Грамадства2020

Дзевяць чалавек памерлі ў Брэсце і Мінску — усім ім уводзілі адныя і тыя ж лекі. У прэпараце знайшлі бактэрыі

Пры дапамозе Belpol у распараджэнні выдання «Люстэрка» аказаліся дакументы, з якіх вынікае, што са студзеня па май гэтага года ў Беларусі памерлі як мінімум дзевяць пацыентаў. Усім ім падчас аперацыі на сэрцы ўводзілі індыйскі прэпарат, партыю якога Мінздароўя пазней загадала выключыць з абарачэння. Прычына шокавая — у ін'екцыях знайшлі бактэрыі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Узрост памерлых — ад 50 да 67 гадоў

З пачатку студзеня па пачатак сакавіка ў Брэсцкай абласной бальніцы падчас аперацый на сэрцы 13 пацыентам уводзілі адэназін. Гэты прэпарат на некалькі секундаў рэзка запавольвае або часова спыняе працу сэрца, а таксама зніжае ціск. Дзякуючы гэтаму хірург можа спакойна выканаць складаны этап аперацыі з мінімальным крывацёкам. Бальніца карысталася адэназінам пад гандлёвай маркай «Кардыўрэкс» (Cardiurex).

Згодна з дакументамі, якія ёсць у распараджэнні «Люстэрка», з 13‑ці пацыентаў, якія атрымалі прэпарат, памерлі восем. Гэта сем мужчын і адна жанчына ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў. Камусьці з іх рабілі пратэзаванне аорты, камусьці — замянялі яе клапаны або праводзілі аортакаранарнае шунтаванне.

Ужо пасля аперацый у аналізах сямі пацыентаў знайшлі бактэрыі. Адносна восьмай пацыенткі інфармацыі пра вынікі даследавання няма. Але вядома, што аналізы ў яе таксама бралі.

Пры гэтым у пяцярых з тых, хто памёр у Брэсце, як вынікае з дакументаў, развіўся стэрнамедыястыніт — гэта цяжкі інфекцыйны працэс, калі запаляецца і нагнойваецца грудзіна і тканкі ўнутры грудной клеткі. Таксама ў двух выпадках пачаўся сепсіс (у адным — разам са стэрнамедыястынітам). Гэта стан, калі імунная сістэма дае збой у адказ на інфекцыю. Яшчэ ў двух пацыентаў — генералізаваная інфекцыя (у адным выпадку яна таксама далучылася да стэрнамедыястыніту». Гэта цяжкае захворванне, пры якім вірусы, бактэрыі або грыбкі распаўсюджваюцца па ўсім арганізме за межамі ачага.

«Кардыўрэкс» выкарыстоўвалі і пры правядзенні аперацый на сэрцы дзевяці пацыентам сталічнага РНПЦ «Кардыялогія». Усе яны паступілі ў цэнтр з 17 лютага па 3 сакавіка. Пацыентам было ад 41 года да 68 гадоў. Двое з Мінска, сямёра — з Мінскай вобласці.

Пасля аперацыі ва ўсіх дзевяці дактары выявілі высокарэзістэнтныя бактэрыі, а таксама дыягнаставалі сепсіс. Выратаваць змаглі васьмярых. 67‑гадовая жанчына памерла.

Што паказалі лабараторныя даследаванні?

З дакументаў вынікае, што пацыентам у РНПЦ «Кардыялогія» ўводзілі Adenosin Injection IP 6 mg/ml Cardiurex, які вырабіла індыйская кампанія Welcure Remedies. Установа ўпершыню атрымала 1000 упаковак гэтага прэпарата 18 лютага. Колькі паставілі Брэсцкай абласной бальніцы — невядома.

Пры гэтым у дакументах адзначаецца: Брэсцкая абласная бальніца не паведаміла пра выяўленне ў крыві пацыентаў бактэрый ні ў гарадскі, ні ў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У РНПЦ «Кардыялогія», наадварот, паведамілі адразу.

