Меркаванні1111

«Антыдэпрэсант, які павінны прапісваць у рэцэптах спецыялісты». Што новае можна вычытаць у коласаўскай «Новай зямлі»

Людзі ездзяць у Тыбет, каб знайсці сябе, а маглі б прачытаць «Новую зямлю». Новае прачытанне паэмы Коласа — як удар маланкай, піша журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Гэта ніякі не твор пра сялян. Гэта ўніверсальная рэч пра «пошук Грааля». Давайце прачытаем яго як твор пра людзей на фрылансе, найманых рабочых, офісны планктон, выпаленых працай супрацоўнікаў карпарацый, людзей з крызісам сярэдняга ўзросту:

«Бо людзі кажуць: «Хлеб служачы
Не надта добры хлеб — сабачы!» 

Жывуць людзі ў паэме, мараць шмат што змяніць, магчыма пра ўласную справу, працу на сябе, як цяпер — пра іпатэку, хуткую сплату і пасля, маўляў, зажыву. Але не паспяваюць.

«Новая зямля» — пра тых, хто шукае ў жыцці спакой, ідылію, але не можа знайсці. Абсалютную большасць з нас. 

Розныя народы прыдумляюць цэлыя філасофіі: датчане Hygge і Lykke, фіны Sisu, шведы Lagom, японцы 侘び寂び (Wabi-sabi). А беларуская, як па мне, запісаная ў «Новай зямлі». Праслухаў амаль 8 гадін аўдыёкнігі.

Тэкст Коласа — тэрапеўтычны. Гэта антыдэпрэсант, які павінны прапісваць у рэцэптах спецыялісты. 

Дзівосна, што гэтым разам я ўспрыняў твор зусім інакш, чым у школе ці прачытаўшы яго раз гадоў з 15 таму. Мой настаўнік белмовы называў «Новую зямлю» энцыклапедыяй беларускага жыцця. Ён сам быў з Мікалаеўшчыны і прыходзіўся Коласу далёкім сваяком.

Усё гэта праўда, «Новая зямля» — геніяльны нацыянальны эпас. Але не толькі. Твор нібыта аўтабіяграфічны, пра сям’ю Коласа, бацьку-лясніка, які працаваў на Радзівілаў і марыў пра ўласную зямлю. І памёр, так і не рэалізаваўшы сваю мару. Перад смерцю Міхал (бацька Коласа) кажа брату:

«— Aнтocькa!.. poдны мoй! кaнaю… 
Пepaгapэў, aдcтaў, знiкaю… 
Bядзi ж ты pэй, вядзi… aдзiн… 
Бoг нe cyдзiў мнe бaчыць вoлi 
I кiдaць зepнi ў cвae poлi… 
Зямля… зямля… тyды, тyды, бpaт, 
Бyдyй яe… ты дaй ёй выгляд…»

У герояў Коласа гэтая мара ў сваёй зямлі, бо яна гарантыя свабоды ад пана, каб не гнуць ні перад кім карак. Але тагачасны HR, аддзел кадраў лясніцтва, кідае сям’ю Міхала туды-сюды. А ён марыць пра свой кавалак зямлі, а не бясконцы рост па прафесійнай лесвіцы, новыя пасады. Ён хоча, каб праца была адразу пры хаце, як толькі выйдзеш на ганак. Каб за ляском была рэчка, каб усё сваё і каб ніхто да цябе не чапляўся.

Героі мараць пра біяпрадукцыю, сваю капусту, агуркі, каб усё вырошчваць самім. Бы тыя айцішнікі, што мараць пераехаць з гарадоў у вёскі. У горадзе героям паэмы няўтульна, яны хочуць бліжэй да натуры, у сваю схованку. Натура для Коласа гэта ключ ідыліі. Жыццё побач з ёй дае яго героям шчасце. 

Найбольшы спакой героям дае прырода. Таму Колас так смачна пра яе піша. Японцы аформілі цэлую філасофію назірання за галінкамі, адчуванне ветру на скуры. Людзі добрыя, Колас гэта ўсё апісаў сто год таму.

«Бывала, ўлетку, ў час рабочы
Не раз там чуўся крык вясёлы:
— Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы!
На вішні селі каля плоту! —
Мужчыны кідалі работу,
Касьбу над рэчкай за кустамі,
І беглі шыбка, каб часамі
На лес дзе пчолкі не зляцелі,
Дык іх там пільненька глядзелі».

Гэта ж чыстая медытацыя. Мужыкі кідалі косы і беглі слухаць пчолаў, а не скроліць смартфон. Натура для Коласа гэта ключ ідыліі. Жыццё побач з ёй дае яго героям шчасце. 

Але таксама і штодзённыя рытуалы (сумесныя сняданкі, абеды), ежа (апісанне яе проста фантастычае), блізкія людзі (сям’я, сябры), хобі (рыбалка), падарожжы (дзядзька ў Вільні) і рэлігія (вельмі асабістае стаўленне да Бога). У горадзе героям няўтульна, яны хочуць бліжэй да натуры, у сваю схованку. Для іх Хюге — гэта лясок, плот са збанамі, цабэрчыкі ў падпаветцы, дрэўцы ў двары, крынічка за хатай. Гэта дае ім пачуццё сэнсу.

І асабліва мяне ўразіла, як людзі ў паэме ставяцца адзін да другога з павагай. «Новая зямля» — рай для эмпатаў. Дзеці сядзяць з бацькамі за сталом, дзядзька Антось гаворыць з імі як з дарослымі. Усе дбаюць адзін пра другога. Няма абыякавасці. Практычна нуль таксічнасці. 

