БЕЛ Ł РУС

Правіцель жалезнага веку, з якім звязваюць рымскае ўварванне ў Брытанію, аказаўся жанчынай

27.11.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Новы погляд на археалагічныя знаходкі можа змяніць уяўленне пра ролю жанчын у гісторыі старажытнай Брытаніі. Адна з іх, як мяркуюць даследчыкі, магла паўплываць на рашэнне рымскага імператара аб заваяванні вострава.

Верыка каля 40 года нашай эры ва ўяўленні мастакоў. Яе вобраз спалучае традыцыйнае брытанскае ўбранне той эпохі з залатымі ўпрыгажэннямі рымскай вытворчасці і прычоскай, падобнай да той, якую насіла Лівія, жонка імператара Аўгуста. Ілюстрацыя: Miles Russell and Macsen Russell / bournemouth.ac.uk

У першай палове I стагоддзя нашай эры, яшчэ да рымскага заваявання Брытаніі, на поўдні вострава існавала некалькі племянных дзяржаў, якія падтрымлівалі цесныя сувязі з Рымам. Адной з іх кіраваў Верыка (Verica) — правіцель магутнага кельцкага племені атрэбатаў, якое займала тэрыторыю сучасных англійскіх графстваў Гэмпшыр і Заходні Сасекс.

Каля 40 года нашай эры Верыка быў пазбаўлены ўлады і ўцёк у Рым, дзе звярнуўся па дапамогу да імператара Клаўдзія. Паводле рымскага гісторыка Касія Дыёна, менавіта гэты зварот стаў галоўнай падставай для рымскага ўварвання ў Брытанію ў 43 годзе.

Высадка рымскіх войскаў на ўзбярэжжы Брытаніі ва ўяўленні мастака XIX стагоддзя. Ілюстрацыя з кнігі Cassell’s Illustrated History of England. Фота: Wikimedia Commons

Для Клаўдзія гэта была магчымасць праявіць сябе ў якасці паспяховага ваеначальніка. Як мяркуе археолаг Борнмуцкага ўніверсітэта Майлз Расел (Miles Russell), Верыка не толькі даў імператару нагоду для ўмяшання, але і мог аказаць непасрэдную дапамогу падчас ваеннай кампаніі.

Доўгі час гісторыкі не сумняваліся ў тым, што Верыка быў мужчынам. Аднак, як піша New York Post, цяпер брытанскі археолаг прапануе перагледзець гэтае ўяўленне. На яго думку, яно ў значнай ступені сфарміравалася пад уплывам патрыярхальных поглядаў даследчыкаў антычнасці XIX стагоддзя. Між тым захаваныя археалагічныя сведчанні даюць падставы для зусім іншай інтэрпрэтацыі.

Што расказалі старажытныя манеты

Адным з аргументаў на карысць новай версіі стала само імя Верыка. Яно заканчваецца на «а», як і імёны іншых вядомых правіцельніц тагачаснай Брытаніі — Картымандуі (Cartimandua), якая кіравала племем брыгантаў на тэрыторыі сучаснага Ёркшыра, і Баўдыкі (Boudica), якая ўзначальвала племя іцэнаў на тэрыторыі сучаснага Норфалка.

Апошняя ўвайшла ў гісторыю дзякуючы маштабнаму, хоць і няўдаламу паўстанню супраць рымскага панавання. Аднак Расел мяркуе, што Верыка была яшчэ больш уплывовай правіцельніцай.

Важныя сведчанні захаваліся і на манетах, выпушчаных у часы яе праўлення. На іх прысутнічае лацінскі тытул rex, які звычайна перакладаецца як «цар» або «кароль». Менавіта гэты надпіс стаў адной з прычын, чаму гісторыкі лічылі Верыку мужчынам.

Аднак, як тлумачыць археолаг, Рым прызнаваў уладу манархаў незалежна ад іх полу. Найбольш вядомым прыкладам жанчыны, якая валодала такой уладай, была егіпецкая царыца Клеапатра. Выкарыстанне ж лацінскага тытула на манетах Верыкі сведчыць, на думку даследчыка, што яна кіравала з поўнага адабрэння рымскага імператара.

Залатая манета Верыкі з выявай аголенай жанчыны-ваяра з дзідай верхам на кані і надпісамі VIR (скарочанае імя Верыкі) і REX (царскі тытул). Фота: Museums Victoria Collections

Яшчэ больш паказальнай Расел лічыць выяву самога правіцеля.

«У той час як іншыя брытанскія правіцелі жалезнага веку, якія чаканілі манеты, адлюстроўвалі на іх відавочна мужчын-ваяроў, Верыка паказаная ў выглядзе стройнай жаночай фігуры з аголенымі грудзьмі верхам на кані», — адзначае археолаг.

На думку даследчыка, гэтыя сведчанні даюць падставы ўключыць Верыку ў лік самых ранніх і найбольш значных жанчын-правіцельніц у гісторыі Брытаніі. У адрозненне ад Баўдыкі, якая праславілася барацьбой супраць рымскіх захопнікаў, Верыка магла стаць той, дзякуючы каму рымляне ўвогуле апынуліся на востраве.

Чытайце таксама:

Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком

У Польшчы знойдзены пахаванні «вампіраў» XVII стагоддзя

Не толькі мужчыны. Егіпецкія прынцэсы рэгулярна карысталіся зброяй

Каментары да артыкула