Свет

Прынцэса зразумела, што яе абрабавалі, калі ўбачыла свой заручальны пярсцёнак на вокладцы каталога аўкцыёну

Пакуль іарданская прынцэса перажывала пандэмію за мяжой, з яе раскошнага дома ў Лондане знікалі каштоўнасці. Некаторыя з іх паспелі прадаць на аўкцыёнах, а гаспадыня нават не падазравала пра крадзеж. Цяпер у гэтай справе судзяць чалавека, якому яна давярала больш за дзесяць гадоў.

Іарданская прынцэса Фірыял Іршаід. Фота: Aaron Chown / PA Images via Getty Images

81‑гадовая Фірыял Іршаід — былая жонка іарданскага прынца Мухамада бін Талала, малодшага брата караля Хусэйна. Яны ажаніліся ў 1964 годзе, але праз 14 гадоў іх шлюб распаўся. Жанчына шмат гадоў калекцыянуе ювелірныя вырабы і лічыць іх не толькі захапленнем, але і ўдалым укладаннем грошай.

Як піша The Independent, у лістападзе 2020 года прынцэсе патэлефанаваў яе сябар П'ер Жанэ, звязаны з вядомай ювелірнай кампаніяй JAR. Ён задаў нечаканае пытанне: ці не вырашыла яна распрадаць свае ўпрыгажэнні?

«Я адказала: «Не. Пра што ты гаворыш?» Тады ён сказаў, што мой заручальны пярсцёнак змешчаны на вокладцы каталога аўкцыённага дома», — цытуе выданне словы прынцэсы ў судзе.

Паводле Фірыял, пярсцёнак быў зроблены спецыяльна да яе заручын, другога такога ў свеце не існуе, таму памыліцца было немагчыма.

У судзе Іршаід прызналася, што ў сваім доме ў лонданскім раёне Белгравія захоўвала каштоўнасці даволі адкрыта. Упрыгажэнні ляжалі ў шафах, часта незамкнёных, а тыя, якія яна насіла на працягу тыдня, маглі заставацца проста на стале.

«Я нічога не хавала. Любы мог узяць тое, што хацеў, калі меў такі намер», — сказала прынцэса.

У сакавіку 2020 года, на самым пачатку пандэміі каранавіруса, жанчыне патэлефанаваў сын і паведаміў, што ў яе ёсць усяго тры гадзіны, каб паспець на апошні самалёт у Іарданію да закрыцця аэрапорта. Прынцэса тэрмінова з'ехала, бо не хацела заставацца ў Вялікабрытаніі без сям'і. Даглядаць асабняк засталася толькі хатняя работніца Марыя Вірхеліна Таборда Энаа, якая працавала ў яе ўжо 11 гадоў. У адрозненне ад ахоўнікаў, якім дазвалялася знаходзіцца толькі звонку, яна магла свабодна перамяшчацца па доме.

Праз некаторы час работніца папрасіла дазволіць сваёй сястры таксама там пасяліцца. Фірыял пагадзілася, а пасля нават прызначыла ёй зарплату. Паводле прынцэсы, просьба здалася ёй дзіўнай, але асаблівых падазрэнняў не выклікала.

Каштоўнасці на аўкцыёне

Пакуль прынцэса знаходзілася ў Іарданіі, на аўкцыёнах у брытанскім Кентэрберы пачалі з'яўляцца ювелірныя вырабы з яе калекцыі. У сакавіку, маі і жніўні 2020 года частку ўпрыгажэнняў прадалі, але іх гаспадыня пра гэта нічога не ведала.

Усё змяніў тэлефонны званок П'ера Жанэ. Пасля размовы з даўнім сябрам прынцэса пачала разбірацца, што здарылася з яе калекцыяй. Яна атрымала каталогі папярэдніх аўкцыёнаў і са здзіўленнем знайшла там іншыя свае каштоўнасці.

Аднак вярнуць іх было няпроста. Паводле Фірыял, калі яна звязалася з кіраўніком аўкцыённага дома і паведаміла пра крадзеж, той паставіўся да яе слоў з недаверам.

Каб даказаць права ўласнасці, ёй давялося збіраць дакументы, якія захаваліся ў Іарданіі: рахункі за пакупкі, старыя каталогі і фатаграфіі. На адным здымку яна была ў завушніцах, якія пазней апынуліся сярод скрадзеных рэчаў. На іншым быў бачны бранзалет у яе доме.

Хто злодзей?

Паступова расследаванне прывяло да людзей, якім прынцэса даверыла сваю лонданскую рэзідэнцыю. Паліцыя правяла ператрус у доме хатняй работніцы і знайшла яшчэ некалькі зніклых прадметаў, у тым ліку шлюбны пярсцёнак, пару завушніц і каралі з каштоўнымі камянямі.

Марыя Вірхеліна Таборда Энаа. Фота: Jordan Pettitt / PA Images via Getty Images

Следства мяркуе, што да продажу каштоўнасцей быў датычны і яе пляменнік Хуліян Рамірэс. Паводле абвінавачання, ён быў адным з галоўных пасрэднікаў пры перадачы скрадзеных рэчаў на продаж. У кастрычніку 2023 года, знаходзячыся на волі пад абавязацельствы перад паліцыяй, мужчына, як мяркуецца, вылецеў у Калумбію.

Цяпер 71‑гадовую Таборду Энаа судзяць у Лондане паводле абвінавачання ў крадзяжы маёмасці працадаўцы. Жанчына сваёй віны не прызнае. Судовы працэс працягваецца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх9

Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Хто будзе прэзідэнтам ва Украіне, вырашыць украінскі народ. Гэта не пытанне Трампа6

Юны расійскі лейтэнант быў шакаваны нападам на Украіну. Ён выйшаў на сувязь з украінцамі і стаў самым каштоўным агентам28

Памерла Зінаіда Харытончык — выкладчыца Лінгвістычнага ўніверсітэта з 60‑гадовым стажам3

Зяленскі пагадзіўся б не наносіць удары па расійскіх энергааб’ектах у абмен на пашырэнне зоны пакрыцця Starlink углыб Расіі9

Памёр акадэмік Яўген Бабосаў2

Эн Эплбаум: Чарговая спроба дамовіцца з Лукашэнкам праваліцца6

Ціханоўскі назваў аналітыка Юрыя Дракахруста «дура-дурахрустам», «дуракахрустам» і нават «пердахрустам»87

Ці пакараюць «Яндэкс таксі» за збоі ў Беларусі?1

Ціханоўскі: Легітымнасці Ціханоўскай ад беларусаў зусім трошкі — каляофісныя структуры і пару неабыякавых чалавек117

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх9

Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць