БЕЛ Ł РУС

«Дык тады трэба ўсю Расію аддаць Манголіі?» Лукашэнка паразважаў пра «спрадвечна расійскія» землі Украіны

25.11.2026 / 13:32

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка паставіў пад сумнеў аргумент пра гістарычную прыналежнасць украінскіх зямель Расіі. Паводле яго логікі, з такім падыходам саму Расію можна было б аддаць Манголіі. Пры гэтым ён стаў запэўніваць, што Пуцін не адмаўляе існавання ні ўкраінскага народа, ні ўкраінскай дзяржавы, паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка, 9 кастрычніка 2026. Фота: Dmitry Astakhov, Sputnik, Government Pool Photo via AP

Разважаючы пра «гістарычную блізкасць беларусаў, расіян і ўкраінцаў», Лукашэнка заявіў, што дзяржаўнасць славянскіх народаў пайшла ад Кіеўскай Русі.

«І сёння казаць пра тое, што вось гэтыя землі расійскія спрадвеку былі… Калісьці яны былі расійскія. Дык і расійскія землі, калі глыбей паглядзець, былі калісьці мангола-татарскімі. Памятаеце? Так тады трэба ўсю Расію аддаць каму, Манголіі?» — сказаў ён.

Пасля гэтага ён выступіў у абарону расійскага кіраўніка:

«Я ніколі ад Пуціна не чуў, каб ён адмаўляў украінскі народ. Ён нават украінскую дзяржаву не адмаўляе. Гэта ўнутраная яго перакананасць. Ён, наадварот, кажа, што мы былі і будзем разам. Я таксама такой пазіцыі прытрымліваюся».

Лукашэнка дапусціў, што, разважаючы пра ўкраінскі народ, Пуцін мог агаварыцца альбо яго словы няправільна інтэрпрэтавалі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін неаднаразова паўтараў тэзіс пра гісторыю Расіі і Украіны: паводле яго, Украіны як такой няма, а ўкраінцы — гэта тыя ж рускія.

Да Лукашэнкі Пуціна гістарычным мінулым рэзанансна патроліў экс-прэзідэнт Манголіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула