Вілу каля Мінскага мора за 4,45 мільёна даляраў купіла кампанія, звязаная з «кашальком Лукашэнкі» Вараб'ём
Нядаўна стала вядома, што адзін з дамоў у закрытым комплексе Miruar на Мінскім моры прадалі за 4,45 мільёна даляраў. Выданне «Люстэрка» даведалася, хто заключыў беспрэцэдэнтна буйную для Беларусі здзелку. Аказалася, што за пакупкай катэджа ў «пасёлку мільянераў» стаіць кампанія, звязаная з Мікалаем Вараб'ём, якому Лукашэнка днямі прапанаваў «перадаць» частку зямель у Верхнядзвінскім раёне.

Магчыма, самая буйная здзелка з загарадной нерухомасцю за ўсю гісторыю краіны
У верасні 2026 года купец аддаў 4,45 мільёна даляраў за дом і ўчастак у жылым комплексе Miruar на вуліцы Прыбярэжнай. Геаграфічна ён размешчаны ў аграгарадку Ждановічы Мінскага раёна.
Плошча дома — 521,9 квадратнага метра, гэта двухпавярховая віла 2025 года пабудовы. Яна размешчаная на ўчастку плошчай больш за 17 сотак у непасрэднай блізкасці ад Мінскага мора. Хто ж быў купцом?
Як стала вядома «Люстэрку» ад дасведчанай крыніцы, вілу выкупіла юрыдычная асоба ТАА «Мінерал Гудс Трэйд». Гэта нядаўна заснаваная кампанія, якая атрымлівае мільённыя прыбыткі. Яе звязваюць з Мікалаем Вараб'ём — вядомым бізнэсменам, блізкім да ўлады.

Аўтары выдання Wikidom адзначалі, што гэта пакупка катэджа ў Miruar магла аказацца самай буйной здзелкай з загараднай нерухомасцю за ўсю гісторыю краіны. Па іх інфармацыі, папярэднія рэкорды ў гэтай сферы не перавышалі трох мільёнаў. За катэджы ў Miruar да гэтага плацілі каля 990 тысяч — 1,2 мільёна даляраў.
«Я вось дома адзначыў, што ты павінен узяць»
Цікава, што 15 кастрычніка Мікалай Варабей удзельнічаў у «працоўнай паездцы» Аляксандра Лукашэнкі ў Верхнядзвінскі раён і паказваў іншы свой актыў — сельскагаспадарчы ўчастак прадпрыемства «Чырвоны Бор Агра».
Як піша прэс-служба палітыка, яшчэ да прыезду ў рэгіён Лукашэнка «ўважліва вывучыў карту раёна і вызначыў тыя землі, якія можна прапанаваць эфектыўнаму прыватніку пад развіццё вытворчасці».

«Мікалай, калі ты хочаш падтрымкі, я вось дома адзначыў, што ты павінен узяць. Я табе гатовы гэта перадаць, — звярнуўся Лукашэнка да бізнэсмена, паказваючы на карце канкрэтныя ўчасткі зямель. — Тут трэба кардынальна нешта зрабіць. Да гэтага комплексу (жывёлагадоўчага. — Заўв. рэд.) патрэбныя кармы. Гэтыя землі, якія ёсць, павінны забяспечыць цябе кармамі. Прапануй да вясны мне план».
Малая арганізацыя з вялікімі сувязямі
Мікалай Варабей — адна з самых загадкавых фігур у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі. Ён трымаецца ў цені і не дае інтэрв'ю.
Варабей уваходзіць у топ паспяховых бізнэсменаў Беларусі з актывамі ў паліўнай і лагістычнай галінах. Ён знаходзіцца пад санкцыямі ЕС са снежня 2020 года і пад санкцыямі ЗША — са жніўня 2021-га. У чорны спіс амерыканскага ўрада трапіла таксама частка яго актываў: «Інтэрсэрвіс», «БелКазТранс», «Новая нафтавая кампанія» і іншыя.
Кампанію «Мінерал Гудс Трэйд» зарэгістравалі ў снежні 2022 года ў Наваполацку. Яна мае афіцыйны статус малой арганізацыі — у ёй працуе менш за 50 чалавек. Асноўны від дзейнасці — аптовы гандаль паліўным мазутам. Мяркуючы па справаздачах, кампанія таксама займаецца гандлем бензінам, газам і дызельным палівам. Нядаўна да гэтага спісу дадаліся гатэльныя, турыстычныя і бытавыя паслугі, перавозкі, тэхабслугоўванне транспарту, вырошчванне сельгаскультур і жывёлагадоўля, а таксама вытворчасць харчовай прадукцыі.
У фірмы ёсць ліцэнзіі на рознічны гандаль алкаголем і тытунёвымі вырабамі. А таксама дазвол МУС на дзейнасць, звязаную са службовай і цывільнай зброяй і боепрыпасамі.
Фармальна гэты актыў Вараб'ю не належыць. Аднак расследавальнікі выдання «Бюро» звярталі ўвагу на тое, што сувязі заўважныя. Менавіта на гэтую юрасобу цяпер аформлены турыстычны комплекс «Чырвоны Бор» у Верхнядзвінскім раёне і некалькі пунктаў грамадскага харчавання непадалёк. Да ўвядзення санкцый туркомплексам кіравала падкантрольная Вараб'ю кампанія «Інтэрсэрвіс».

Згодна са справаздачамі, «Мінерал Гудс Трэйд» вельмі паспяховая. У 2024 годзе яе выручка перавысіла 3,5 мільярда рублёў, а чысты прыбытак (грошы, якія засталіся пасля выліку ўсіх выдаткаў і падаткаў) — 51 мільён рублёў. Па выніках 2025 года выручка ўпала да 715 мільёнаў рублёў, а чысты прыбытак зноў пераваліў за 50 мільёнаў. Аўтары выдання «Бюро» назвалі такія поспехі фенаменальнымі.
Бізнэсмен Варабей запэўніў, што Лукашэнка перадае яму зямлю не задарма
Лукашэнка прапанаваў аддаць частку Верхнядзвінскага раёна бізнэсмену Вараб'ю
Мільянер Варабей атрымаў права на забудову цэнтра Мінска — узамен за дарагую клініку для Лукашэнкі
Апублікаваны новы топ-100 самых паспяховых бізнэсменаў Беларусі
Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку
Каментары