былі ў людзей у той момант.

Сёння нешта з гэтага можа выглядаць наіўным, але гэта важна, бо людзі сапраўды верылі, што могуць нешта змяніць.

Pankratava-kniha.jpg
Кніга «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015—2025. Выбраныя старонкі». Фота: Zhenya Merkalo

У навуковых і аналітычных працах шмат фактаў, але часта губляецца сама атмасфера — гэтыя надзеі, чаканні, адчуванне, што нешта адбываецца. Мне хацелася гэта захаваць.

Саму структуру кнігі мне было прыдумаць не складана. Я вырашыла ўзяць дзесяцігоддзе — ад мінулага 2025 года і ўглыб, пачынаючы з сярэдзіны 2010-х. Менавіта тады на той момант кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка публічна заявіў пра стварэнне незалежнай пляцоўкі ОК16, дзе можна было б эксперыментаваць і развіваць тэатр па-за рамкамі дзяржаўнай сістэмы.

Для мяне гэта быў своеасаблівы пункт адліку новай хвалі беларускага тэатра. Пачалі ўзнікаць незалежныя калектывы і пляцоўкі: ОК16, Прастора Hide, «Другі паверх», «Корпус» і іншыя месцы, дзе тэатральныя каманды спрабавалі рабіць нешта новае. Шмат хто з тых, каго сёння называюць прадстаўнікамі новага беларускага тэатра, пачыналі менавіта там.

Я вырашыла ўключыць у кнігу аналітыку і інтэрв’ю. У мяне засталося яшчэ вельмі шмат рэцэнзій, рэпартажаў і аўтарскіх калонак — магчыма, матэрыялу яшчэ на дзве такія кнігі. Але менавіта інтэрв’ю дазваляюць захаваць жывы голас эпохі.

Я практычна не рэдагавала старыя тэксты. Быў толькі тэхнічны рэдактарскі працэс: напрыклад, калі ў адным матэрыяле гаварылася адначасова пра тэатр, кіно і мастацтва, для кнігі я пакідала толькі тэатральную частку. Мне было важна не дзяліць людзей на «добрых» і «дрэнных», а паказаць, з якой сістэмай сутыкалася новае пакаленне творцаў і якія бар’еры яму даводзілася пераадольваць.

Фота: skarynapress.com

Кніга атрымалася вялікай — каля 500 старонак. Але я хацела зрабіць яе цікавай для шырокай аўдыторыі. Яе неабавязкова чытаць ад першай да апошняй старонкі: можна адкрыць асобнае інтэрв’ю ці матэрыял пра канкрэтную падзею.

— Твая кніга выйшла ў беларускім выдавецтве ў Лондане Skaryna Press, а грошы на выданне ты знайшла, выйграўшы конкурс грантаў ArtPower Belarus. Выглядае, што шлях да выдання не быў лёгкім. Ці сапраўды гэта так?

— Так, найбольш складаным аказаўся не змест, а шлях да выдання. Тэатр і так лічыцца вузкай тэмай, а вялікая кніга пра тэатр — яшчэ і дарагая ў вытворчасці. Выдавецтвы баяліся маленькага накладу, вялікага аб’ёму і пытання распаўсюду. Я рассылала прапановы, атрымлівала шмат адмоваў, і толькі выдавецтва «Скарына» паверыла ў гэтую кнігу.

Важную ролю адыграла і грантавая падтрымка ArtPower. Да гэтага я думала, што ўпершыню прымяраю на сябе ролю пісьменніцы, а атрымалася, што адначасова вучылася быць менеджаркай: пісаць заяўкі, размаўляць з людзьмі, афармляць дакументы, рабіць справаздачы.

І мне вельмі дапамог дызайнер Сяргей Шабохін. Дзякуючы яго працы складаная структура кнігі стала добра чытацца. У ёй ёсць два вялікія перыяды — да 2020 года і пасля 2020-га, а ўнутры яны падзеленыя на аналітыку і інтэрв’ю. Плюс да раздзелаў я дапісвала спецыяльныя абагульняльныя аналітычныя тэксты.

— Дзесяцігоддзе 2015—2025 стала самым драматычным у сучаснай беларускай гісторыі. Шлях лібералізацыі трансфармаваўся ў рэпрэсіўную рэакцыю, якой не было з 1930‑х гадоў. Як гэты час змяніў тэатральнае майстэрства краіны? І як улада змяніла сваё стаўленне да тэатралаў?

— Да 2020 года ўзнікла вельмі шмат новых пляцовак і імёнаў. Творцы атрымалі магчымасць паспрабаваць нешта сваё, новае, цікавае. І важна, што дзяржава тады не забараняла акцёрам дзяржаўных тэатраў працаваць на незалежных пляцоўках.

Мне здаецца, у гэтым была адна з унікальных асаблівасцяў беларускага тэатра. У многіх краінах прыватная тэатральная пляцоўка ў першую чаргу існуе як бізнэс, каб зарабляць грошы. У Беларусі незалежная пляцоўка была найперш месцам для эксперыменту і творчага раскрыцця.

Напрыклад, Іван Кушнярук пасля Акадэміі мастацтваў прыйшоў у Купалаўскі тэатр, дзе меў даволі тыповыя для сябе ролі. Калі з’явіліся незалежныя пляцоўкі, ён прыйшоў у ОК16. Там Аляксандр Янушкевіч ставіў спектакль «Стражы Тадж-Махала», Кушнярук вельмі моцна праявіў сябе ў гэтай працы. Якая была трагедыя даведацца, што гэтым летам ва ўзросце ўсяго 34 гадоў ён пайшоў з жыцця.

вартавыя-тадж-махала.jpg
Сцэна са спектакля «Стражы Тадж-Махала», ОК16, 2019 год. Фота Ганны Шарко з фэйсбука газеты «Культура» 

Такіх прыкладаў было шмат. Святлана Цімохіна, ужо вядомая і статусная актрыса, таксама ішла на незалежныя пляцоўкі, каб выйсці за межы звыклага амплуа. Яна магла працаваць разам з маладымі творцамі і дапамагаць ім сваім досведам. З такіх узаемадзеянняў і вырасла новае пакаленне беларускага тэатра.

Пасля 2020 года ўсё змянілася кардынальна. Дзяржава зразумела, што хоча кантраляваць усё, да чаго можа дабрацца, таму што там, дзе няма кантролю, можа з’явіцца нешта іншадумнае.

Пачалі зачышчаць не толькі дзяржаўныя тэатры, але і большасць незалежных. Іх маглі не закрываць фармальна, але стваралі ўмовы, у якіх яны не маглі працаваць. Напрыклад, не выдавалі неабходныя дакументы, гастрольнае пасведчанне на выступ. Пісьмовага загаду «закрыць тэатр» магло не быць, але калі тэатр не можа граць спектаклі, ён фактычна не можа існаваць.

Апошнім вялікім перыядам, калі незалежныя тэатры яшчэ маглі працаваць, быў 2021 год. Пасля навагодніх спектакляў многія з іх ужо не змаглі вярнуцца да нармальнай працы.

Калі ты не можаш іграць, тэатр не можа існаваць. Таму адбыліся вялікія змены: раней існавала шмат розных кірункаў і пляцовак, а пасля засталіся ў асноўным тыя, каму дзяржава давярае.

Сёння ў Беларусі дзяржава зацікаўленая ў тым, каб мастацтва было своеасаблівым прыкладам для гонару дзяржавы і ўпісвалася ў тую карціну, якую яна сама стварае. Пытанне мастацкай якасці, мне здаецца, цікавіць яе не заўсёды.
Pankratava.jpg
Прэзентацыя кнігі Настассі Панкратавай «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015—2025. Выбраныя старонкі». Фота: Zhenya Merkalo

— У незалежнай прэсе шмат пішуць пра «русіфікацыю» тэатральнай сцэны Беларусі. Расіяне прыязджаюць не толькі граць ролі, але і рабіць пастаноўкі. І гэта толькі частка пазла зменаў. А што, калі казаць агулам, сёння ўяўляе сабой беларускі тэатр?

— Я заўсёды супраць тэорыі, што беларускае поле вычышчанае і там нічога няма. У Беларусі ўсё роўна застаюцца людзі, творцы, якія імкнуцца нешта рабіць. У любыя складаныя перыяды ўсё адно існавала нейкая творчая плынь. У Беларусі цяпер хутчэй адбываецца кансервацыя таго ўзроўню, на якім знаходзіцца тэатр. Пра новы крок у мастацтве казаць складана. Таму развіццё сёння ў значнай ступені адбываецца дзякуючы тым, хто выехаў за межы краіны. Яны маюць магчымасць працаваць з досведам іншых краін, спрабаваць тое, што ў Беларусі немагчыма праз пастаянны кантроль.

Але і эмігранцкі тэатр за гэтыя пяць гадоў істотна змяніўся. Спачатку было адчуванне: мы эмігранты, таму нам можна ўсё — не вучыць тэкст, выходзіць на сцэну з паперамі, працаваць без дэкарацый і рэпетыцый. Быццам нас павінны любіць толькі таму, што мы эмігранты.

Я бачу, што многія калектывы пачынаюць гэта пераадольваць. Яны выходзяць за межы «аматарскага» падыходу, цікавяцца прафесійным развіццём і шукаюць новыя формы.

Асабліва цікавы для мяне кірунак мультыкультурнага тэатра. Напрыклад, By teatr Андрэя Новіка ў Варшаве важна не проста існаваць для беларусаў, а працаваць разам з польскімі тэатрамі, шукаць кропкі судакранання. І гэта ўжо дае цікавыя вынікі.

Калі паглядзець толькі на верасень, адбываецца вельмі шмат. У Гданьску Жэня Давідзенка рыхтуе прэм’еру паводле «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага — для польскай аўдыторыі, з беларускага прачытання. Пасля прэм’еры спектакль мае ехаць на фестываль у Быдгашч. Мікіта Ільінчык працуе над спектаклем у Кракаве, у Беластоку рыхтуецца пастаноўка паводле кнігі Сашы Філіпенкі «Чырвоны крыж» у пастаноўцы Аляксандра Енджэеўскага. У Познані праходзіць фестываль «Другая спроба», які аб’ядноўвае польскіх, украінскіх і беларускіх творцаў.

Афіша фестывалю. Фота: сацсеткі Barak kultury

Ёсць і іншыя праекты: у Чыкага праходзіла чытка п’есы «Чыкага» Андрэя Курэйчыка, у Лондане рыхтуецца сцэнічная чытка ў рэжысуры Уладзіміра Шчэрбаня па п’есе беларускай драматургіні Вольгі Прусак, Ганна Хітрык са сваім тэатрам «Дом чорнай савы» едзе на гастролі на Кіпр і ў Дубай.

Мы вельмі любім скардзіцца, што ў нас усё дрэнна і нічога не адбываецца. Але адбываецца вельмі шмат. І мая кніга — у пэўным сэнсе таксама зборнік такіх надзей. Праз яе можна пабачыць, што, нават калі нейкія магчымасці закрываюцца, у нас усё роўна застаецца шмат таго, ад чаго можна расці. Мне вельмі хочацца, каб людзі не гублялі гэтую надзею і разумелі: нам ёсць да чаго імкнуцца і што ствараць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ7

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Усе навіны →
Усе навіны

Дарога дадому, якая пакуль вядзе праз фронт. У Кіева-Пячэрскай лаўры паказваюць гісторыю Палка Каліноўскага3

«Знаёмы паглядзеў на мяне як на НЛА». Якім Анджэй Пачобут пабачыў Гродна ФОТЫ6

Гродзенскі біскуп сыграў на барабанах на каталіцкім фестывалі моладзі3

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў9

Расія і Украіна абмяняліся ўдарамі па энергааб’ектах пасля слоў Трампа пра энергетычнае перамір’е9

28‑гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску за палітыку. Чаму яна прыехала з Польшчы ў Беларусь, няясна4

Анжаліка Борыс: Пачобута паўсюль прымалі як героя9

Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну6

УСУ атакавалі Растоўскую, Самарскую і Варонежскую вобласці

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ7

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць