«Загадалі раздзецца і ўключылі відэарэгістратары». Беларуска расказала пра новую практыку надглядаў на мяжы
Апошнім часам на беларуска-польскай мяжы пачасціліся выпадкі, калі да допытаў КДБ, якія ўжо сталі звычайнай практыкай, дадаецца яшчэ і асабісты надгляд з раздзяваннем. Пра адзін з такіх выпадкаў MOST расказала беларуска Марыя (імя зменена).

Практыка надглядаў, у тым ліку з раздзяваннем, існавала і раней. Звычайна мытнікі выкарыстоўвалі яе, калі ўзнікалі падазрэнні, што падарожнік можа перавозіць наркотыкі або забароненыя прадметы.
Цяпер жа яе прымяненне асобна распаўсюджваецца на тых, каго выклікаюць на гутаркі з супрацоўнікамі КДБ.
Марыя часта ездзіць з Беларусі ў Польшчу і назад. Да допытаў на мяжы жанчына ўжо прызвычаілася — кажа, адпаведны кабінет стаў абавязковым пунктам падчас вяртання ў Беларусь. Супрацоўнікі звычайна распытваюць пра мэту паездкі, праглядаюць тэлефон, могуць затрымаць на гадзіну-другую. Але падчас апошняй паездкі да стараннага дагляду машыны, рэнтгену і гутаркі з супрацоўнікамі КДБ дадалося яшчэ і раздзяванне.
«Ну ўсё, зараз паедзеш у турму»
Спачатку машыну беларускі загналі ў спецыяльны бокс. Там папрасілі выгрузіць усе рэчы — усё старанна агледзелі, падымалі нават дыванкі. А потым жанчыну адвялі «на гутарку».
— Спачатку ў мяне папрасілі тэлефон. Зрабілі там выбарку па лайках. Я нават не ведала, што так можна. Здавалася, усё даўно пачысціла ў тэлефоне. А яны знайшлі лайкі за 2020 год. І кажуць мне: «Ну ўсё, зараз паедзеш у турму», — расказвае Марыя.
Паводле яе слоў, уся гутарка была пабудаваная так, каб запалохаць яе і пастаянна трымаць у напружанні. Некалькі разоў паўтаралі, што выклічуць машыну, каб перавезці яе ў ІЧУ або РАУС.
— Было адчуванне, што ім важна ўвесь час трымаць мяне ў напружанні. Потым адзін з іх дадаў: «Цяпер яшчэ каментары праверым. Калі знойдзем, то дакладна сядзеш», — успамінае жанчына.
Каментароў не знайшлі, але само чаканне, пакуль супрацоўнікі іх правяралі, паводле яе слоў, ужо вымотвала.
Пасля допыту машыну адправілі на рэнтген, а да Марыі падышла супрацоўніца мытні і сказала, што яна павінна прайсці за ёй. У перадпакоі было яшчэ некалькі жанчын — мяркуючы па ўсім, у той дзень даглядалі не толькі яе.
— Мяне адвялі ў нейкі пусты пакой. Там былі дзве супрацоўніцы мытні — як я зразумела, панятыя. Прапанавалі зачытаць мне мае правы, а потым сказалі, што цяпер я павінна буду раздзецца. Уключылі відэарэгістратары. У мяне склалася ўражанне, што самім панятым гэтая працэдура непрыемная.
Раздзеўшыся да ніжняй бялізны, Марыя стаяла перад трыма супрацоўніцамі і камерамі, пакуль яе даглядалі. Пасля ёй дазволілі адзецца. Дагляд доўжыўся нядоўга, успамінае жанчына.
«Абыходзяцца як з апошняй злачынкай»
Марыя кажа, што ў той момант не адчувала ні страху, ні хвалявання.
— Мне было вельмі непрыемна ад таго, што я бездапаможная перад гэтай сістэмай. Столькі часу прайшло, а яны працягваюць тэрарызаваць уласны народ. Вы перамаглі? Так перамаглі, што ніяк супакоіцца не могуць.
Увесь гэты час, пакуль ішлі допыт, рэнтген і, нарэшце, раздзяванне, у машыне заставаліся дзеці. На пункце пропуску суразмоўца правяла амаль сем гадзін.
— Я часта і раней ездзіла праз мяжу, і шмат. Заўсёды мытнікі былі ветлівымі, культурнымі. А калі бачылі дзяцей, то стараліся хутчэй усё праверыць. Цяпер — суцэльная агрэсія, абыходзяцца з табой як з апошняй злачынкай, — кажа Марыя.
Каментары
наадварот - згубілі давер і легітымнасць
і ўсё гэты будзе ў падручніках гісторыі
ну-ну.. невиновных там НЕТ. давно.