Кіно1212

Выйшаў трэці сезон любімага беларусамі серыяла пра шляхту — вось чым здзіўляе «1670». Там зняліся і беларусы

Мала што з польскіх кінапраектаў так спадабалася беларусам, як нэтфліксаўскі серыял «1670». Прайшлі ўжо два сезоны шляхетнай камедыі — што чакаць у трэцім?

Фота: Netflix via elle.pl

Шляхетнасць — галоўнае, што ёсць у жыцці Яна Паўла Адамчэўскага, частковага ўладара польскай вёскі Адамчыха. Быць польскім шляхцічам для яго ўвогуле вяршыня эвалюцыі. 

Цягам двух сезонаў праекта «1670» гэты яркі герой у выкананні Барталамея Топы дэманстраваў, як тая шляхетнасць працуе: матываваў сялян працаваць бясплатна, забараняў марш роўнасці, арганізаваны яго дачкой, і ладзіў міжнародную дыпламатыю з туркамі, не ведаючы іх мовы.

Наступствы падалі і на яго, і на яго сям’ю. Напрыклад, на жонку, верніцу і аскетку Зоф’ю, якая мае свае сакрэты, ці на дзяцей. З першынцам Станіславам не атрымалася — вырас гультаём, а вось малодшы сын Якуб зарабляе добрыя грошы як каталіцкі святар. Але сэрцы гледачоў скрала Анэля, разумная дзяўчына і ледзь не першая польская феміністка, якая чамусьці звязалася з праваслаўным ліцвінам Мацеем.

5 жніўня на Netflix выйшаў трэці сезон «1670». Мінулы сезон скончылі на тым, што ў Адамчысе адсвяткавалі Дажынкі — на тое свята Ян Павел выдаткаваў шалёныя, а то і апошнія грошы. І ўсё б добра, але Якуб наносіць бацьку ўдар у спіну. Ён выкрывае, што такі важны для Яна Паўла шляхетны статус здабыты праз падман продкаў іх сям’і, і Ян Павел застаецца і без грошай, і без шляхетнасці.

То і не дзіва, што Анэля, калі вяртаецца ў вёску з падарожжа, знаходзіць бацькоў у дэпрэсіі. Калі дакладней, гора-шляхцічы ў Адамчысе пакутуюць на постшляхетны стрэсавы разлад — пародыя на посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), які часта дыягнастуюць сёння.

Але аказваецца, што не ўсё страчанае, і шляхетнасць можна вярнуць. Калі Ян Павел разумее гэта, ён кідаецца з галавой у барацьбу за статус. Гэта давядзе яго да каралеўскага палаца ў Варшаве, дзе пана Адамчэўскага чакаюць вялікія інтрыгі, да пабудовы касмічнага карабля і праблем у яго ўласнай вёсцы. Дарэчы, пра карабель: чакайце ў серыяле Казіміра Семяновіча, знакамітага беларуса, вельмі важнага для гісторыі ракетабудавання.

Фота: Netflix via elle.pl

Не забудзем і пра Мацея. Прыгонны ліцвін пакідае Адамчыху, і ў канцы 2 сезона Анэля спрабуе яго знайсці. Але ж Мацей сустракае ў падарожжах не яе, а ўкраінскіх казакаў і сярод іх так званага Ляхажэрца — украінскага нацыяналіста з падазрона знаёмым тварам. Той Ляхажэрац прызнае, што чамусьці ведае польскую нашмат лепш, чым украінскую, але пры гэтым ненавідзіць палякаў і адмаўляецца паверыць, што можа быць з імі звязаны. 

Складана не заўважыць, што сюжэтная лінія пра ўкраінцаў з’явілася ў часы, калі польска-ўкраінскія адносіны перажываюць вялікі крызіс і ў Польшчы растуць праявы ксенафобіі. Палітычны скандал разгарнуўся і ў маі 2026‑га, калі Зяленскі даў падраздзяленню УСУ імя героеў УПА — прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ў адказ на гэта пазбавіў Зяленскага польскага Ордэна Белага Арла. Так што атрымалася актуальна, але і далікатна, тым больш калі ўлічыць, што галоўны «ляхажэрац» — усё ж такі не ўкраінец.

