Рэканструкцыю Пішчалаўскага замка, будынка былога СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў цэнтры Мінска плануюць завяршыць у 2027 годзе. Упершыню агенцтва «Мінск-Навіны» апублікавала рэндэры таго, як будуць выглядаць унутраныя памяшканні пасля перабудовы.

Асноўная мэта заяўленых работ — максімальна наблізіць будынак да яго першапачатковага выгляду. Фасаду вернуць ахрыстые адценне, якое ён меў каля 200 гадоў таму, адновяць дэкаратыўныя паясы і карнізы. Каваную лесвіцу захаваюць і адрэстаўруюць. Таксама адновяць вінтавую лесвіцу ў адной з вежаў, адкуль адкрываецца від на Мінск.
Цяпер будаўнікі рыхтуюць будынак да асноўнага этапу рэканструкцыі: умацоўваюць падмурак і знешнія сцены, падпіраюць столі. Пасля гэтага ўнутры замка разбяруць усе перагародкі, пакінуўшы толькі каркас будынка.
На першых двух паверхах плануюць размясціць фудхолы. Перагародкі, якія раней падзялялі камеры, там прыбяруць. Будаўнікі адзначаюць, што першапачаткова гэтых сцен таксама не было — унутры знаходзіліся вялікія залы.
Цалкам адновяць і чацвёртую вежу замка, якая абрынулася ў 2008 годзе.

Сам Пішчалаўскі замак будуць рэканструяваць на апошнім этапе. Раней за яго плануюць завяршыць аднаўленне аднапавярховай стайні, якую фактычна ўзводзяць нанова. Работы там ужо набліжаюцца да завяршэння, пасля чаго ў будынку адкрыюць кавярню. Затым пачнецца рэканструкцыя былога будынка адміністрацыі.

Усяго праект прадугледжвае некалькі этапаў. На першым знеслі непрывабныя будынкі, якія не маюць гістарычнай каштоўнасці. Цяпер працягваецца другі этап. На трэцім непасрэдна зоймуцца замкам. Пасля завяршэння рэканструкцыі прыбяруць і сцяну вакол тэрыторыі. Раней яна была часткай турэмнай агароджы, а цяпер выкарыстоўваецца для абмежавання доступу на будаўнічую пляцоўку. Пасля яе дэмантажу тэрыторыя замка стане адкрытай прасторай.

Пішчалаўскі замак быў пабудаваны ў цэнтры Мінска ў 1825 годзе як астрог. На працягу амаль 200 гадоў ён і выкарыстоўваўся як турэмная ўстанова. З 1940‑х гадоў тут размяшчаўся СІЗА № 1, вядомы ў народзе як Валадарка — паводле назвы вуліцы Валадарскага. Гэта была адна з самых вядомых турэмных устаноў Беларусі. У 2024 годзе ізалятар расфармавалі, а яго функцыі перанеслі ў Калядзічы.
Пасля рэканструкцыі ў замку плануюць размясціць розныя арганізацыі і камерцыйныя праекты. Сярод заяўленых брэндаў — «Мінатэль», «Аква-Мінск», «Белкаапсаюз», бізнэс-цэнтр «Сталіца», гандлёвы цэнтр «Сталіца» і «Камунарка».
Каментары