Гэта прышчэпка можа выратаваць жанчын ад аднаго з відаў раку. Усё, што трэба ведаць пра вакцынацыю ад віруса папіломы чалавека
З кастрычніка ў Беларусі стартавала абавязковая вакцынацыя дзяўчынак, старэйшых за 11 гадоў, супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) — ён выклікае рак шыйкі маткі. Прышчэпку можна будзе зрабіць бясплатна. Каму яна неабходная? Якія вакцыны ёсць? Ці рабіць прышчэпку платна, калі жанчыне больш за 25 гадоў? Гінеколаг Станіслаў Салавей адказаў «Нашай Ніве» на самыя папулярныя пытанні пра вакцынацыю ад ВПЧ.

Што такое вірус папіломы чалавека (ВПЧ), як ён перадаецца і чым небяспечны?
Гэта адна з самых распаўсюджаных інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Выкарыстанне прэзерватыва прадухіляе, але не абараняе ад віруса, бо ён перадаецца праз кантакт са скурай або слізістымі.
У гэтага віруса больш за 100 тыпаў. З іх каля 18 — высокаанкагенныя, яны могуць прывесці да развіцця анкалагічных захворванняў. Сярод іх рак шыйкі маткі — самае небяспечнае наступства інфекцыі (у 99% выпадкаў рак шыйкі маткі выклікаецца менавіта ВПЧ). Таксама вынікам доўгатэрміновага інфікавання вірусам могуць быць рак вульвы, похвы, гартані, ротаглоткі (вірус перадаецца не толькі праз вагінальны, але і праз аральны сэкс), кандыломы (дабраякасныя, але непрыемныя наватворы на палавых органах), папіломы (вузельчыкі на скуры ці слізістых).
Штогод у Беларусі каля тысячы жанчын захворвае на рак шыйкі маткі. Большасць трапляе да дактароў на ранняй стадыі, калі рак яшчэ не паспеў прарасці ў глыбіню тканкі.
Пакуль не існуе лекаў, якія б цалкам вылечвалі ВПЧ-інфекцыю. Але ёсць спосабы лячэння наступстваў: выдаленне кандылом, лячэнне перадракавых станаў шыйкі маткі, у тым ліку і хірургічнае ўмяшанне. І самае галоўнае — прафілактыка праз вакцынацыю.
Ці перадаецца ВПЧ не палавым шляхам?
Каб інфекцыя развілася, вірус павінен трапіць менавіта на слізістыя. Ён не перадаецца праз басейны, паверхні туалета ці ручнікі. ВПЧ — нетыповая інфекцыя для кантактна-бытавога заражэння, як, скажам, грып або герпес. Асноўны шлях — палавы і кантакт скуры да скуры ў інтымнай зоне.

Якія ёсць сімптомы ВПЧ?
Сімптомаў няма, таму гэты вірус і небяспечны.
«Нічога можа не турбаваць нават да трэцяй стадыі раку шыйкі маткі. У некаторых жанчын могуць з’яўляцца крывяністыя выдзяленні падчас сэксу, і гэта звычайна небяспечная прыкмета (хаця можа быць і ў рамках нормы). Да таго ж у нас няма ў жанчын звычкі хадзіць рэгулярна да гінеколага», — тлумачыць Станіслаў Салавей.
Чаму прышчэпка ад ВПЧ толькі цяпер стала абавязковай у Беларусі
Па словах медыка, ідэя ўвесці вакцыну ад ВПЧ у Нацыянальны каляндар прышчэпак узнімалася не раз, але сутыкалася з цэлым комплексам перашкод. У Беларусі было няпроста зрабіць прышчэпку нават платна.
«Уявіце, што вы ўладальніца завода, які выпускае дзесяць мільёнаў вакцын штогод. Да вас прыходзяць набываць Вялікабрытанія ці, умоўна, Кітай, бяруць тры мільёны. А Беларусь хоча, напрыклад, некалькі тысяч купіць. Канечне, перавагу будуць аддаваць вялікім замоўнікам. У гэтых кампаній заказы распісаны на некалькі гадоў наперад і ўціснуць невялікую партыю вельмі складана. Гэта не той аб'ём, каб яны хацелі гэтым займацца. У гэтым сэнсе Беларусь адстала недзе на 20 гадоў у параўнанні з пачаткам вакцынацыі ў іншых краінах», — тлумачыць доктар.
У якім узросце варта рабіць прышчэпку?
Першасная мэтавая група для вакцынацыі — гэта дзяўчынкі ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў. Гэтай групе робяць дзве прышчэпкі. Старэйшым жанчынам (да 45 гадоў) робяць тры прышчэпкі.
«Калі вакцыну зрабіць у 11—12 гадоў, то рызыка захварэць на рак шыйкі маткі зніжаецца амаль на 87%. Гэта лічбы, пацверджаныя буйнымі міжнароднымі даследаваннямі. Эфектыўнасць у старэйшым узросце зніжаецца — імунная сістэма ўжо па-іншаму рэагуе, але гэта не значыць, што прышчэпку не трэба рабіць.
Абавязкова рабіце, нават калі абароненасць будзе 10‑15%, то гэта ўжо шмат.
Зразумела, што жанчыне, якой 60 гадоў, рабіць прышчэпку няма сэнсу, бо вельмі малаімаверна, што яна сустрэне гэты вірус і ў яе вірус справакуе рак, але ва ўсіх іншых узростах абавязкова раю рабіць», — кажа спецыяліст.

Важна адзначыць, што вакцынацыя супраць ВПЧ не замяняе рэгулярных скрынінгавых абследаванняў на рак шыйкі маткі. Нават пасля вакцынацыі жанчынам рэкамендуецца праходзіць медыцынскія агляды для ранняга выяўлення магчымых паталогій.
Якія вакцыны ёсць і чым яны адрозніваюцца?
У Беларусі Мінздароўя забяспечыла пастаўку вакцыны Cecolin (цэкалін). Гэта кітайская рэкамбінантная бівалентная вакцына, вырабленая з ачышчаных вірусападобных часціц ВПЧ тыпаў 16 і 18.
Найбольш вядомыя ж амерыканская і бельгійская вакцыны. Gardasil 4 (ЗША) — абараняе ад 4 самых агрэсіўных тыпаў ВПЧ, Gardasil 9 (ЗША) — ахоплівае 9, Cervarix (Бельгія) — абараняе ад 2 тыпаў.
Станіслаў Салавей раіць рабіць любую з гэтых прышчэпак, якая ёсць у наяўнасці ў краіне, галоўнае — поўны курс вакцынацыі, бо нават калі будзе кантакт з тым тыпам віруса ад якога не прышчапіліся, усё роўна будзе эфект.
Як доўга дзейнічае вакцына?
Курс вакцынацыі ад ВПЧ робіцца адзін раз на ўсё жыццё.
Ці трэба рабіць прышчэпку хлопцам?
Хаця ВПЧ часта звязваюць з ракам шыйкі маткі, вірус папіломы чалавека можа выклікаць і шэраг сур'ёзных захворванняў у мужчын: рак анальнага канала, рак ротаглоткі (горла, паднябення, языка), рак палавога члена, генітальныя барадаўкі (кандыломы).
Акрамя таго, хлопцы могуць перадаваць вірус сваім партнёркам, што павышае рызыку развіцця анкалагічных захворванняў у жанчын.
Ці варта рабіць прышчэпку, калі ўжо заразіўся вірусам папіломы чалавека?
Калі чалавек заразіўся адным тыпам ВПЧ, вакцына зможа абараніць яго ад іншых, больш небяспечных або дадатковых, тлумачыць Станіслаў Салавей. Ці павысіць верагоднасць поўнай гібелі віруса.
Зараз гэта вывучаецца. «Мы даем вакцыну ад віруса папіломы чалавека жанчынам, хворым на рак шыйкі маткі, гэта ўплывае на зніжэнне рызыкі рэцыдываў і многае іншае», — кажа ён.
Вакцына таксама прадухіляе паўторную інфекцыю і зніжае рызыку рэцыдыву пасля хірургічнага лячэння перадракавых станаў, а таксама дапамагае ў фарміраванні калектыўнага імунітэту.
Якія ёсць пабочныя наступствы ад вакцыны?
Магчыма алергія. Але гэта не аргумент адмаўляцца ад вакцыны, лічыць Салавей.
«Сапраўдныя супрацьпаказанні адзінкавыя, яны вельмі рэдкія», — тлумачыць ён.
Ці можна цяжарным рабіць прышчэпку ад ВПЧ?
Вакцына не з’яўляецца тэрміновай падчас цяжарнасці. Паколькі яна не лечыць ужо наяўную інфекцыю і прызначана для прафілактыкі, няма крытычнай неабходнасці ўводзіць яе падчас цяжарнасці. Але калі яна была выпадкова зроблена падчас цяжарнасці, нічога кепскага не здарыцца. Ідэальна — зрабіць прышчэпку да наступлення цяжарнасці. Калі жанчына атрымала адну дозу і даведалася пра цяжарнасць — рэшту доз варта адкласці на пасляродавы перыяд.
Якая верагоднасць таго, што цяжарная жанчына можа заразіць вірусам ВПЧ дзіця?
Магчымасць перадачы ВПЧ ад маці да дзіцяці падчас цяжарнасці або родаў існуе, але яна зусім нізкая. Заражэнне магчыма падчас родаў, калі дзіця праходзіць праз родавыя шляхі маці, інфікаваныя ВПЧ, рэдка — праз плацэнту або каляплодныя воды.
Каментары