«І загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія толькі ёсць». Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь
Экс-палітвязень расказаў пра цікавы выпадак пры ўездзе ў Беларусь тыдзень таму. Анджэй Пачобут падзяліўся гісторыяй з YouTube-праектам Kanał Zero.

«Я аддаў ім пашпарт для кантролю. Калі ён [памежнік] увёў даныя ў базу, у іх там загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія ў іх толькі ёсць. Праз хвіліну падышоў капітан памежнай службы, які сказаў, што мне трэба прайсці з ім на размову і абавязкова ўзяць з сабой тэлефон. Я кажу: «Так, ён са мной, толькі ёсць адна праблема — ён заблакаваны, і я не ўмею яго разблакаваць».
Ну вось, мы прыйшлі, і там было першае пытанне: калі я выязджаю назад? Я кажу, што гэта дзіўнае пытанне, таму што я толькі заязджаю, і наогул то я прыехаў назусім. Ну, потым зазваніў тэлефон — мабільнік аднаго з гэтых «хмурных панаў». Ён выйшаў, праз нейкі час вярнуўся, потым зноў выйшаў, потым зноў.
Потым прыйшлі трое: двое ў форме памежнай службы, а адзін у цывільным:
«Я так разумею, што якраз ён і прадстаўляў нейкую спецслужбу, але якую менавіта не ведаю. Магчыма, гэта было КДБ. Мяркую, што КДБ, але дакладна не ведаю. І размова са мной у іх асабліва не клеілася».
Паводле яго слоў, размова ў асобным пакоі доўжылася каля дзесяці хвілін, потым мне сказалі, што магу ехаць.
Анджэй Пачобут 8 верасня прыехаў у Гродна з Польшчы, дзе жыў ад канца красавіка пасля вызвалення з калоніі. У Беларусі журналіст сустрэўся з прадстаўнікамі польскай супольнасці, наведваў памятныя для польскай і супольнай беларуска-польскай гісторыі мясціны. 15 верасня ён вярнуўся ў Польшчу.
Каментары