Усяго патроху11

Паміж катамі ды іх гаспадарамі знайшлі гарманальную сувязь

Эмацыйны стан гаспадароў можа ўплываць на самаадчуванне іхніх катоў. Пра гэта сведчыць даследаванне навукоўцаў з Кіёцкага ўніверсітэта і ўніверсітэта Адзабу, якія выявілі сувязь паміж узроўнем гармонаў у людзей і іхніх хатніх жывёл, піша The Independent.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

На працягу месяца даследчыкі назіралі за 19 уладальнікамі і 29 свойскімі катамі. Яны вымяралі ў мачы ўзровень аксітацыну — так званага «гармону любові», які звязваюць з сацыяльнай прыхільнасцю і пачуццём блізкасці, — а таксама картызолу, асноўнага гармону стрэсу. Акрамя таго, навукоўцы вывучалі, як часта людзі ўзаемадзейнічалі са сваімі гадаванцамі.

Высветлілася, што больш высокі ўзровень аксітацыну ў катоў быў звязаны з павышаным узроўнем гэтага гармону ў іхніх гаспадароў. Калі ў жывёл узрастала канцэнтрацыя аксітацыну, уладальнікі паведамлялі пра менш выражаныя трывожнасць, дэпрэсіўныя сімптомы, напружанне і парушэнні настрою.

Адначасова даследаванне выявіла сувязь паміж стрэсам гаспадароў і гарманальным станам катоў. У людзей з больш высокім узроўнем картызолу ў гадаванцаў выяўлялі менш аксітацыну. Гэта можа сведчыць пра тое, што стрэс чалавека звязаны са зніжэннем узроўню гармону, які ўдзельнічае ў фармаванні сацыяльных сувязяў.

Навукоўцы таксама высветлілі, што час, праведзены побач з катом, звязаны з самаадчуваннем гаспадара. Для адсочвання перамяшчэнняў жывёлін выкарыстоўвалі Bluetooth-маячкі на іхніх ашыйніках. Аказалася, што людзі, якія больш часу знаходзіліся побач са сваімі гадаванцамі, мелі вышэйшыя паказчыкі энергічнасці і жыццёвага тонусу. Пры гэтым працягласць жыцця ката ў сям’і не ўплывала на гэтыя паказчыкі.

Кіраўніца даследавання, даследчыца паводзін жывёл з Кіёцкага ўніверсітэта доктар Сахо Такагі патлумачыла, што непасрэдная фізічная блізкасць да ката, якая можа ўключаць пагладжванне, гульні і іншыя формы кантакту, звязаная з больш станоўчым эмацыйным станам чалавека.

Каб высветліць, ці звязаны ўзровень гармонаў з паводзінамі жывёл, даследчыкі правялі дадатковыя тэсты. Каты з больш высокім узроўнем аксітацыну часцей набліжаліся як да сваіх гаспадароў, так і да незнаёмых людзей. Жывёлы з больш высокім узроўнем стрэсу, наадварот, радзей набліжаліся да незнаёмцаў.

Паводле слоў Сахо Такагі, вынікі паказваюць, што каты не проста пасіўныя спадарожнікі чалавека, а здольныя актыўна ўдзельнічаць у эмацыйным узаемадзеянні з людзьмі.

Раней значна больш падрабязна даследавалі фізіялагічную сувязь паміж людзьмі і сабакамі. Новае даследаванне дае аб’ектыўныя сведчанні таго, што падобныя гарманальныя ўзаемасувязі могуць існаваць і паміж людзьмі ды катамі, якіх традыцыйна лічаць больш эмацыйна незалежнымі за сабак. Пры гэтым выяўленыя сувязі самі па сабе яшчэ не даказваюць, што змены ўзроўню гармонаў непасрэдна выклікаюць адпаведныя змены настрою або паводзін.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт29

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прыгразіў Украіне і Расіі пошлінамі 200 працэнтаў5

Шэкспір пісаў п'есы разам са сваім найвядомейшым канкурэнтам. Навукоўцы знайшлі новыя доказы2

Кіраўнік Пентагона загарэўся паставіць у сябе ў кабінеце глобус Эйзенхаўэра. Але па дарозе рэліквію растаўклі10

Праз больш чым 30 гадоў адсутнасці ў Беларусі зноў заўважылі прыкметы жыцця хахулі2

Украіна і Расія абвясцілі рэжым спынення агню ў раёне Алешак з 27 кастрычніка3

Сотні беларусаў аформілі на сябе банкаўскія карткі, каб прадаць іх расійскім махлярам1

Акіян страчвае свае «трапічныя лясы». Прагнозы навукоўцаў невясёлыя

У Мінску гатовыя плаціць шэф-кухару 16,5 тысячы рублёў

Бацьку Меган Маркл абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над дзецьмі. Яна не стала маўчаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт29

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць