Паводле даных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, на долю Lada прыходзіцца 26% продажаў новых аўто афіцыйнымі дылерамі. Пацікавіліся ў былых і цяперашніх уласнікаў пра іх уражанні ад аўто расійскай маркі.

Беларусы любяць універсалы
Самая папулярная Lada на беларускім рынку — Vesta. І гэта хіба адзіны аўтамабіль бюджэтнага сегменту, дасяжны ў кузаве ўніверсал, што для многіх і паслужыла галоўнай прычынай пры выбары гэтага аўто.
Рынак б/у аўто пацвярджае, што менавіта ўніверсалы Lada карыстаюцца найбольшым попытам. З 500 прададзеных Lada Vesta і Vesta Cross 350 машын маюць кузаў універсал.
Суразмоўца, які ў 2021 годзе набыў сабе Lada Vesta SW Cross, згадвае, што тады гэта быў вельмі папулярны аўтамабіль, які даволі цікава выглядаў, меў высокі клірэнс і, самае галоўнае, быў даступны ва ўніверсале.
«Для паездак па горадзе, на рыбу і на дачу самае тое», — кажа мужчына. Чатыры гады таму ён набыў новую Lada па цане каля $18 тысяч па тагачасным курсе.
«Машыну купляў не ў крэдыт, а за наяўныя. Я тады атрымаў спадчыну, прадаў свой Peugeot 406 універсал за тры тысячы, даклаў і набыў сабе новы аўтамабіль, бо не хацелася пастаянна калупацца ў машыне», — расказвае суразмоўца.
Мужчына кажа, што ў цэлым сваім выбарам задаволены, паколькі за чатыры гады і крыху больш за 60 тысяч прабегу аўтамабіль не даставіў яму асаблівых турбот.
«У мяне версія яшчэ з рухавіком 1,6 літра ад Renault (да вайны на шэраг мадэляў Lada ўсталёўвалі рухавікі Renault — НН), ён лічыцца вельмі надзейным.
Акрамя стандартнага абслугоўвання, у машыне нічога не зламалася. Адзінае, што непрыемна здзівіла, дык гэта тое, што заднія тармазныя барабаны ідуць разам з падшыпнікамі. Давялося мяняць недзе з год таму. Дэталі разам з работай пацягнулі каля $350», — кажа суразмоўца.
Сярод мінусаў ён вылучае неабходнасць рабіць антыкаразійную апрацоўку, каб знізіць рызыку з'яўлення іржы, а таксама нізкі ўзровень шумаізаляцыі. Замяняць аўто ён пакуль не збіраецца, бо па яго словах, выбару асабліва няма.
«Седаны мяне не цікавяць, таму альтэрнатывы няма, хоць з улікам вельмі добрага стану аўто і малога прабегу, думаю, магу прадаць яе недзе за $14 тысяч. Але, напрыклад, купляць рэстайлінгавую Vesta не бачу сэнсу, бо там ужо ВАЗаўскі рухавік і шмат іншых дэталяў, якія былі заменены праз санкцыі, а мая старая Vesta — гэта яшчэ шмат у чым Renault», — кажа аўтамабіліст.
Новая машына за $7500?
Іншы суразмоўца быў уласнікам Lada Granta, якая з'яўляецца самай даступнай у лінейцы аўтавытворцы.
У 2019‑м новая Granta ў камплектацыі Comfort+ (у якой быў бартавы камп'ютар, кандыцыянер, ABS і адна падушка бяспекі) каштавала каля $8500.
«Пры куплі дакрэдытоўваўся на большую частку сумы, хоць гэта і была спачатку самая танная машына на рынку», — кажа аўтааматар.
Мужчына адзначае, што з улікам таго, што ў 2020‑м беларускі рубель пачаў прасядаць, то ў нейкі момант новыя Granta ў пераліку на даляры каштавалі ўсяго каля $7500.
Тым не менш нізкая цана аўто адчувалася на кожным кроку.
«У аўтамабіля проста жахлівыя тармазы. Прыблізна да сярэдзіны націску на педаль машына практычна не тармозіць. Падумаў, што нешта не так, але высветлілася, што гэта такая асаблівасць у гэтай мадэлі, да якой проста трэба прызвычаіцца. Гэта было няпроста і непрыемна, бо пасля сядаеш на нармальнае аўто, па звычцы моцна ціснеш на тормаз — і ў выніку ледзь не вылятаеш у лабавое шкло», — кажа былы ўласнік Granta.
Таксама мужчына адзначыў, што ў аўтамабіля жахлівая шумаізаляцыя, ніякая кіраванасць і вельмі нязручны задні рад сядзенняў. Былі нараканні і на працу каробкі перадач.
«Каробка працавала вельмі шумна, але, як высветлілася на сэрвісе, гэта яшчэ адна «асаблівасць», так і трэба. Палазіўшы па форумах, знайшоў параду заліць адмысловую прысадку, паспрабаваў — і стала працаваць крыху цішэй. Шумаізаляцыю таксама давялося дадаваць, бо ехаць па трасе было невыносна».
Ніводнага элемента без карозіі
Стойкасць да карозіі ў Granta таксама не на самым высокім узроўні. Па словах былога ўласніка, першыя праявы пачалі з'яўляцца пасля першай зімы, гэта значыць, калі машыне было ўсяго паўгода.