Аналіз Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што прэпарат быў нестэрыльны — у ім знайшлі Klebsiella oxytoca і Serratia marcescens. Гэтыя ж бактэрыі знайшлі і ў аналізах пацыентаў РНПЦ «Кардыялогія», якім уводзіліся лекі.

Не выключана, што гэта не адзіныя віды бактэрый, якія ўтрымліваліся ў растворы для ін'екцыі. Напрыклад, у памерлых пацыентаў Брэсцкай абласной бальніцы знаходзілі не толькі Klebsiella oxytoca. У большасці выпадкаў там была Acinetobacter baumannii, радзей — Klebsiella pneumoniae і Haemophilius influenzae.

13 сакавіка Дзяржфармнагляд паведаміў пра сітуацыю ў Мінздароўя, і тое загадала выключыць з абарачэння партыю прэпарата WADG25001A.

Высветлілася, што лекі паставіла беларуская кампанія «ЮМБ-Фарм». Менавіта з ёй «Мінская фармацыя» заключыла дамову ў канцы ліпеня мінулага года. Сярод тых, каму ішлі пастаўкі, — 24 установы з усёй краіны, у тым ліку і РНПЦ «Кардыялогія», галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкае РУП «Фармацыя».

Усяго ж па дамове да 30 чэрвеня 2026 года «ЮМБ-Фарм» павінна была паставіць 5943 адзінкі гэтага лекавага сродку. Былі ўсе яны з адной партыі ці з некалькіх — невядома.

Праблемы выявілі СААЗ і індыйскія эксперты

Пра нестэрыльнасць «Кардыўрэкса» індыйскага вытворцы Welcure Remedies папярэджвала і Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Так, 25 мая Дзяржаўная служба кантролю за лекавымі сродкамі пры Мінздароўі Літвы расказала, што атрымала ад СААЗ ліст пра небяспеку ўсё той жа партыі WADG25001A. Арганізацыя адзначала, што ў Літве гэтага прэпарата няма, але на ўсялякі выпадак прасіла пастаўшчыкоў паведаміць, калі яны яго набылі.

У ліпені Цэнтральная арганізацыя па кантролі стандартаў лекавых сродкаў Індыі (CDSCO) уключыла гэтую самую партыю ад Welcure Remedies у спіс прэпаратаў, якія не адпавядаюць стандартам якасці. Сярод прычын — парушэнне стэрыльнасці і наяўнасць бактэрыяльных эндатаксінаў. Гэта, груба кажучы, рэшткі бактэрый, якія пры траплянні ў арганізм могуць выклікаць моцнае запаленне, гарачку, а ў цяжкіх выпадках — сепсіс і септычны шок.

Каментары20

  • А дальше?
    20.08.2026
    А дальше где расследование? Кто владелец компании «ЮМБ-Фарм»?
  • Сашок
    20.08.2026
    - А ты эти бактерии видишь? И я не вижу! Га-га-га
  • Дождик
    20.08.2026
    Сашок, люди умирали от сепсиса. Как-то не до веселья

Цяпер чытаюць

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!5

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Усе навіны →
Усе навіны

«Атрымліваю 10 тысяч за месяц, але ўсё роўна мару аб кватэры»2

На фронце загінуў былы гулец зборнай Украіны па футболе Раман Максімюк

У пустыні Гобі пабудавалі музей, падобны да яек дыназаўраў. Ён амаль не мае патрэбы ў кандыцыянерах нават пры 55 градусах спёкі2

Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх19

Ці дастаткова проста спаласнуць бутэльку для вады? Спецыялісты тлумачаць, чаму гэта небяспечная звычка4

У Кітаі мужчына 19 гадоў выдаваў сябе за памерлага брата-блізнюка. Яго выкрыла былая дзяўчына брата1

ЗША могуць прымяніць супраць Ірана «маці ўсіх бомбаў»3

Пуцін завысіў колькасць захопленых сёлета ўкраінскіх земляў у 45 разоў1

У Гродне пабачылі белую варону ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!5

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць