Грамадства66

Беларуску не пусцілі ў Грузію, хоць яна там жыве і працуе больш за год. Што рабіць?

Таксама ёй адмовілі ў падачы на ўцякацтва. «Наша Ніва» разбіралася, з якой нагоды вас могуць не ўпусціць у Грузію і што рабіць у такой сітуацыі.

У чат «Беларусы Батумі» напісала жанчына, якая расказала, што ёй адмовілі на ўездзе ў Грузію падчас «візарану».

Рэч у тым, што беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі год без візы, але каб застацца там надалей, яны мусяць выехаць з краіны, каб «абнуліць» тэрмін — і вярнуцца ў яе. Для тых, хто жыве ў Батумі, прасцей рабіць гэта на турэцка-грузінскай мяжы, да якой можна даехаць за паўгадзіны.

Жанчына паведаміла, што ёй адмовілі без тлумачэння прычын, нягледзячы на тое, што ў Грузіі ў яе аформленае ІП і яна плаціць падаткі, жыве там амаль год, а таксама мае дамову на жыллё. Прычынаў адмовы ёй не патлумачылі.

Тады яна вырашыла падацца на ўцякацтва ў Грузіі, але ёй адмовілі і вывелі пад канвоем на турэцкі бок. Жанчына не разлічвала на такі расклад і не ўзяла з сабой ні рэчаў, ні грузінскай банкаўскай карткі.

Сітуацыю «Нашай Ніве» пракаментаваў праваабаронца і намеснік старшыні арганізацыі Беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісляк:

«Большасць беларусаў, якія жывуць у Грузіі, ніяк не легалізуюцца, а цягам года проста робяць «візаран» і вяртаюцца туды.

Сітуацыя такая, што нават калі ў краіну не трэба віза, то ўрад ці памежная паліцыя маюць права вам адмовіць ва ўездзе без тлумачэння прычынаў.

Пакуль што такія выпадкі ў Грузіі нячастыя. Агульная колькасць нам невядомая, але такіх выпадкаў, калі людзі звярталіся да нас, было некалькі. Пакуль што ўсіх актывістаў, акрамя заснавальніка арганізацыі Беларускай дыяспары Аджарыі Яўгена Гацака, удалося адстаяць.

Такія абвастрэнні адбываюцца кожны раз, калі адбываецца ціск на грамадзянскую супольнасць Грузіі. Цяпер я мяркую, што гэта звязана з грузінскім законам пра «замежных агентаў».

Дзяўчына, параненая падчас пратэстаў супраць закона аб «замежных агентах». Фото: AP Photo / Zurab Tsertsvadze

Прасіць статус уцекача — гэта і спосаб легалізацыі, і шлях, які можа дапамагчы абысці забарону на ўезд. У такім выпадку памежнікі мусяць пачаць гэтую працэдуру разгляду заявы на ўцякацтва.

Тэарэтычна яны мусілі пусціць беларуску ў краіну і дазволіць пачаць працэдуру ўцякацтва, але гэтага не адбылося. Яе проста вывелі на турэцкі бок, і цяпер мы спрабуем уключыць прававыя механізмы, каб яе адстаяць.

Калі ў Грузію не пусцілі Яўгена Гацака, адбылася такая ж сітуацыя, і, на жаль, нічога не дапамагло. Ён мусіў застацца ў Турцыі і чакаць там шэнгенскую візу.

З красавіка 2019 года ў Грузіі спрабавалі атрымаць статус уцекача каля 50 чалавек, але ніводзін не змог. Такі прэцэдэнт ёсць, напрыклад, у Арменіі, але ў Грузіі пакуль што іх няма.

Чытайце таксама: Ніякіх Турцыі, Арменіі і Казахстана. У якія краіны не варта ехаць, калі баіцеся затрымання і экстрадыцыі

Трэці спосаб легалізацыі — гэта атрымаць часовы дазвол на жыхарства ў Грузіі. Праўда, на жаль, гэта можа не дапамагчы, бо ДНЖ вельмі лёгка анулюецца.

Такая палітыка грузінскіх уладаў прыводзіць да таго, што людзі, асабліва актывісты ды журналісты, даволі масава выязджаюць з Грузіі. Бо жыць пад пагрозай, што ты згубіш свой дом, свой быт і сваю працу ў любы момант — гэта цяжка.

Калі вы ў Грузіі і збіраецеся рабіць «візаран», то варта падрыхтавацца. Зарадзіце вашу тэхніку, вазьміце з сабой паўэрбэнк і нейкую суму грошай.

У крызіснай сітуацыі я раю пісаць у чаты беларусаў Грузіі — гэта «Беларусы Батумі» і «Беларусы ў Грузіі». Там напэўна будуць людзі, якія звядуць вас з праваабаронцамі. Бо нам дапамагаюць і грузінскія арганізацыі. Прынамсі пакуль што грузінскія праваабарончыя механізмы працуюць.

Асобна зазначу, што калі вы вырашылі прасіць статус уцекача, то важна гэта нейкім чынам зафіксаваць — гукам або відэа. Бо здараюцца сітуацыі, калі памежнікі кажуць, што вы не звярталіся па такі статус, і ў вас не будзе магчымасці гэта абвергнуць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Экспат у Грузіі
    29.05.2024
    Наколькі я чуў, такія выпадкі здараюцца толькі на сухапутных пераходах. Тых, хто робіць візаран на самалёце, пускаюць заўсёды. Прынамсі, навін што кагосці так не пусцілі я не чуў.
  • Фэйспалм
    29.05.2024
    Ніколі не разумеў людзей, якія гадамі сядзяць у Грузіі. Гэта дакладна не краіна для жыцця, а толькі магчымасць без візы ўцячы з Беларусі. А там ужо трэба рабіць усе намаганні, каб цягам года зваліць у Еўропу ці Штаты, калі абставіны дазваляюць
  • пакуль што...
    29.05.2024
    Экспат у Грузіі, але ў любы момант могуць і на самалёце не ўпусціць. бо што перашкаджае?

Цяпер чытаюць

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты4

Крышціяну Раналду пачне выпускаць мінералку

«Дзякуй за ўсё, Ліндсі!» Зяленскі ўспомніў добрым словам памерлага амерыканскага сенатара3

Еўрапейскія краіны адпрацуюць на вучэннях перакіданне міратворчых сіл ва Украіну1

Назвалі рэальны тэрмін будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС5

Рэчыцкая пенсіянерка завяла раман з акцёрам Меншыкавым і ўляцела на 3 тысячы рублёў. Добра, што больш не мела12

Камандуючы НАТА не гаварыў пра ўдары па Беларусі ў выпадку нападу Расіі з яе тэрыторыі. Гэта агучвалася ў ранейшай стратэгіі15

Што зменіцца для беларусаў пасля падпісання новага міграцыйнага пагаднення з Расіяй2

10 000 км за тры тыдні. Беларусы адправіліся ў Турцыю на аўто: што ўбачылі і колькі патрацілі?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць