У Генпракуратуры прапанавалі памяняць гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня»
У Генеральнай пракуратуры Беларусі прапанавалі правесці рэвізію рэгіянальнай геральдычнай сімволікі з улікам патрабаванняў дзяржаўнай ідэалогіі і заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на круглым стале, прысвечаным барацьбе з «экстрэмізмам», піша Reform.news.
Герб Магілёва на скрыжаванні вуліц Каштанавай, Крупскай і Кулібіна. Верасень 2023 года. Фота: Mogilev Online
У мерапрыемстве, арганізаваным Генпракуратурай, узялі ўдзел таксама прадстаўнікі Вярхоўнага суда, Геральдычнай рады пры Лукашэнку, КДБ, Следчага камітэта, ГУБАЗіКа, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Нацыянальнай бібліятэкі і Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Намеснік дырэктара навукова-практычнага цэнтра Генпракуратуры Алег Русецкі звярнуў увагу на гарадскую геральдыку. Выява «Пагоні», маўляў, прысутнічае на гербах некаторых беларускіх гарадоў, у тым ліку Магілёва, Лепеля, Рэчыцы і Верхнядзвінска.
Русецкі прапанаваў перагледзець сімволіку, якая, паводле яго слоў, была зацверджаная без уліку дзяржаўнай ідэалогіі. Ён заявіў, што геральдычныя знакі не з'яўляюцца проста атрыбутамі, а перадаюць пэўныя ідэі і сэнсы, уплываюць на свядомасць і паводзіны людзей.
На думку прадстаўніка Генпракуратуры, сімволіка, створаная без уліку дзяржаўнай ідэалогіі, можа спрыяць узнікненню экстрэмізму. Таму ён лічыць неабходнай яе рэвізію з улікам палажэнняў Дырэктывы Лукашэнкі № 12 аб нацыянальнай ідэалогіі.
Сакратар Геральдычнай рады пры Лукашэнку Алег Странькоўскі заявіў, што афіцыйную сімволіку нельга выкарыстоўваць у экстрэмісцкіх мэтах. Ён таксама сцвярджаў, што існуюць спробы дыскрэдытаваць дзяржаўныя сімвалы, і заклікаў да адпаведнага прававога рэагавання.
Начальніца аддзела навукова-практычнага цэнтра Генпракуратуры Алена Кароціч адзначыла той прыкры факт, што ў беларускім заканадаўстве дагэтуль няма вызначэння паняцця «прапаганда экстрэмізму». Паводле яе слоў, дакладнае размежаванне прапаганды, заклікаў і распаўсюджвання мае практычнае значэнне для вызначэння адказнасці.
Кароціч таксама прапанавала заканадаўча вызначыць статус спецыяльных фондаў, у якіх захоўваюцца матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і замацаваць сам факт існавання такіх сховішчаў.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка паведаміў, што ўстановa мае фонд закрытых дакументаў. Ён падтрымаў ідэю вызначэння яго прававога статусу і заявіў, што бібліятэка гатовая абмяркоўваць парадак захоўвання матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, і доступу да іх даследчыкаў.
Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Шведаў звярнуў увагу на неабходнасць дакладна фармуляваць склады злачынстваў, звязаных з экстрэмізмам, каб пазбегнуць неадназначнага тлумачэння закона.
Прадстаўніца навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юлія Яроцкая адзначыла, што некаторыя рэсурсы, унесеныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, могуць працягваць працу пасля змены назвы або лагатыпа. Яна прапанавала ўносіць у спіс тэлеграм-суполкі з улікам магчымых наступных зменаў іх назваў і візуальнага афармлення.
Чытайце таксама:
Жанчыне, якая арганізавала ў Мінску незалежную культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі
На дзяржаўным тэлебачанні расказалі пра маштаб палітычных рэпрэсій у Гомелі цяпер