У школе нас вучылі, што галоўнае пасланне паэмы ў гэтых радках:

«Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!»

Насамрэч, гэта ўніверсальны твор пра кожнае пакаленне беларусаў. Ён значыць больш чым проста пра кавалак зямлі. Гэта твор пра пошук месца, дзе табе добра.

«Панскія путы» — не проста бюракратыя. Я б сказаў, што гэта любыя абмежаванні, якія не даюць пражыць жыццё так як хочацца. Са сваімі людзьмі. З прыродай, якая дае табе адчуванне дзэну. З заняткамі, якія цябе захопліваць. Гэта не толькі пра месца, але і стан духу, калі адчуваеш, што гэта менавіта тое, дзе хочацца зрабіць апошні ўздых.

Каментары11

  • увы
    19.04.2026
    Слышал, что существует некая авторская версия этой поэмы, содержащая отрывки, исключённые цензурой и/или самоцензурой. Правда ли это? Если да, существует ли она в онлайн виде?
  • Найперш не галасі!
    19.04.2026
    Дзьмітрый, о Божа!
    Якія к чорту хюге-лагом, калі ўвесь твор барацьба за выжыванне? Калі дзяцей з пяці гадоў запрагаюць ў аглоблі бясконцай сялянсксй працы?
    Калі замест школы адпраўляюць на паўгады парабкам ў чужую далёкую гаспадарку? "Тры рублі даюць за лета І халацік новы" (5 рублёў каштавала не надта добрая карова, аклад дробнага чыноўніка 34 руб/месяц. Параўнайце з халацікам і зп за летні сезон).
    Дзмітрый, пчоламі не любавацца беглі, а лавіць іх. Лавіць рой. Кідай ўсё і бяжы лезь на вішню.
    І такое "хюге" бясконцае - не паспеў зрабіць адно, як кідайся рабіць іншае. А пачытайце ў "Новай зямлі" пра жаночае "хюге". Дакладна не памятаю, але прыкладна "і праца , што канца не мае І толькі рукі адрывае".

    Дык пра што гэты твор?
    Можа лубок пра хюге?
    А пра тое, што сялянства скончылася. Метафізічны, экзістэнцыйны Селянін (Міхал) памёр. Ягоныя мары не спраўдзіліся. Памёр, пакінуўшы жонцы з плоймай дзяцей бездаходную запушчаную зямлю і яшчэ на шыю банкаўскі крэдыт.

    Засталіся толькі ўспаміны:
    " Вось як цяпер, перада мною
    Устае куточак той прыгожа:
    Крынічкі вуженькае ложа
    І елка ў пары з хваіною.... "
    "Новая зямля" пра неабходны, хай і балючы выбар. Выбар раміж старой паоадыгмай заеладзенай ў Сярэдняаечча і новай эпохай.
    Дзьмітрый, прачытайце яшчэ раз раздзел "Дзядзька ўВільні". Колас гумарыст, гэты цывілізацыйны разлом прапускае праз камічнае, але ў кантэксце ўсёй паэмы смех тут горкі.

    Дык што прапануе Колас?
    Прапануе ладзіць новае жыццё, шукаць сваю Новую Зямлю : "на новы лад, Каб жыць нанова."
    Тут не пра хюгге.
    Тут "На ростанях", бо вакол "Дрыгва".
    А паводле Мележа "Людзі на балоце". Там ўжо пад бальшавікамі яшчэ большае і хюгге і лагом.
  • Найперш не галасі!
    19.04.2026
    ., насамрэч паэма-развітанне.
    Развітанне з мінулым перад няпэўнасцю будучыні.
    І гэта было мэйнмтрымам таго часу. Узгадайце Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне", "Дзве душы", апавяданне маладога Зарэцкага "Надзея"..
    "Стаім мы перад будучыняй нашай
    І ўсё варожым сочым ейны ход.... (с) Багдановіч.
    Янка Купалы "Паўлінка", "Тутэйшыя"...
    А яшчэ раней Дунін-Марцінкевіч "Пінская шляхта" і Э. Ажэшка "Хам", "Раманіха".
    Зоуь самым пеошвм і піарочым адбышся Міцкевіч са сваім рпзвіьальным раманам "Пан Тадэвуш".
    І так ад Міцкевіча да Пімена Панчанкі, Куляшова, Танка - праблема выбару эпохі, развітання і вернасці сабе.
    Хюгге толькі ў дзіцячых ўспамінах - так сабе хюгге.

Цяпер чытаюць

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы48

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Ці трэба плаціць падатак за катоў? Беларуска распавяла пра нечаканы візіт міліцыі13

Для каго сабраліся будаваць велізарны вантавы мост у Мінску?4

Даследаванні ДНК паказваюць, што першая польская дынастыя Пястаў таксама была прышлай. Як Рурыкавічы ды Гедымінавічы21

Праз атаку беспілотнікаў зноў гарыць НПЗ у Туапсэ11

Трамп выказаў незадавальненне прапановай Ірана па завяршэнні вайны1

Былая палітзняволеная Наталля Падлеўская, высланая з Польшчы, атрымала прытулак у Літве

Працяг гісторыі з чатырохгадовай дзяўчынкай з Гродна, якая згубілася. Усіх дзяцей забралі з сям'і3

У Калінкавічы неспадзявана прыляцеў чорны бусел ВІДЭА

Меланія Трамп захапілася пчалярствам і пашырае пчальнік Белага дома2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы48

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць