Грамадства55

Севярынец: Уначы у нашым спецкалідоры на Валадарцы разыгрываліся драмы, вартыя Шэкспіра

Экс-палітвязень у сваім фэйсбуку піша пра «рамантычныя адносіны» сярод ахоўнікаў Валадаркі.

«Валадарка. Спецкалідор. Жаночы пост і ігрышчы аховы.

У 2020—2021 гадах мне давялося восем месяцаў сядзець на Валадарцы ў камеры 101, цеснай «двушцы», у так званым спецкалідоры. Тут, у турэмнай старой будыніне, мабыць, яшчэ ХІХ стагоддзя, было некалькі закуткоў для кавіднага карантыну, «лядоўня» з выбітым шклом, ШІЗА і абшыты браняванымі лістамі блок для «спецкантынгенту» — асуджаных на пажыццёвае зняволенне ці да смяротнага пакарання. Кажуць, цяпер такіх трымаюць на Жодзіна альбо ў Калядзічах — але тады на Валадарцы, падобна, была для іх «транзітка».

Мая камера, праз якую прайшлі і Сяргей Ціханоўскі, і потым Алесь Бяляцкі — катух памерам два на тры з паловай метры, асноўную частку якога займалі двайныя нары (першы і другі паверхі).

Ля ўваходу «ачко», паміж нарамі і сцяной — мікраскапічны столік з прываранымі жалезнымі «сядушкамі». 

Прастора — прыблізна як у аўтобуснай прыбіральні. Каб праціснуцца да вакна (патрэсканае шкло са скразняком, кратамі і «веснічкамі»), трэба займацца гімнастыкай і ўціскаць жывот.

Прастора для «пахадзіць» — паўтара крокі туды і назад паміж дзвярыма і столікам. Двум чалавекам не размінуцца, то жыццё ў той двушцы ператвараецца ў «тэтрыс».

Лёгкім стукам па сценах і ў нішы дзвярэй вылічыў адразу некалькі падазроных парожнінаў: у турме яны звычайна сведчаць пра ўсталяванне гукавай апаратуры. Мяркуючы па ўсім, праслушка тут была адмысловая.

Але тут было насамрэч лепш, чым на «Шанхаі» ці Акрэсціна. Пакуль ішлі масавыя пратэсты, выкліканыя якраз гвалтам у турмах, ашаломленая адміністрацыя палітычных спярша не чапала. Толькі бліжэй да зімы па дарозе ў душавую я ўбачыў у ШІЗА Міколу Дзядка.

Ахова на Валадарцы — гэта было нешта адмысловае. 

Спецкалідор ідзе ад жаночага корпуса турмы, то і пост аховы тут быў жаночы. Паставыя — пераважна вясковыя дзяўчаты з Менскага раёну ў камуфляжы, з выразнай трасянкай у размове.

З аднаго боку, было цікава назіраць за іх смутна-прыязнай рэакцыяй на беларускую мову, з іншага — турма ёсць турма: часам тыя дзяўчаты выдавалі базарны мат-перамат.

А ўначы ў нашым спецкалідоры разыгрываліся драмы, вартыя Шэкспіра.

Карпусныя і афіцэры — мужчыны. Паставыя — дзяўчаты. Ноч. Заступае змена, гудзе электрычны імбрык, п’ецца гарбата, сцішаныя галасы — і пачынаецца.

Нярэдка са спецкалідора можна было пачуць і звонкія пашлёпванні, і хіхіканне, і пацалункі, і рыданні ды высвятленні адносінаў. Аднойчы ўначы дзяўчаты-ахоўніцы нават біліся ды цягалі адна адну за валасы.

Зухаваты карпусны на ранішняй праверцы быў чырвоны, як бурак. Вязняў не саромеліся.

І час ад часу хтосьці з крымінальнікаў, зацяўшыся з карпусным праз «кармушку», зрываўся: «Начальніку расскажу, как вы девок по ночной смене лапаете!»

Каментары5

  • Знаёмая
    09.09.2026
    Апасьля, у 2024, гэтыя "каралевы" прадолу усім кагалам перабраліся да Калядзічаў. Там я іх і пабачыла падчас ператрусу. Нават прозьвішчы запомніла, накшталт Папека і Андрушкевіч. Маладзенькія, нафарбаваныя нібы на званы вечар, з трохсантыметровымі гелевымі пазнокцямі, - увесь антураж выглядаў дзікавата ў турэмным святле на фоне бетону і кратаў. А галоўнае - усе вушы, пальцы - у золаце з дыямантамі. Вясковыя дарваліся да багатага жыцця! А мова іхняя та-а-к, цытую: "а ну оторвала сваю жопу от нашего апарата!"
  • Kotya
    09.09.2026
    Знаёмая, не ну такие отношения с корпусными у них уже не положены там из-за камер повсюду в тч и у них, разве что в подсобке их нет. Может быть поэтому часть оттуда ушли, а часть стали злыми )
  • Аналiтык
    09.09.2026
    Знаёмая, Такiх чамусьцi шмат нараджаецца, а такiх, як Алесь Пушкiн, Пачобут ды Лосiк - не.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць8

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Усе навіны →
Усе навіны

Арына Сабаленка з наступнага тыдня ўжо не будзе першай ракеткай свету7

Самалёт Зяленскага, які вылятаў з Малдовы ў Нарвегію, ледзь не трапіў пад удар дрона2

У Оршы рыбак знайшоў у вадзе рэвальвер, прыдатны для стральбы1

Спявачка Насця Каменскіх заявіла, што праз украінскую мову ў яе знік голас і з'явілася кіста29

У Мінску пачалі будаваць Казахстанскі квартал для чаргавікоў3

Мерц адмяніў запланаваную размову з Трампам пасля падтрымкі апошнім «Альтэрнатывы для Германіі»11

Пасадзілі адваката Дзмітрыя Лаеўскага, які абараняў Бабарыку і Знака12

У Салігорску наркакур’еру стралялі па нагах

У Белым доме могуць замяніць Уіткафа і Кушнера на дырэктара ЦРУ 6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць8

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць