Шматдзетны зваршчык з Магілёва прадракаў смерць каліноўцаў на вайне. А бач ты, ужо сам згінуў пад Пакроўскам
Апошнія сляды 50‑гадовага Віталя — падпісанага ў сяброў як «ПаўлючэнкаЗэкАднавокі», — можна знайсці ў чаце эскортніц Благавешчанска.

50‑гадовы магілёвец Віталь Паўлючэнка — не самы тыповы наёмнік на вайне супраць Украіны. Канечне, некалькі судзімасцяў у яго ёсць, як ва ўсіх яго калег па няшчасці — з інфармацыі Belpol, у 2003‑м ён разам з сябрам абчысціў у Мінску жанчыну, а ў 2015‑м не прайшоў міма камеры захоўвання ў гандлёвым цэнтры ў Магілёве. Тады ён разжыўся мабільнікам, бутэлькай квасу і 80 самарэзамі.
Але калі вывучыць перапіскі Паўлючэнкі ў тэлеграм-чатах, то становіцца зразумелым, што ён быў у нейкай ступені ідэйным абаронцам рускага свету.
«У Беларусі не атрымалася, газанулі туды… Там і памруць…», — каментуе ён у сакавіку 2022 года відэа каліноўцаў.
«Чаму нельга разбамбіць увесь завод?» — разважае над лёсамі абаронцаў Марыупаля.
«Мразі!!!! Дабравешчанне… Яны гэта не ўлічылі. Праваслаўныя ніколі на такі грэх не пойдуць акрамя нацыкаў», — пераконвае сябе і астатніх, што па Краматорску нібыта ўдарылі самі ўкраінцы, а не Расія.
І яшчэ дзясяткі нецэнзурных выразаў пра Украіну і ў апраўданне расійскай агрэсіі.
У выніку Віталь Паўлючэнка і сам дабраўся да вайны — прыкладна ў кастрычніку 2025 года. Пратрымаўся некалькі месяцаў, пакуль не згінуў пад Пакроўскам.

Былая жонка Юлія Абрамовіч спачатку шукала яго жывым: «Пазыўны «Пак». На баявым заданні з 23 снежня 2025 года. Зніклы без вестак з 13 студзеня 2026 года». А пасля змірылася і шукала грошы: «Хачу даведацца, якія трэба дакументы сабраць. Былога мужа прызналі загінулым, засталося трое дзетак».
Мінімум дзесяць гадоў Паўлючэнка адпрацаваў зваршчыкам у будаўнічай кампаніі «Стромінвест», дзе круціўся апошнім часам — невядома.
У тэлефонных кнігах сяброў ён быў запісаны як «Віталь», «Віталік Тэхнапрыбор», «Пак Віталік» і нават «ПаўлючэнкаЗэкАднавокі».
Апошняя інтэрнэт-актыўнасць Паўлючэнкі — чат эскортніц расійскага Благавешчанска. Ён напісваў туды ў лістападзе 2025 года, ужо з фронта. Каментаваў дзяўчын і абураўся, што нават туды, у чат эскортніц, пралезлі нейкія ўкраінцы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
У Беларусі зацвердзілі правілы эвакуацыі каштоўнасцяў на выпадак вайны: цэглу з Брэсцкай крэпасці з надпісамі будуць ратаваць перш за карціны Шагала і Суціна
Каментары