Думаеце, птушыны памёт можна пакінуць да наступнага мыцця машыны? Ой не
Асабліва небяспечна пакідаць такое забруджванне на машыне ў спякоту.

Птушыны памёт на машыне — звычайная рэч, асабліва калі яна стаіць пад дрэвамі. Часцей за ўсё такую пляму не ўспрымаюць як нешта тэрміновае. Калі не перашкаджае, можна ездзіць да мыйкі або змыць пры нагодзе. Аднак, як папярэджваюць спецыялісты нямецкага аўтамабільнага клуба ADAC, нават невялікая пляма птушынага памёту можа сур'ёзна пашкодзіць лакафарбавае пакрыццё.
Праблема ў тым, што птушкі не надта пераборлівыя ў ежы: ядуць чарвякоў, вусеняў, дробных жывёл, насенне, ягады, а часам і рэшткі чалавечай ежы. Усё гэта ператраўліваецца з дапамогай даволі агрэсіўнай страўнікавай кіслаты. У выніку ў памёце застаюцца рэчывы, якія шкодзяць сучасным аўтамабільным лакам: мачавая і іншыя кіслоты, едкія прадукты распаду бялкоў, а таксама мінеральныя прымесі, напрыклад, пясчынкі.
Так, даследаванне, апублікаванае ў Journal of Coatings Technology and Research, паказала, што стрававальныя ферменты, якія змяшчаюцца ў птушыным памёце, здольныя выклікаць хімічнае разбурэнне празрыстага ахоўнага слоя аўтамабільнай фарбы.
Асабліва небяспечна пакідаць такое забруджванне на машыне ў спякоту. Пры высокай тэмпературы, адзначаюць у ADAC, часам дастаткова ад 10 да 20 хвілін, каб памёт пачаў пашкоджваць верхні празрысты слой лаку. Пасля выдалення плямы на гэтым месцы могуць застацца белыя абадкі.
Калі птушыны памёт застаецца на кузаве даўжэй, ён можа пашкодзіць ужо глыбейшыя слаі пакрыцця. Яны становяцца крохкімі і пачынаюць трэскацца, а празрысты слой лаку можа нават аддзяліцца ад слоя фарбы. Тады вільгаць і кіслоты атрымліваюць магчымасць пранікаць яшчэ глыбей, і аднаго выдалення плямы або паліроўкі можа быць недастаткова. У такім выпадку давядзецца звяртацца да спецыяліста, а пашкоджанае месца, магчыма, нават перафарбоўваць.
Не гарантуюць доўгатэрміновай абароны і васковыя або керамічныя пакрыцці. Птушыны памёт даволі хутка пачынае ўздзейнічаць і на іх, а з часам можа разбурыць ахоўны слой. Таму ў ADAC раяць рэгулярна аглядаць машыну на наяўнасць птушынага памёту.
Як правільна прыбраць птушыны памёт
Са свежым памётам усё адносна проста. Яго лепш змыць вялікай колькасцю вады. А вось адразу церці пляму анучай або сурвэткай не варта. У памёце могуць быць пясчынкі і іншыя цвёрдыя часцінкі, якія пры трэнні падрапаюць лак.
Калі памёт ужо засох, яго спачатку трэба размягчыць. ADAC раіць пакласці на пляму мокрую тканіну, анучку або мяккую губку і пакінуць як мінімум на 15 хвілін. Можна скарыстацца і старой газетай: скласці яе ў некалькі слаёў, пакласці на забруджанае месца і добра намачыць цёплай вадой. Папера прыліпае нават да вертыкальнай паверхні, а для свежага памёту звычайна дастаткова 5‑10 хвілін. Для размочвання падыдуць і вільготныя сурвэткі з мяккімі ачышчальнымі кампанентамі.
Калі памёт моцна прысох, можна скарыстацца спецыяльным сродкам для выдалення слядоў насякомых, аўтамабільным шампунем або мяккім сродкам для мыцця посуду. А вось сродак для мыцця шкла не рэкамендуецца: ад яго лак можа стаць матавым. Калі забруджванне добра размокла, яго трэба як мага лепш змыць вадой, а рэшткі асцярожна прамакнуць вільготнай анучкай з мікрафібры.
У дарозе можа выратаваць звычайная пластыкавая бутэлька з вадой. Калі зрабіць у накрыўцы невялікую адтуліну, атрымаецца мацнейшы струмень, якім зручней змываць памёт.
А яшчэ прасцей загадзя сабраць невялікі набор і трымаць яго ў багажніку. Спецыялісты раяць мець бутэльку або пульверызатар з вадой і невялікай колькасцю вадкага мыла, а таксама некалькі мяккіх анучак з мікрафібры.
Галоўнае, ад чаго засцерагаюць эксперты, — не выкарыстоўваць жорсткія шчоткі і кухонныя губкі і не спрабаваць адскрэбці засохлы памёт. Прынцып просты: спачатку размягчыць, затым змыць вадой і толькі пасля гэтага асцярожна прамакнуць рэшткі мяккай тканінай.
Каментары