«Праз два гады эксплуатацыі на машыне не засталося ніводнага элемента, на якім не было б «рыжыкаў». І гэта пры тым, што пасля куплі я рабіў дадатковы антыкор».
У выніку ў пачатку 2022 года мужчына прадаў аўто пасля аварыі.
«Я быў пацярпелым у ДТЗ, таму мне налічылі страхоўку. Рамантаваць аўто не было і думкі, таму я прадаў яго ў аварыйным стане. Па машыну прыехаў нейкі таксіст, якому была патрэбна танная машына з малым прабегам. Я за два з капейкамі гады наездзіў на ёй усяго 27 тысяч. Пакупнік сказаў, што сам усё адрамантуе, пафарбуе з балончыка, усталюе газ і адправіць аўто ў працу».

Былы ўласнік Granta кажа, што адзіны плюс гэтага аўто — нізкая цана.
«Апроч цаны, плюсаў няма ніякіх. Але з часам і гэты плюс знік, бо калі гадоў пяць таму мая Granta каштавала $8500, то цяпер аўто ў аналагічнай камплектацыі будзе каштаваць каля $12 тысяч».
Мужчына дадае, што калі няма грошай на нармальнае новае аўто, то лепей узяць патрыманае, чым новую Lada.
Як Lada паказала сябе ў таксі?
Іншы суразмоўца, які мае невялікі аўтапарк таксі, пра аўтамабілі маркі Lada адгукаецца выключна негатыўна.
«У перыяд дэфіцыту новых аўто пасля 2022‑га набыў новую Vesta 1,8 на аўтамаце, бо адна з машын разбілася ў ДТЗ. Да гэтага Lada ў маім аўтапарку не было, а толькі VW Polo і Skoda Rapid», — кажа мужчына.
З яго слоў, аўтаматычная каробка перадач выйшла з ладу ўсяго на 16 тысячах прабегу.
«Пасля рамонту каробкі перадач машына праехала ўсяго каля 10 тысяч — і зноў зламалася. У прамежку паміж рамонтамі былі пытанні па электроніцы. Атрымлівалася, што машына больш стаіць у рамонце, чым ездзіць», — скардзіцца суразмоўца.

Б/у аўто можа быць больш надзейным за новае?
Пасля чарговага рамонту АКПП мужчына вырашыў прадаць машыну, бо для працы ў таксі крытычна важна, каб машына ламалася як можна менш.
«Я для таго і купляў новыя машыны, каб яны працавалі, а не пастаянна былі на сэрвісе. Такія прастоі нявыгадныя ні мне, ні кіроўцам».
Калегі, якія маюць Lada Vesta ў аўтапарку, патлумачылі мужчыну, што Vesta стала праблемнай пасля таго, як Renault перастаў супрацоўнічаць з АўтаВАЗам.
«Маўляў, старыя Lada Vesta, дзе стаяў рухавік ад Renault, былі куды больш надзейныя, а вось абноўленую версію, дзе ўсё ладаўскае, лепш не браць», — тлумачыць мужчына.
Цяпер для працы ён працягвае набываць толькі VW Polo і Skoda Rapid. Абедзве мадэлі да 2022 года выпускалі ў Расіі.
«Новых іх даўно няма, таму зараз даводзіцца паляваць на машыны апошніх гадоў выпуску, якія былі не ў таксі ці на фірмах, а ў прыватных уласнікаў, якія за год наязджалі да 10‑15 тысяч кіламетраў. Такіх варыянтаў няшмат, і просяць за іх, як правіла, нямала, але лепш набыць б/у VW Polo ці Skoda Rapid з малым прабегам, чым новую Lada ці нейкага «кітайца».
У гэтых машын вельмі вялікі рэсурс, яны за шмат гадоў добра зарэкамендавалі сябе ў таксі, чаго не скажаш пра Lada».
Каментары
Всё равно по лайну ездить ))