«Для нас 8 сакавіка пачынаецца яшчэ летам». Гродзенцы проста ў сваёй хаце вырасцілі 15 тысяч цюльпанаў
Вось ужо больш за 10 гадоў Ірына і Дзмітрый ствараюць свята для жыхарак Гродна. Цюльпаны для букетаў вырошчваюцца ў сямейнай аранжарэі, размешчанай у адным з раёнаў прыватнай забудовы горада, піша Newgrodno.by.

На календары яшчэ зіма, але ў тых, хто займаецца кветкамі, пачынаецца самая гарачая пара. Падрыхтоўка ўжо выйшла на фінішную прамую, а напярэдадні свята увогуле пачнуцца бяссонныя ночы. Ірына знайшла час, каб раскрыць сакрэты вырошчвання галоўнага атрыбуту 8 сакавіка.
«Калі глядзець збоку, то падаецца, што нічога складанага ў гэтым няма. Пасадзіў цыбуліны, сабраў ураджай, пералічыў прыбытак і адпачываеш», — па ўсмешцы Ірыны можна зразумець, што на справе ўсё куды складаней.
Сустрэліся з ёй проста ў сямейнай аранжарэі. Тут кветкі вырошчваюць не ў цяпліцы, а проста ў хаце!


Для гэтых мэтаў прыстасавалі адзін з самых вялікіх пакояў на другім паверсе. Раней гэтае памяшканне з вокнамі практычна па коле выкарыстоўвалі для вялікіх сямейных святаў, а большую частку года плошчы проста пуставалі.


«Цюльпанамі займаюцца бацькі Дзімы. Таму нельга сказаць, што мы ўвайшлі ў сферу зусім ужо без вопыту. Хоць і нам давялося прайсці свой шлях спробаў і памылак», — прызнаецца Ірына.
Яна расказвае, што для большасці людзей падрыхтоўка да 8 сакавіка пачынаецца звычайна ў канцы лютага. Хтосьці задумваецца пра падарунак сваёй палавінцы, іншыя пачынаюць вывучаць, дзе набыць букет.
«А для нас 8 сакавіка пачынаецца за шмат месяцаў да свята. Яшчэ ў красавіку вызначаемся з сартамі на наступны сезон. Заказваем іх у пастаўшчыка. Улетку закупляем цыбуліны. Перад пасадкай іх трэба правільна астудзіць: у нас у ролі рэфрыжэратара выступае склеп», — расказвае Ірына.
Дарэчы, прафесіяналы выкарыстоўваюць цыбуліны цюльпанаў толькі адзін раз. На другі год не ўсе з іх здольныя даць кветкі, таму і насенны матэрыял абнаўляецца штогод.

У кастрычніку-лістападзе пачынаецца «пасяўная». Ёсць, дарэчы, некалькі варыянтаў вырошчвання цюльпанаў. У цяпліцах часцяком выкарыстоўваецца гідрапоніка, а вось Ірына і Дзмітрый высаджваюць цыбуліны ў спецыяльны грунт: гэта сумесь торфу і пяску. Дарэчы, да свайго «рэцэпту» грунту прыйшлі за некалькі гадоў.
«Гэта вельмі працаёмкі працэс. Уявіце, тут звыш 200 скрынак, у кожнай па 70 цыбулін, кожную з якіх трэба пасадзіць уручную. На ўсё ідзе некалькі дзён», — расказвае гаспадыня кветніка.