Фота: Netflix via eska.pl

Некаторых з тых казакаў, дарэчы, гралі беларусы. За велізарнымі вусамі хаваюцца ўдзельнікі гурта Kasary, які выконвае традыцыйныя мужчынскія спевы, у тым ліку і яго лідар Сяржук Доўгушаў.

Беларускія казакі з Мартынай Бычкоўскай, выканаўцай ролі Анэлі. Фота: sasha.drahavoz / Instagram

Пра гэта ў інстаграме расказаў спявак Аляксандр Драгавоз:

«Мне дзеля гэтага давялося пайсці на ахвяры і згаліць вусы з барадой, якія я насіў літаральна палову жыцця. Мы гралі ўкраінскіх казакаў, якія спяваюць і лупяць у велічэзны бубен. Гэта была адна з самых вясёлых прыгод мінулага лета».

З Мацеем (Кірылам Пятручукам). Фота: sasha.drahavoz / Instagram

Новы сезон спадабаецца і старым фанатам серыяла, і неафітам у сусвеце Яна Паўла. Рэйтынгі праекта пакуль толькі пачалі фармавацца, але ўжо можна сказаць, што трэці сезон не правальны. Напрыклад, на рэсурсе IMDb першыя 4 серыі сезона (усяго іх 8) маюць рэйтынгі, параўнальныя з мінулым сезонам — ад 7,1 да 7,7 балаў з 10.

Але ж, калі назіраеш за беганінай шляхцічаў па Адамчысе, не пакідае адчуванне, што ўсё асноўнае гэты праект ужо сказаў. Нечым здзівіць усё складаней, і стваральнікі серыяла шукаюць спосабы даць гэтаму рады: выдаткоўваюць грошы на здымкі і прапрацоўку дэталяў, спрабуюць не адставаць ад трэндаў у грамадстве і дасціпна іх высмейваць. 

Але гэта ўжо не прарыўное шоу, а хутчэй утульны і па-мінуламу смешны камедыйны міжсабойчык з сапраўды таленавітымі польскімі акцёрамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • Pan na zagrodzie
    06.08.2026
    Серыял пра шляхту, любімы ў народзе, які размаўляе і ў вялікай ступені думае як маскавіты ды будуе свой міф на мужыках і вёсцы? Нешта вы тут накруцілі.
  • Пан, не господін
    06.08.2026
    Рагатко і Матолька таксама глядзяць ці толькі родной русскоязычный кантэнт?
  • Ну
    06.08.2026
    Гэны серыял ужо ёсць недзе з беларускай агучкай?

Цяпер чытаюць

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын40

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын

Усе навіны →
Усе навіны

«Да апошняга моманту верылі, што хвароба будзе пераможаная». Іна Кулей пра хваробу і смерць Аляксандра Мілінкевіча і яго спадчыну3

Ад 49 капеек да 2 рублёў — колькі сёння каштуе кілаграм бульбы ў Мінску

JAC, BMG, Citroen і не толькі. Якія яшчэ маркі аўто збіраюць у Беларусі — апроч Geely13

Удары па сталі. Як расійскія ракеты разбурылі найважнейшую для Украіны металургічную індустрыю1

Расійскія спецслужбы рыхтавалі забойствы Каспарава, Панамарова і іншых апазіцыянераў — El Mundo9

Хто насамрэч пабудаваў туалет каля тэатра імя Янкі Купалы, пра які ёсць знакамітая легенда2

Пасольства Расіі ў Ірландыі прыгразіла прымяненнем ядзернай зброі ў выпадку блакады Калінінграда10

Трамп і кіраўнікі IT-кампаній падпісалі пагадненне аб кантролі за штучным інтэлектам1

Трамп патлумачыў, чаму КНДР можа мець ядзерную зброю, а Іран — не8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын40

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць