Паглядзелі тую самую «Адысею» — якім выйшла самае спрэчнае кіно года
«Адысея» Нолана — самы скандальны фільм года з цемнаскурай Аленай Траянскай і плёткамі пра Ахілеса. Расказваем, ці спраўдзіліся на самой справе праклёны скептыкаў.

Калі вы хочаце пабачыць «Адысею» такой, як яе задумалі стваральнікі, зрабіць гэта ў Мінску (дый у суседніх сталіцах) не атрымаецца. «Адысея» — першы фільм у свеце, зняты на 70‑міліметровую плёнкавую камеру IMAX, і паказаць яго так, як задумаў рэжысёр Крыстафер Нолан, могуць толькі 41 кінатэатр ва ўсім свеце. Каб пабачыць стужку ў тым фармаце, некаторыя фанаты перасякалі акіян.
На ролю Адысея ўзялі Мэта Дэймана. У гэтай ролі цара Ітакі Дэйман вярнуўся да свайго традыцыйнага амплуа персанажа, які шукае шлях дадому: згадайце яго ранейшыя ролі ва «Уратаваць радавога Раяна», дзе Дэймана ратуюць з тылу ворага ў Другую сусветную, ці ў «Марсіяніне», калі яго персанажа «забылі» на Марсе.
Скончылася Траянская вайна, і Адысей-Дэйман выпраўляецца ў шматгадовае падарожжа дахаты, дзе яго чакае жонка Пенелопа і сын Целемах. Ён скончыць свой шлях праз 20 гадоў пасля таго, як выправіўся на вайну, і прыйдзе дахаты, такім чынам, ужо немаладым мужчынам.
Не дзіва бачыць у такой ролі 55‑гадовага Дэймана, але ж у сеціве многія абураліся — маўляў, Адысей мусіць быць маладзейшы. І тым не менш, Дэйман адпавядае Адысею і па ўзросце, і, што больш важна, па жыццёвым досведзе. Яго задача — сыграць зламанага жыццём чалавека, які страціў войска, царства і сям'ю, і гэта роля не для юнакоў.

Ледзь не самы папулярны міф пра ноланаўскую «Адысею» — гісторыя, нібыта на ролю Ахілеса, паплечніка Адысея, узялі Эліёта Пейджа. Пейдж — трансмужчына, які распачаў сваю кар’еру ў кіно яшчэ як Элен Пейдж і з блакбастарамі накшталт «Людзей Ікс». Апошнія ролі Пейдж у жаночым амплуа — канец 2010-х, далей у акцёра быў перапынак у кар’еры.
Хейтары параўноўвалі невысокага і далікатнага Пейджа з мускулістым Брэдам Пітам — сэкс-сімвал нулявых сыграў Ахілеса ў стужцы «Троя» 2004 года.
Але Пейдж сыграў не Ахілеса. Яму дасталася невялікая роля Сінона, сціплага і сумленнага ваяра, які пераконвае траянцаў увезці ў горад траянскага каня, і гендарная гісторыя Пейджа нічым яму ў той ролі не перашкаджае.

Тое, што Пейджу далі ролю Сінона — траянскі фокус, які Нолан зладзіў з хейтарамі, што паверылі ў чуткі пра Пейджа-Ахілеса. Не менш шуму нарабіла і гісторыя пра кенійку Лупіту Ньёнга. Нолан даверыў ёй ролю Алены Траянскай, і калі гэта стала вядома, зноў папаўзлі параўнанні са стужкай «Троя». Там Алену грае немка Дыяна Кругер — беласкурая бландынка, якую прасцей уявіць у скандынаўскім ці ўсходнееўрапейскім фільме, чым у ролі паўднёвай прыгажуні.

Кенійка ў ролі грэчаскай каралевы сапраўды выглядае экзатычна — калі не ўлічыць, што гэта міф. Не менш дзіўна і бачыць сярод галоўных герояў безліч амерыканцаў і брытанцаў ды ні аднаго грэка.
Пенелопу, жонку Адысея, грае Эн Хэтэўэй, яе сына Целемаха — кумір зумераў Том Холанд. Розніца паміж акцёрамі складае ўсяго 13 гадоў, але, як ні дзіва, гэта даволі праўдзівая дэталь: у старажытнай Грэцыі дзяўчаты выходзілі замуж і ўпершыню нараджалі, якраз калі ім было 13‑15 гадоў.
Жонка Холанда, маладая зорка Зендэя, таксама з'явіцца ў «Адысеі». У яе роля багіні Афіны, нашмат складанейшага персанажа, чым здаецца на першы погляд.
Яшчэ адзін складаны герой — Анціной, самы нахабны з жаніхоў, якія дамагаюцца рукі Пенелопы ў адсутнасць яе законнага мужа. Тую ролю аддалі Роберту Пацінсану. Для брытанца, які даўно адбіўся ад іміджу прыгожага вампіра са «Змяркання», выдатная праца ў «Адысеі» — кульмінацыя, магчыма, найлепшых гадоў у яго кар'еры: толькі за апошні год Пацінсан зняўся ў буйных праектах накшталт «Памры, маё каханне» з Джэніфер Лоўрэнс і «Вось гэта драма!» з Зендэяй.
За адсутнасць грэкаў у акцёрскім складзе Нолан ужо адхапіў багата крытыкі — маўляў, не паважае грэцкую культуру. А заадно і не паважае гістарычныя рэаліі, бо занадта вольна разумее, якімі маглі быць касцюмы старажытных грэкаў: напрыклад, шлем цара Агамемнана разляцеўся ў сеціве праз сваё падабенства з касцюмамі Бэтмена.

Але ведаеце што? Канкрэтна для гэтага фільма ўсе тыя дэталі абсалютна не важныя. Не здзівіла б нават, калі б ноланаўскія грэкі адзелі джынсы і кеды, бо гэта гісторыя зусім не пра гістарычную рэканструкцыю, і такія рэчы Нолана як рэжысёра мала цікавяць.
Нашмат важней яму расказаць «Адысею» як тую гісторыю, якая паўтараецца і праз тысячы гадоў пасля Гамера. Гэта гісторыя пра вайну і спакусы, якія пазбаўляюць людзей чалавечага аблічча, пра сумленне і падман, пра вернасць і сорам, праз які страшна і паглядзець у каханыя вочы, і пра боль, які прасцей забыць, чым прыняць.
Маюць рацыю і тыя, хто называе «Адысею» своеасаблівым прыквелам іншага ноланаўскага шэдэўра, «Апенгеймера». Калі «Апенгеймер» расказвае, як вайна здольная знішчыць свет, то «Адысея» — магчымасць зазірнуць туды, дзе чалавецтва толькі вучылася гвалту і вайне. І пабачыць, як ужо тады цывілізацыя заклала пад сябе бомбу запаволенага дзеяння.
Заходнія крытыкі ў захапленні ад стужкі. The New York Times ужо цяпер называе «Адысею» «класікай ва ўсіх сэнсах», а Washington Post адказвае хейтарам фільма, што гэта надзвычайная версія «Адысеі», зробленая для нашых часоў.

The Observer адзначае дваістасць стужкі і тое, што гэта не проста гісторыя са старажытнай Грэцыі:
«Гэта эпічнае, міфічнае відовішча, зробленае з павагай да старажытнагрэцкай першакрыніцы, са сваімі монстрамі і магіяй. Але яно звяртаецца і да больш актуальных тэм выгнання, ваеннай траўмы і віны таго, хто выжыў.
У нейкім сэнсе гэты фільм — траянскі конь. Гэта экстравагантная, прыгожая прыгода, праз якую нам расказваюць, як сябе паводзіць з незнаёмымі людзьмі, пра цяжкую вагу спадчыны і тое, што немагчыма вярнуцца з вайны такім жа, якім ты туды пайшоў».
Rolling Stone прагназуе, што «Адысея» выкліча ў гледачоў трапятанне, а Esquire піша, што шэдэўр ад Нолана можа і ўвогуле змяніць ваша жыццё. Фільм Нолана, падобна, з'яўляецца галоўнай стужкай года.
Пабачыць яе ў Беларусі, хутчэй за ўсё, можна будзе з 25 ліпеня.
Ноланаўская «Адысея» адкрыецца тым, хто можа бачыць за формай змест, бачыць агульнае, нягледзячы на адрозненні часу, нацый і рас. Але не трэба баяцца складаных сэнсаў і амаль 3‑гадзіннай даўжыні фільма — мяркуючы па рэйтынгах, «Адысея» лёгка скарае кінаманаў. На буйным сайце Rotten Tomatoes праект мае на сёння рэйтынг 97% ад гледачоў, на рэсурсе IMDb — 8,4 бала з 10.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Адысея» Нолана сабрала за ўік-энд рэкордныя для рэжысёра $264 мільёны
Як здымалі «Адысею» — такі маштаб уражвае нават Галівуд. Мэту Дэйману і Роберту Пацінсану давялося прайсці праз сапраўдныя выпрабаванні
Вячэра, пасля якой ужо не будзе як раней
Кінастудыі ўсё часцей здымаюць трохгадзінныя фільмы. Чаму?
Каментары
И вообще Европе повезло с ее греческим прошлым и наследием.