БЕЛ Ł РУС

На думку беларусаў, па-беларуску размаўляюць сапраўдныя патрыёты

2.06.2012 / 12:37

Беларуская мова — мова эліты і апазіцыі, паказала сацыялагічнае апытанне.

У сакавіку 2012 года ГКК «Будзьма беларусамі!» і лабараторыя сацыялагічных даследаванняў «Новак» правялі сацыялагічнае апытанне што да нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стаўлення да беларускай мовы, гістарычнай памяці. Гэта ўжо другое апытанне на такую тэматыку. Папярэдняе было ў 2009 годзе. Сёння кампанія «Будзьма беларусамі!» прэзентуе частку даследавання, якая датычыць стаўлення беларусаў да нацыянальнай мовы.

На думку амаль паловы беларусаў, размаўляюць па-беларуску сапраўдныя патрыёты (46,7%). З 2009 года гэтая лічба практычна не змянілася.

Аднак зрабіўся заўважным антаганізм паводле прыкметы стаўлення да мовы: з аднаго боку, удвая павялічылася колькасць тых, хто мяркуе, што людзі, якія заўжды размаўляюць па беларуску, — «эліта нацыі»: 5,5% (2009) і 10,4% (2012). З іншага боку, таксама вырасла меркаванне, што гэта «апазіцыя»:

4,2% (2009%) і 8,9% (2012).

Адначасова колькасць тых, што мяркуе, што па-беларуску гаворыць толькі вёска (стэрэатып быў створаны ў савецкія часы), практычна не вырас з 2009 года і знаходзіцца на ўзроўні 6,1%. Яшчэ 29% у прынцыпе не звяртаюць увагі га тое, якой мовай карыстаецца суразмоўца.

Трэндам апытання з’яўляецца стаўленне да беларускамоўнай рэкламы:

калі ў 2009 толькі 37% беларусаў хацелі бачыць больш рэкламы па-беларуску, то цяпер пазітыўна ацэньваюць беларускамоўную рэкламу ажно 55,6%.

Калі ж увогуле ацэньваць стаўленне беларусаў да ўжытку мовы, то можна зрабіць выснову, што беларусы пераважна пазітыўна ставяцца да выкарыстання мовы ў сям’і (51,18%), з сябрамі і калегамі (51,1%), у СМІ (55,4%), у афармленні гарадоў і вітрынаў (64,1%), у рэкламе (55,6%), у палітыцы і дзяржаўным кіраванні (50,1%).

Няма згоды ў беларусаў адносна павелічэння карыстання мовай у сферы адукацыі: 43,3% выказаліся негатыўна і хутчэй негатыўна, 47,1% — пазітыўна і хутчэй пазітыўна.

Негатыўныя ацэнкі пашырэння ўжытку беларускай мовы пераважваюць у сферы фармальных зносін, зносін чалавека і дзяржавы ці бізнэсу. Беларусы не гатовыя весці бізнэс на беларускай мове
— пераважная большасць (52,4%) выказалася негатыўна і хутчэй негатыўна і толькі 33% ацанілі пашырэнне выкарыстання мовы ў гэтай сферы пазітыўна і хутчэй пазітыўна. Прыблізна тое самае датычыць беларускай мовы ў войску — 48,4% негатыўна супраць 35,7% пазітыўна. У дзяржаўным справаводстве — 51,7% негатыўна супраць 36,5% пазітыўна.

Аднак пры ўсім гэтым 47,6% ставяцца пазітыўна і больш пазітыўна да таго, каб самім размаўляць па-беларуску, што на 7,3% больш за тых, хто ставіцца да гэтага адмоўна ці хутчэй адмоўна. Дарэчы, цалкам адмоўна да гэтага ставяцца толькі 15,5%.

Падчас апытання было зададзенае і пытанне адносна роднай мовы рэспандэнтаў, пры гэтым мы давалі магчымасць назваць некалькі моваў. У выніку 57,2% назвалі роднай мовай беларускаю, а 78,7% — рускую. Атрымліваецца, што 35% (57+78 = 135%) беларусаў маюць дзве родныя мовы.

Дзяржаўная палітыка ў сферы папулярызацыі беларускай мовы таксама дэманструе «эфектыўнасць»: за два гады, што прайшлі паміж апытаннямі, веданне мовы беларусамі значна пагоршылася. Усё болей рэспандэнтаў заяўляюць, што ведаюць мову «пасрэдна», «дрэнна» і «вельмі дрэнна».

Калі ў 2009 годзе 51% апытаных лічылі, што ведаюць мову «добра» і «вельмі добра», дык сёлета такіх аказалася толькі 40%.

Як і мінулым разам, дадзеныя апытання гэтага года сведчаць пра супярэчнасць паміж валоданнем беларускай мовай і яе выкарыстаннем. Паводле сведчанняў рэспандэнтаў, 23,4% з іх (у 2009 было 34,2%) свабодна валодаюць беларускай мовай, але пастаянна карыстаюцца ёю толькі 3,9% (было 5,8%).

У нефармальнай абстаноўцы, у сям’і беларускую мову выкарыстоўваюць часцей, але з фармалізацыяй моўнай сітуацыі або ў сітуацыі камунікавання з незнаёмцамі шанцаў, што ва ўжытку будзе беларуская мова, застаецца ўсё менш. Такім чынам, практычнае выкарыстанне беларускай мовы лакалізуецца, замыкаецца ў вузкім коле «сваіх», што вядзе да ўжывання абмежаванага набору моўных рэсурсаў.

Асноўная прычына, з якой рэспандэнты не ўжываюць беларускую мову, з іх словаў, — не дрэннае валоданне ёю, а «адсутнасць беларускамоўнага асяроддзя». Гэтую прычыну называюць 46,5% апытаных супраць 31,1%, якія лічаць прычынаю ўласны недастатковы ўзровень валодання моваю.

Табліца дэманструе, што беларусы гатовыя да пасіўнага валодання мовай (глядзець фільмы па-беларуску і г.д.), «за» выступае 36,1% рэспандэнтаў. Калі ж гаворка ідзе пра сферы, дзе патрэбнае актыўнае валоданне мовай (уменне гаварыць, пісаць), як, напрыклад, пры карыстанні мовай на працы, «за» выступае толькі 18,2% апытаных. Такім чынам, выснова, што беларусы гатовыя да «беларусізацыі», не выглядае надуманай: няхай і ў «пасіўнай» для нашых суграмадзянаў форме, але яна можа праводзіцца.

Яшчэ адным фактам, які пацвярджае гэтую выснову, ёсць тое, што 42,9% рэспандэнтаў не задаволеныя працай дзяржавы па папулярызацыі і развіцці беларускай мовы. Толькі 14,8% беларусаў лічыць, што робіцца цалкам дастаткова, 34,8% — хутчэй дастаткова.

Лічба ў 42,9% сведчыць пра даволі нізкую, крытычную ацэнку ролі дзяржавы ў папулярызацыі мовы.

Трэба заўважыць, што нягледзячы на ўсе негатыўныя тэндэнцыі, дастаткова вялікая колькасць тых, хто хоча мець магчымасць карыстацца беларускай мовай на працы і ў грамадскіх месцах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула