У Беларусі знайшлі новы для навукі від міксаміцэтаў, або слізевікоў. Яго знайшлі ў Нацыянальным парку «Нарачанскі» на гнілой драўніне яліны каля вёскі Альшэва. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Новы від атрымаў навуковую назву Lycogala umbrinum. Знаходку зрабілі супрацоўнікі лабараторыі мікалогіі. Каб пацвердзіць, што гаворка сапраўды ідзе пра раней невядомы навуцы від, спатрэбілася даследаванне міжнароднай групы навукоўцаў.
У яе склад увайшлі беларуская даследчыца Алена Мароз, а таксама навукоўцы з Германіі і Нарвегіі.
Вучоныя не абмежаваліся вывучэннем знешняга выгляду арганізма. Яны правялі падрабязныя марфалагічныя даследаванні з дапамогай светлавой і сканавальнай электроннай мікраскапіі, а таксама генетычны аналіз. Акрамя таго, даследчыкі вывучылі філагенетычныя сувязі — тое, якое месца новы від займае сярод роднасных арганізмаў.
Пасля правядзення ўсіх даследаванняў Lycogala umbrinum зарэгістравалі ў міжнароднай базе даных MycoBank пад нумарам 857829.
Міксаміцэты, якіх таксама называюць слізевікамі, даўно цікавяць навукоўцаў сваімі незвычайнымі здольнасцямі. Напрыклад, раней даследчыкі вывучалі Physarum polycephalum — арганізм, які не мае мозгу і нервовай сістэмы, але здольны знаходзіць найкарацейшы шлях у лабірынце, не вяртацца на ўжо даследаваныя ўчасткі і ствараць эфектыўныя сеткі, падобныя да чыгуначнай сістэмы.
Навукоўцы працягваюць дыскутаваць, ці можна лічыць такія паводзіны своеасаблівай прымітыўнай формай памяці або інтэлекту.
Каментары