Грамадства2929

Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам

У кола найвышэйшай беларускай наменклатуры пралез чарговы сын лейтэнанта Шміта. У дарэпрэсійныя часы фізіяномія Мсціслава Мекты не злазіла з дошкі «Іх шукае міліцыя», а сёння ззяе са старонак БелТА і «СБ». Функцыянер ЛДПБ, палітычны каментатар, патрыёт, выхавацель, без пяці хвілін чыноўнік, рэцыдывіст. Выдаючы сябе за ветэрана спецназа, крымінальнік Мекта братаецца з Карпянковым. Маючы дзевяць класаў адукацыі, паступае на ідэолага ў магістратуру Акадэміі кіравання. Расказваем пра чалавека неардынарных талентаў, які вылез у людзі з самага дна. 

Калі чыноўнікаў і рознага роду актывістаў лукашызму прыціснула разнарадкай ісці прапаведаваць у сацсеткі, беларускі сегмент фэйсбука, інстаграма і трэдсаў стаў новым месцам для выслужвання.

Хор даўніх крыкуноў «за Лукашэнку» разбавілі і новыя галасы, для якіх выпячванне сваёй лаяльнасці — магчымасць падняцца ў сістэме або нават уліцца ў яе. 

Вэб-ударнік Мсціслаў Мекта прадукуе больш «патрыятычнага» кантэнту, чым пара ідэалагічных райаддзелаў. І паціху пралазіць у школы, вайсковыя часці і СМІ. Фота: Facebook.com

На аднаго з энерджайзераў апошняй катэгорыі і звярнула ўвагу «Наша Ніва». Мсціслаў Мекта генеруе сотні «адабрам-с» пастоў у месяц на розных платформах: вось я са сцягам, вось я з аўтаматам, вось я прыклад для школьнікаў, вось я чытаю даклад у Цэнтрвыбаркаме, вось я заклікаю беларусаў «любіць радзіму і паважаць Прэзідэнта».

Не будучы да таго нічым і нікому вядомым, Мекта выкладвае сяброўскія фота з такімі людзьмі і ў такіх абставінах, у якія звычайнаму чалавеку не трапіць: міністры, генералы, паслы ўсходніх дэспатый, вучэнні спецназа, форумы бяспекі, «блатныя» суботнікі.

Прадстаўляецца Мекта ардэнаносным функцыянерам паўлічэнкаўскай асацыяцыі ветэранаў спецназу «Гонар» («Честь»), членам Цэнтральнага камітэта гайдукевіцкай партыі ЛДПБ і старшынёй яе Савецкай раённай арганізацыі па Мінску, а таксама магістрантам Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія».

Прыгожае развітальнае фота пасла Се Сяоюна. Фота: Facebook.com

І ўсё гэта праўда — у Мекты ёсць пасведчанні і таго, і таго, і сапраўдная студэнцкая кніжка таксама. Толькі ёсць і нюанс.

Бескампрамісны «законнік» Мікалай Карпянкоў моцна цісне руку махляру ў форме ўнутраных войскаў, якімі сам жа Карпянкоў і кіруе. Фота: Facebook.com

Узыходзячая зорка прапаганды ніколі не служыла ў спецназе, а з’яўляецца мінімум тройчы судзімым крымінальнікам з 9 класамі адукацыі. Афіцыйныя падрабязнасці яго захапляльнай біяграфіі з базаў даных «Нашай Ніве» падаў Belpol.

Мсціслаў Мекта з міністрам прыродных рэсурсаў Сяргеем Масляком на «міністэрскім» суботніку. Фота: Facebook.com

З гразі ў князі

Мсціслаў Мекта нарадзіўся ў Мінску ў 1985 годзе ў сям’і кіроўцы і прыбіральшчыцы. Скончыў дзевяць класаў школы №67, адукацыю працягваць не стаў, у войску не служыў. Мяркуючы па звестках з базы даных, лічыўся намінальным дырэктарам у прыватных арганізацыях, якія на гэты момант ліквідаваныя. Пазней пайшоў па крымінальнай лініі. 

Мсціслаў Мекта ў маладосці. Да 2020‑х кантэнт ягоных сацсетак у асноўным складалі рэпосты з блатных і пацанскіх цытатнікаў. Фота: OK.ru

Першы раз Мекту судзілі ў 2007 годзе па ч.1 і ч.2 артыкула 209 (махлярства і махлярства паўторна) і ч.1 артыкула 431 (дача хабару). Прысуд ліберальны — два з паловай гады хатняй хіміі.

Станам на сярэдзіну 2021 года ў базе «Белпола» ёсць 39 запісаў аб абмежаванні выезду з Беларусі, накладзеных на Мекту.

Выезд абмяжоўваюць у выпадках, калі чалавек знаходзіцца пад следствам, пад падпіскай аб нявыездзе, знаходзіцца ў СІЗА, у аператыўнай распрацоўцы, пад прэвентыўным наглядам, мае нясплочаныя даўгі і гэтак далей. 

Два разы Мекту абвяшчалі ў вышук. Падрабязнасці гэтых спраў мы не ведаем праз няпоўнасць базы. 

Але форумы аўтамабілістаў памятаюць Мекту як чалавека, які ў 2015‑м годзе «прадаваў» неіснуючыя рухавікі, беручы перадаплату наперад, а потым сцвярджаючы, што рухавік нібыта захрас на мытні. Грошы Мекта не вяртаў, праз форум шукалі іншых пацярпелых для напісання калектыўнай заявы аб махлярстве.

Фота: drive2.ru

У 2019 годзе Мекта атрымаў два гады калоніі-пасялення з забаронай на пяць гадоў кіраваць машынай. Гісторыя была гучная — бяспраўнік на «Аўдзі» імчаўся па праспекце Дзяржынскага на хуткасці 137 км/г. Палёт быў перарваны бетонным уваходам у станцыю метро «Грушаўка».

 

Яго дзяўчына — і будучая жонка — Ангеліна Казлова атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, але прасіла не караць жаніха. Маўляў, спазнялася на маршрутку, таму сама прыспешвала гоншчыка.

Аварыя Мекты. Фота: Onliner.by

Мекта прабыў за кратамі нядоўга. Адзін год з'ела амністыя, а там прапанавалі і ўмоўна-датэрміновае.

У канцы 2020‑га Мекту зноў злавілі за рулём і судзілі яшчэ раз. Абышлося вялікім штрафам, але забарону на атрыманне правоў працягнулі да лютага 2025 года.

Ці прытрымліваўся ён забароны на кіраванне? Ды не, пляваў на закон. Са свайго тэлеграм-акаўнта Мекта актыўнічаў у чатах механікаў, спрабуючы разабрацца, чаму яго машына кепска едзе.

Скрыншот выгружанага архіва паведамленняў карыстальніка @Mstyslau [id418239210]

Апроч крымінальных прыгод, біяграфія Мекты ўяўляе сабой цёмную пляму. 

Напачатку 2020‑х ён, імаверна, гандляваў усім запар на рынку, таму што ягоны тэлефонны нумар (гэта мы праверылі праз спецыяльныя сэрвісы) падпісаны ў іншых людзей як «Мсціслаў Мяса», «Сала Слава Зел Луг», «Слава Рынак», «Запчасткі Мінск», «Выкуп грузавіка», «Прадуктовая крама».

Прадуктовая крама на Мележа ў Мінску, якую рэкламаваў Мекта ў тэлеграм-чатах. Фота: Вайбер

У 2021‑м годзе Мекта забіваў эфір рэкламай прадуктовай крамы ў раённых чатах Мінска. Праўда, іншыя ўдзельнікі чатаў заклікалі забаніць спамера, «таму што ў гэтай краме перапрадаюцца тавары са «Святлафора» з чатырохразовай нацэнкай». Мекта крыўдзіўся і прапаноўваў аддаць памяшканне разумнікам, каб яны там адкрывалі што хочуць, хоць памяшканне было не ягонае, а ў арэндзе.

Чым ён яшчэ займаўся да 2023 года — даты, калі з’явіўся ў атачэнні Гайдукевіча-малодшага — вядома слаба. Такім чынам, дарога Мекты «ва ўладу» незразумелая, але факт у тым, што трамплінам для прайдзісвета стала ЛДПБ. 

Вясной 2023 года Мсціслаў завёў чыстыя сацыяльныя старонкі ў фэйсбуку і інстаграме. 

Першай публікацыяй стала сэлфі на фоне чырвона-зялёнага сцяга, другой — лагатып ЛДПБ, трэцяй — групавое фота са з’езда партыі. 

Дэбютнае «палітычнае» фота Мекты. Фота: Facebook

Як аднапартыец Гайдукевіча Мекта наблатыкаўся на VIP-мерапрыемствах, куды хадзіў у кампаніі начальніка.

Аляксандр Шпакоўскі сямейнічае з актывістамі на нейкім з рэжымных прыёмаў. Прынамсі двое на фота судзімыя. Фота: Facebook.com

І ўрэшце стаў на правераны і надзейны патрыятычны трэк. 

«Дзеці вайны». Мерапрыемства ў бабруйскім дзіцячым лагеры «Арляня». Судзімыя (абодва) актывісты ЛДПБ вучаць дзяцей гістарычнай памяці. Фота: Facebook.com

Мекта не прапускаў ніводнай памятнай даты, уплішчваўся ў дэлегацыі па ўскладанні кветак і пераняў эстэтыку — зусім як дарослы ябацька начапіў на лацкан значак з чырвона-зялёным сцягам (раней такія дазвалялі насіць толькі функцыянерам або дэпутатам з сенатарамі). 

Мсціслаў Мекта ў складзе дэлегацыі трэцяга эшалона ўлады, першы злева, у адным шэрагу з Вольгай Чамаданавай. Фота: Скрыншот Youtube

Мсціслаў на хаду навучаўся канцылярскаму рэгістру і ўрэшце пачаў афармляць ім свае допісы, кшталту: «У рамках фестываля «Свята лёну» 28‑29 чэрвеня ў Мінску ў Верхнім горадзе праходзяць паказы мод, прысвечаныя льняной тэматыцы. Мерапрыемства заклікана папулярызаваць нацыянальныя традыцыі і дэманстраваць перспектывы выкарыстання лёну ў розных сферах, уключаючы лёгкую прамысловасць і мастацкія промыслы […]»

Спраўляецца Мекта яўна не без чужой дапамогі, бо яго ўласныя паведамленні ў тэлеграм-чатах стракацяць граматычнымі і лагічнымі памылкамі.

Рэцыдывіст Мекта па ўсёй бачнасці «прафілактуе» нейкага грамадзяніна разам з міліцыяй у складзе камісіі па беспрацоўі. Фота: Facebook.com

За год плённага нэтворкінгу Мекта знайшоў сабе новага патрона — сумнавядомага Дзмітрыя Паўлічэнку, экс-начальніка в/ч 3214, з чыім імем звязваюць забойствы апанентаў Лукашэнкі ў 90‑х — 2000-х.

Паўлічэнка прыняў Мекту ў шэрагі ветэранскай арганізацыі спецназаўцаў «Гонар» («Честь»). 

Мсціслаў Мекта і Дзмітрый Паўлічэнка, адно з многіх сумесных фота. Фота: Facebook.com

З гэтага моманту Мекта абгарнуўся кіцелем спецназаўца ўнутраных войскаў і ў новым амплуа ўзяў пазыўны — «Дэпутат». 

Як баец «Дэпутат» гэты сын лейтэнанта Шміта стаў удзельнічаць у зборах вайскоўцаў запасу ўнутраных войскаў і атрымаў у рукі зброю, што ў сітуацыі Мекты супярэчыць не толькі здароваму сэнсу, але і беларускаму заканадаўству.

Судзімы Мекта, які ніколі не служыў у войску, у бардова-белай цяльняшцы і ў кепцы ўнутраных войскаў на зборах для ветэранаў. Фота: Facebook.coom

Вытрымка з закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», артыкул 31:

«Прызыву на тэрміновую вайсковую службу, вайсковую службу афіцэраў па прызыве, службу ў рэзерве не падлягаюць грамадзяне:

— якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчых установах; […]».

Але ў краіне не да законаў, і рэцыдывіст нават атрымаў грамату ад начальніка часці 3214, палкоўніка Дзмітрыя Мікшы. 

Паўлічэнка выпісаў выдатніку медаль «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». 

Паралельна з гэтым Мекта стаў даверанай асобай Гайдукевіча-малодшага на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года, а таксама старшынёй каардынацыйнай рады ЛДБП па Савецкім раёне Мінска. 

І аказаўся экспертам-каментатарам для «СБ» і БелТА па пытаннях выканання законнасці на выбарах. 

«За час датэрміновага галасавання нашымі назіральнікамі не зафіксавана ніякіх парушэнняў», — запэўніваў рэцыдывіст са старонак БелТА. 

Узлёт у палітычныя каментатары і функцыянеры ЛДПБ паўплываў і на «вайсковую» кар'еру ашуканца.

У чэрвені 2025 года Мекта павысіў сябе да малодшага сяржанта і прыляпіў на правы бок грудзей знак «За самаадданую службу» ІІ ступені. 

Малодшы сяржант запасу ўнутраных войскаў Мсціслаў Мекта летам 2025-га. Адметнасці фота дадае факт, што нагрудны значок «За самаадданую службу II ступені» ён мог атрымаць толькі з рук Карпянкова, бо такі закон. А мог наляпіць і сам. Такія нядорага прадаюцца на барахолках. Фота: Facebook.com

Вытрымка з палажэння аб нагрудным значку ўнутраных войскаў МУС «За самаадданую службу»:

1) […] узнагароджваюцца вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС за:

— смеласць і рашучасць, высокі прафесіяналізм пры выкананні задач, ускладзеных на ўнутраныя войскі, у тым ліку пры забеспячэнні прававых рэжымаў контртэрарыстычнай аперацыі, надзвычайным і ваенным становішчы; 

— рацыяналізатарскія прапановы і ўкараненне асабліва каштоўных вынаходніцтваў у дзейнасці ўнутраных войскаў; 

— высокія паказчыкі ў баявой (прафесійнай) падрыхтоўцы і вайсковай (службовай) дысцыпліне; 

— высокія вынікі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў унутраных войскаў і органаў унутраных спраў.

[…] Парадак прадстаўлення да ўзнагароджвання нагрудным знакам ІІ ступені вызначаецца намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі.

[…] узнагароджванне нагрудным знакам ІІ ступені робіцца загадам камандуючага ўнутранымі войскамі.

[…] нагрудны знак і пасведчанне да яго ўручаюцца камандуючым унутранымі войскамі або іншымі асобамі па яго даручэнні асабіста ўганараванаму ва ўрачыстай абстаноўцы. 

І кар'ера Мсціслава толькі разганяецца. 

Восенню 2025 года Мекта стаў слухачом паўтарагадовых курсаў перападрыхтоўкі кіраўнічых кадраў у Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія». 

Мсціслаў ходзіць на пары як на работу ў выканкам — пры пінжаку і гальштуку. Фота: Facebook.com

Як яму гэта ўдалося — яшчэ адна загадка. Дзякуючы Belpol мы маем апошні крымінальны прысуд, вынесены Мекту ў пачатку 2021 года. Там у даведачнай інфармацыі пра абвінавачанага сказана, што яго адукацыя — базавая (9 класаў). 

Для перападрыхтоўкі трэба быць бакалаўрам — у снежні 2024‑га Мекта хваліўся заканчэннем дыстанцыйнага аддзялення Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Паводле беларускага заканадаўства, чалавек з базавай адукацыяй ва ўніверсітэт паступіць не можа — патрабуецца сярэдняя або сярэдне-спецыяльная, але атрыманне сярэдне-спецыяльнай пасля базавай займае тры гады.

Такім чынам, Мекта з 2021 года невытлумачальным спосабам скараціў сваю акадэмічную дарогу і яшчэ праз год у тэорыі зможа атрымаць прызначэнне ў дзяржаўныя структуры.

Апошняе, чым пахваліўся наш герой у сацыяльных сетках — гэта наведванне базы АМАПа і ўступленне ў грамадскае аб’яднанне «Чорныя берэты». Цяпер ён яшчэ і ветэран АМАПа. 

Хто ведае, куды спрыяльныя часы занясуць гэтага безумоўна адоранага прайдзісвета ў будучыні. 

@nashanivanews Неверагодная гісторыя беларускага злачынца, які прыкінуўся патрыётам #патриот #беларусь #белорус #лукашенко #минсксейчас ♬ Naughty, evil, dubious and comical songs(1264665) - MATSU

Гісторыя аднаго з яго папярэднікаў, іншага сына лейтэнанта Шміта — Сяргея Заслаўскага-Аўтуховіча, — скончылася сумна. Яго адправілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. 

Чытайце таксама: 

Ябацька лейтэнанта Шміта. Шматразова судзімы рэцыдывіст выдаў сябе за ветэрана спецназа і дарос да міністэрскага ўзроўню РАССЛЕДАВАННЕ

«Ябацька лейтэнанта Шміта», які вадзіў за нос міліцыю і Саўмін, трапіў у СІЗА

Эталоннага ябацьку прызналі неадэкватным і збіраюцца лячыць

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары29

  • Стыдно і больно
    15.11.2025
    Вы пра якую "ўладу" пішаце, хоць хтосьці ў рэдакцыі мае сумленне? Відавочна, што ён ірвецца да СВАІХ! Трэба так і пісаць: "Сын лейтэнанта Шміта ўз'ядноўваецца з бацькам-генераліссімусам Лукашэнкам"
  • ...
    15.11.2025
    очэнь странна
  • Ян
    15.11.2025
    Гаўно заўсёды ўсплывае наверх у такія карычневыя часы.

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Шры-ланкійцы паламалі статыстыку віцебскай міліцыі сваёй несанкцыянаванай масавай акцыяй на 300 чалавек3

«Сказалі «нам пох*й» і павезлі». Беларусаў выклікаюць на вайсковыя зборы, у сацсетках — абурэнне44

У Рэйхстагу праз сродак для чысткі спрацавала сігналізацыя

У Ельску загінула 12‑гадовая дзяўчынка — яна прымала ванну з тэлефонам14

Зноў ідзе пацяпленне, маразоў да канца зімы не чакаецца

Стала вядома, дзеля чаго Лукашэнка не паехаў да Трампа на Саміт міру ў Вашынгтон30

Дзе адзначыць Дзень роднай мовы: падзеі ў Беларусі і замежжы8

Бацькі прыехалі наведаць дзіця ў санаторый, але іх не пусцілі. Скончылася выклікам міліцыі12

Пасля вяртання з Польшчы арыштавалі сузаснавальніцу стартапа GlobalTips. Ёй далі тры гады калоніі за дапамогу палітвязням12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт36

Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць