План прадугледжвае пашырэнне прыватнай уласнасці на нерухомасць, стварэнне прыватных банкаў, пераўтварэнне часткі дзяржаўных прадпрыемстваў у камерцыйныя кампаніі з долевым удзелам і змякчэнне абмежаванняў для прыватнага бізнэсу. Па словах уладаў, яны хочуць выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці сацыялістычнай сістэмы.

Усё гэта вельмі нагадвае пачатак гарбачоўскай «перабудовы» ў СССР. У чацвер, 18 чэрвеня, падчас трэцяй пазачарговай сесіі Нацыянальнай асамблеі народнай улады, якая прайшла ў Палацы канвенцый у Гаване, дэпутаты аднагалосна ўхвалілі план эканамічных рэформ. Перад гэтым дакумент быў падтрыманы пазачарговым пленумам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы.
План уключае 176 мер, аб'яднаных у 23 асноўныя кірункі. Як паведамляе CubaHeadlines, прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель падкрэсліў, што ўлады не выракаюцца сацыялізму. Паводле яго слоў, прапанаваныя меры павінны дапамагчы краіне адолець тое, што сам урад называе самым складаным выпрабаваннем з часоў «Асаблівага перыяду» 1990‑х гадоў.

У сваю чаргу, прэм'ер-міністр краіны Мануэль Марэра Крус адзначыў, што будучыя змены адпавядаюць логіцы далейшага развіцця сацыялізму. Пры гэтым рынак ён назваў «інструментам эфектыўнага размеркавання рэсурсаў».
«Абнаўленне эканамічнай і сацыяльнай мадэлі мае галоўную мэту — паляпшэнне якасці жыцця нашых суайчыннікаў», — заявіў прэм'ер-міністр.
Абгрунтоўваючы неабходнасць пераўтварэнняў, Марэра прывёў словы Фідэля Кастра, сказаныя падчас эканамічнага крызісу 1990‑х гадоў: «Жыццё, рэальнасць, драматычная сітуацыя, якую перажывае свет, прымушаюць нас рабіць тое, чаго ў іншых умовах мы ні за што не рабілі б».
Паводле слоў прэм'ер-міністра, кубінскі ўрад разгледзеў 390 прапаноў адносна эканамічных і сацыяльных рэформаў. У выніку ў канчатковы дакумент і дадатковыя рэкамендацыі Палітбюро было ўключана 66,7% прапаноў.
Змест новых рэформаў на Кубе
Як паведамляюць СМІ, пакет рэформ прадугледжвае пераўтварэнне часткі дзяржаўных прадпрыемстваў у камерцыйныя кампаніі з акцыямі і долямі ўдзелу, допуск прыватнага і замежнага капіталу ў новыя сферы эканомікі, стварэнне прыватных банкаў пад дзяржаўным кантролем, а таксама пашырэнне магчымасцяў для прыватнага прадпрымальніцтва.
Адно з найбольш прыкметных новаўвядзенняў датычыцца рынку нерухомасці. Улады маюць намер дазволіць продаж дзяржаўных аб'ектаў як кубінскім, так і замежным фізічным і юрыдычным асобам, у тым ліку грамадзянам Кубы, якія жывуць за мяжой. Гэта сур'ёзны паварот для краіны, дзе дзяржава дзесяцігоддзямі захоўвала кантроль над зямлёй і значнай часткай эканомікі.

Кубінскім прадпрымальнікам упершыню дазволяць наймаць больш за сто супрацоўнікаў і валодаць некалькімі прыватнымі кампаніямі адначасова. Прыватны сектар зможа працаваць у большай колькасці галін, а прамыя замежныя інвестыцыі ў прыватны бізнэс будуць рэгулявацца асобнымі нормамі, якія вызначаць пытанні ўласнасці, вырашэння спрэчак і вываду прыбытку.
У сельскай гаспадарцы фермеры атрымаюць доступ да замежнай валюты і права наўпрост імпартаваць сыравіну без удзелу дзяржаўных пасярэднікаў. Змены закрануць і замежны гандаль: скасуюць патрабаванне ажыццяўляць імпартна-экспартныя аперацыі выключна праз дзяржаўныя кампаніі.
Для стымулявання ўнутранай вытворчасці ўводзяцца тарыфныя льготы на імпарт сыравіны, а лагістычныя ланцужкі будуць перабудоўвацца з разлікам на павелічэнне экспарту.
У фінансавай сферы ўлады абвясцілі пра стварэнне прыватных валютных біржаў, рынку лічбавых валют у рэжыме рэальнага часу і сістэмы валютных аўкцыёнаў, прызначаных для барацьбы са скажэннямі абменных курсаў, якія негатыўна ўплываюць на эканоміку краіны. Кампаніі ўсіх сектараў эканомікі атрымаюць права адкрываць паўнавартасныя валютныя рахункі ў банках.
Больш самастойнасці атрымаюць і муніцыпалітэты. Мясцовыя ўлады змогуць распараджацца ўласнымі валютнымі даходамі, распрацоўваць сумесныя праекты з кубінцамі, якія жывуць за мяжой, а таксама ажыццяўляць замежнагандлёвыя аперацыі без пасярэдніцтва цэнтральных органаў улады.

Урад таксама плануе паступова адмовіцца ад шырокай сістэмы субсідавання тавараў і перайсці да адраснай падтрымкі насельніцтва. Сярод іншых мер — паэтапная дэвальвацыя афіцыйнага курса песа, перагляд механізмаў абмену дзяржаўнага доўгу на ўнутраныя актывы, а таксама скарачэнне бюджэтнага дэфіцыту праз павышэнне падаткаў і адмова ад неэфектыўных выдаткаў. Сярод планаваных мер — паступовае ўвядзенне падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ), якога раней на Кубе не было.
Асобны блок рэформ датычыць энергетыкі. Куба плануе адмяніць падаткі і мытныя зборы на тэхналогіі сонечнай энергетыкі, а замежным кампаніям будзе дазволена непасрэдна пастаўляць на мясцовы рынак сонечныя панэлі, акумулятары і інвертары.
Улады таксама збіраюцца скасаваць большую частку адміністрацыйнага кантролю над цэнамі. Ва ўрадзе прызналі, што папярэднія абмежаванні не змаглі стрымаць інфляцыю і толькі ўзмацнілі структурныя дысбалансы ў эканоміцы.
Нагадаем, што рэформы прымаюцца на фоне глыбокага эканамічнага крызісу, узмацнення санкцыйнага ціску ЗША і нафтавай блакады, якая пагоршыла становішча кубінскай эканомікі, нанесла ўдар па турызме, пастаўках паліва і працы дзяржаўных прадпрыемстваў.
У той жа час, як адзначае Geo.tv, прэзідэнт краіны Дыяс-Канель падкрэсліў, што рашэнне адкрыць эканоміку не звязана з перамовамі паміж Гаванай і Вашынгтонам, якія пачаліся на пачатку года.
Новыя меры фактычна адмяняюць значную частку эканамічных асноваў, якія былі скапіяваныя з савецкай сістэмы і ўведзеныя пасля рэвалюцыі 1959 года. Перамены падтрымаў і лідар Камуністычнай партыі Кубы Рауль Кастра. У пісьмовым пасланні, якое спачатку было зачытана сябрам Палітбюро, а пасля і дэпутатам, ён назваў рэформы «карыснымі» і заклікаў як мага хутчэй прыступіць да іх рэалізацыі.
Пакуль незразумела, наколькі хутка і праз якія механізмы будзе ўкараняцца гэты маштабны пакет пераўтварэнняў. Бо ў камуністычных краінах і рэпрэсіўных рэжымах на паперы і на тэлеэкранах часта адно, а ў рэальнасці — іншае.
Каментары
Няўжо і ім, як кітайцам дапаможуць амерыканцы ?
Признали отказ от коммунизма в его Маркса-Энгельса понимании, практически взяли курс на построение социал-демократии на Кубе.