І далей пачынаецца карпатлівы догляд за кветкамі. Ім трэба забяспечыць і правільную тэмпературу, і паліў, і асвятленне. Цюльпаны ў гэтым плане капрызныя. Спачатку скрынкі з кветкамі вытрымліваюць пры 8-9 градусах, затым плаўна павышаюць тэмпературу. Варта трохі перагрэць ці, наадварот, недагрэць, і ўсе работы могуць быць марнымі…



І чым бліжэй да свята, тым больш увагі патрабуюць кветкі. За пару тыдняў да 8 сакавіка пачынаецца самая гарачая пара: за гэты час больш за 15 000 цюльпанаў трэба акуратна зрэзаць, расфасаваць, спакаваць згодна з заяўкамі і заказамі. Апошнія суткі перад святамі дакладна будуць бяссоннымі. Інакш проста не паспееш усё зрабіць.
Аптавікі заказваюць у сярэднім па 1000 цюльпанаў. Як паказвае практыка, менавіта столькі можна прадаць з аднаго пункту ў горадзе за перадсвяточныя дні і само свята.



«А вось людзі звычайна заказваюць ці па адной кветцы, напрыклад, павіншаваць калег па працы ці аднакласніц, альбо невялікія букецікі па 3-5 кветак. Хоць у мінулым годзе адзін хлопец папрасіў сабраць для дзяўчыны букет са 105 цюльпанаў!», — успамінае Ірына.
Яна прызнаецца, што складаней за ўсё было спакаваць кветкі.
«Мы ніколі не адразаем вялікі ліст ад сцябла. Лічым, што з ім кветка выглядае больш натуральна, хоць аб'ём букета ў гэтым выпадку сур'ёзна павялічваецца. Для эканоміі месца некаторыя так робяць, хоць кліенты, у тым ліку і аптавікі, усё часцей патрабуюць, каб кветкі былі з вялікім лістом», — працягвае гаспадыня.



Яна прыгадвае яшчэ адзін важны нюанс. Літаральна за год да свята трэба прадбачыць, якія колеры будуць у топе пераваг у купцоў. Колер цюльпана залежыць ад яго сорту. Сёлета ў сямейнай аранжарэі вырасцілі 15 розных сартоў.
«Попыт застаецца на класічныя, чырвоныя або ружовыя цюльпаны, а таксама на двухколерныя варыянты. А вось некалькі гадоў таму быў сапраўдны бум жоўтых цюльпанаў. За імі «палявалі» літаральна ўсё», — падкрэслівае Ірына.
Згадалі і пра яшчэ адну сітуацыю. У 2023 годзе ў Гродне здарыўся цюльпанны дэфіцыт. Да сярэдзіны дня 8 сакавіка ў горадзе разабралі ці ледзь не ўсе кветкі. Да рэдкіх пунктаў, дзе яшчэ былі цюльпаны, выстройваліся велізарныя чэргі, часам справа ледзь не да бойкі даходзіла…


«Тады я выключыла тэлефон. Ён проста разрываўся ад просьбаў прадаць хоць нешта. Некаторыя гатовыя былі выкласці любыя грошы за букецік… З той сітуацыі зрабілі высновы ўсе, таму ўжо ў мінулым годзе кветкі закуплялі з запасам», — успамінае Ірына.
І сёлета, упэўненая яна, кветак хопіць усім. А што па цане?
«Арыентуемся, што сярэдні кошт у розніцу складзе 3,5 рубля. Хтосьці скажа, што гэта дорага. Але, з іншага боку, варта ўлічваць, колькі працы ўкладзена ў кожную кветку», — кажа гаспадыня.


Дарэчы, у гэтым годзе ўплыў на цану могуць аказаць і змененыя правілы па продажы кветак. Напрыклад, фізічныя асобы могуць рэалізоўваць толькі тыя цюльпаны, якія вырасцілі самастойна. І правяраюць гэта даволі сур'ёзна.

Берасцеец вырасціў 3 000 цюльпанаў у вельмі незвычайным месцы
«Упаў на калені і заплакаў». Уклаў у цяпліцу з цюльпанамі больш за 400 тысяч рублёў, а яна згарэла за адну ноч
Пад Петрыкавам вырасцілі першыя цюльпаны «элітных галандскіх сартоў»
«Лепш жэрці цюльпаны буду». Фермеры, якія вырошчваюць кветкі, бурна абмяркоўваюць новыя ўмовы працы
Цяпер чытаюць
Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі
Каментары