БЕЛ Ł РУС

Працай Фрыдрыха Мерца незадаволеныя 88% немцаў

24.11.2026 / 22:09

Nashaniva.com

Паводле апытання, правядзенага даследчым інстытутам Forsa, працай федэральнага канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца незадаволеныя 88% жыхароў краіны. За тыдзень гэты паказчык вырас на два працэнтныя пункты. Станоўча дзейнасць канцлера ацанілі толькі 11% апытаных. Гэта найгоршы вынік Мерца за час яго знаходжання на пасадзе, піша Euronews.

Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo/Matthias Schrader

Незадаволенасць канцлерам распаўсюджваецца і сярод прыхільнікаў яго ўласнага палітычнага блока ХДС/ХСС. Сярод іх 60% негатыўна ацэньваюць працу Мерца, а 39% задаволеныя ёю. Сярод прыхільнікаў партнёра па кіроўнай кааліцыі — Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) — незадаволеных яшчэ больш: 86%.

У рэйтынгу партый, паводле традыцыйнага апытання пра тое, за каго б немцы прагаласавалі, калі б выбары адбыліся ў найбліжэйшую нядзелю, лідзіруе ультраправая «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) з 26%. Блок ХДС/ХСС мае 21%. Разам ХДС/ХСС і СДПГ набіраюць 34%. У параўнанні з папярэднім тыднем рэйтынгі ўсіх партый не змяніліся.

На настроі выбаршчыкаў уплывае эканамічная сітуацыя. Высокія цэны на энерганосьбіты, дыскусіі вакол пенсійнай сістэмы і неабходнасць рэформаў ствараюць дадатковыя цяжкасці для федэральнага ўрада.

Паводле апытання, 64% рэспандэнтаў чакаюць, што ў найбліжэйшыя гады эканамічнае становішча пагоршыцца. На паляпшэнне разлічваюць 17%, яшчэ 17% мяркуюць, што сітуацыя застанецца без зменаў.

Прапанававанае зніжэнне падатку на электраэнергію многія лічаць недастатковым. Нягледзячы на тое, што палёгка першапачаткова павінна мець часовы характар, 59% апытаных выступаюць за пастаяннае зніжэнне гэтага падатку.

Яшчэ адзін паказчык сведчыць пра агульны крызіс даверу да палітычных партый: 57% жыхароў Германіі не лічаць ніводную з іх здольнай лепш за астатніх справіцца з праблемамі краіны. У адказах на гэтае пытанне АдГ апярэджвае ХДС/ХСС толькі на два працэнтныя пункты.

Апытанне праводзілася з 17 па 23 лістапада 2026 года сярод 1004 чалавек. Статыстычная хібнасць складае каля трох працэнтных пунктаў.

Чытайце таксама:

«Гэтай вайны можна было пазбегнуць». Канцлер Германіі назваў памылкай рашэнне не прымаць Украіну ў НАТА ў 2008 годзе

У Берліне распрацавалі план, як ЕС працягваць падтрымку Украіны нават пасля прыходу да ўлады Ле Пэн у Францыі

«Калі ласка, без сюрпрызаў!» Мерц засцярог Трампа ад другога Анкорыджа

Мерц паставіў краінам Еўрасаюза ультыматум: Ці гарантыі фінансавай падтрымкі Украіны, ці блакаванне Германіяй супольнага бюджэту

Каментары да артыкула