Джон Рэткліф сустрэўся з міністрам унутраных спраў Кубы, кіраўніком кубінскай спецслужбы і ўнукам Рауля Кастра. Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША апублікавала фота спаткання, якое гавораць само за сябе.

Дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення Джон Рэткліф прыляцеў у Гавану ў чацвер для сустрэчы з міністрам унутраных спраў Кубы і кіраўніком разведслужбы астраўной краіны на фоне вострага дэфіцыту паліва і першых за доўгія гады вулічных пратэстаў там. Візіты кіраўніка ЦРУ заўсёды маюць выключны характар. Гэты — зусім асаблівы, бо кубінскі рэжым сем дзясяткаў гадоў грунтаваўся на процістаянні з ЗША.
Фота з сустрэчы, распаўсюджванае Цэнтральным разведупраўленнем ЗША, гаворыць само за сябе. Рэткліф глядзіць на суразмоўцаў, тыя ж, як адзін — адвёўшы вочы.
Аднак вонкавыя фармальнасці выкананыя: гаспадары нават у чорных касцюмах замест звычайна прынятых у чыноўнікаў на Кубе белых кашуль-гуаявер. Доўгі стол накрыты белым абрусам і ўпрыгожаны букетамі чырвоных руж і гіпсафілы. Гарыць святло — што немалаважна ў краіне, дзе апошнім часам электрычнасць уключаюць толькі на дзве-тры гадзіны за дзень.
Куба апынулася ў поўным правале пасля таго як ЗША ў выніку маланкавай аперацыі атрымалі кантроль над Венесуэлай. Венесуэла была галоўнай крыніцай нафты для Кубы. Узамен Гавана забяспечвала Каракас сілавікамі і целаахоўнікамі, якія, як выявілася, былі няздатныя абараніць прэзідэнта Мадура. Калі Венесуэла і Мексіка вымушана спынілі пастаўкі нафты на Кубу, крызіс улады ў Гаване стаў толькі пытаннем часу. Расія дапамагчы свайму былому кліенту таксама аказалася няздольная. На Кубу прыйшоў толькі адзін танкер з расійскім палівам, а для забеспячэння вострава такіх трэба восем на месяц. Запасаў паліва на востраве хапіла на адзін квартал. Сама Куба пакрывае з уласнай здабычы толькі 40% энергапатрэб — самы мінімум для працы асноўных службаў і прадпрыемстваў.
Урад Кубы заявіў, што сустрэча з кіраўніком ЦРУ адбылася па запыце ЗША. Рэткліф адзначыў, што Кубе неабходна карэнна змяніцца для супрацоўніцтва з ЗША ў пытаннях эканомікі і бяспекі, паведаміў прадстаўнік ЦРУ. Рэткліф сказаў кубінскім чыноўнікам, што ў іх ёсць абмежаванае часовае акно, каб стабілізаваць эканоміку вострава і пачаць узаемадзеянне з адміністрацыяй Трампа, пераказвае словы чыноўніка выданне The Wall Street Journal.
Рэткліф папярэдзіў сваіх кубінскіх калег, што прэзідэнт Трамп слоў на вецер не кідае. Каб падмацаваць гэтую думку, ён акурат і нагадаў пра вайсковы рэйд ЗША ў Венесуэле.
У студзені Трамп абвясціў Кубу «незвычайнай і надзвычайнай пагрозай» нацыянальнай бяспецы ЗША, скарыстаўшыся надзвычайнымі паўнамоцтвамі для ўзмацнення ціску на Гавану. З таго часу Трамп часта папярэджваў, што Куба «будзе наступнай» у яго кампаніі супраць варожых рэжымаў у заходнім паўшар'і.
Гавана заявіла, што надала амерыканскай дэлегацыі інфармацыю, якая «адназначна дэманструе, што Куба не нясе пагрозы нацыянальнай бяспецы ЗША. Няма ніякіх падстаў для ўключэння Кубы ў амерыканскі спіс краін-спонсарак тэрарызму».
Кубінскія чыноўнікі паведамілі камандзе ЗША, што на востраве няма замежных вайсковых баз. Куба «не падтрымлівае, не фінансуе і не дапускае дзейнасці тэрарыстычных або экстрэмісцкіх арганізацый», заявіў урад.
Масква закрыла сваю вайсковую базу на Кубе ў 2002 годзе. У апошняе дзесяцігоддзе Расія спрабавала аднавіць сваю прысутнасць на Кубе, але цяжкая вайна ва Украіне адцягнула ўсе наяўныя ў Расіі сілы.
Візіт Рэткліфа адбыўся праз дзень пасля таго, як урад Кубы паведаміў, што ў краіне скончыліся мазута і дызпаліва, неабходныя для падтрымання электразабеспячэння. Маштабныя адключэнні святла выклікалі пратэсты ў Гаване. Яны сталі першымі пасля доўгіх гадоў жорсткіх рэпрэсій: людзі закіпаюць з-за шматдзённых блэкаўтаў і пагаршэння ўмоў жыцця.
Куба доўгія гады прэзентавала сябе як «востраў свабоды», аднак унутры краіны быў створаны жорсткі таталітарны рэжым. Жыццё чалавека на камуністычнай Кубе бліскуча апісала беларуская пісьменніца Алена Брава, якая правяла на востраве пачатак 1990-х. Яе кніга называецца «Каменданцкі час для ластавак».
У паведамленні ў сераду ў сацыяльнай сетцы X прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што адключэнне электрасетак вострава мае адзіную прычыну: «генацыдную энергетычную блакаду, уведзеную супраць нашай краіны з боку ЗША».
Сярод кубінскіх асоб на сустрэчы ў чацвер прысутнічалі міністр унутраных спраў Кубы Ласара Альварэс і Рауль Радрыгес Кастра, вядомы як «Краб» — уплывовы ўнук 90‑гадовага лідара кубінскай рэвалюцыі Рауля Кастра.
Радрыгес Кастра атрымаў мянушку «Краба» (El Cangrejo), бо нарадзіўся з шасцю пальцамі на адной руцэ. Менавіта ён у апошнія месяцы стаў адным з галоўных перамоўнікаў з высокапастаўленымі амерыканскімі чыноўнікамі. Раней ён быў целаахоўнікам і галоўным памочнікам свайго дзеда.
ЗША настойваюць на вызваленні палітвязняў і рынкавых рэформах на Кубе. Яны хочуць таксама выключыць выкарыстанне Кубы Расіяй і Кітаем у вайсковых мэтах.
Патрабаванні Вашынгтона азначаюць змену сістэмы для Кубы. Як паказвае досвед Венесуэлы, цяперашняя амерыканская адміністрацыя не настойвае на змене фігур ва ўладзе і нават на хуткім пераходзе да дэмакратыі. Яна гатовая працаваць з тым самым кіраўніцтвам, пры ўмове што тое перастае праводзіць антыамерыканскую палітыку і аддае пад кантроль ЗША важныя для амерыканцаў галіны эканомікі.
Каментары