Белы дом пацвердзіў наяўнасць вагнераўцаў у Беларусі
18.07.2023 / 10:59
Каардынатар па стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі на брыфінгу распавёў пра вядомыя яму перамяшчэнні расійскіх наймітаў.
Джон Кірбі. Фота: AP
17 ліпеня адзін з афіцыйных прадстаўнікоў Белага дома Джон Кірбі падчас брыфінгу пацвердзіў факт знаходжання байцоў ПВК «Вагнер» у Беларусі. Відэа брыфінгу прыводзіць тэлеканал C-SPAN.
Па словах Кірбі, усяго перамяшчэнні вагнераўцаў зафіксаваныя ў трох месцах: у Беларусі, у Афрыцы і на ўсходзе Украіны.
«Мы не ведаем, дзе знаходзіцца асноўная частка гэтых наймітаў. Пакуль вядома дакладна, што частка з іх ужо ў Беларусі, іншыя атрады накіраваліся ў Афрыку. Безумоўна, яны яшчэ застаюцца на акупаваных тэрыторыях Украіны», — паведаміў Джон Кірбі.
Ён таксама дадаў, што перамяшчэнні і актыўнасць вагнераўцаў цяпер ніяк не ўплываюць на баявую абстаноўку ва Украіне.
Нагадаем, што, паводле спадарожнікавых здымкаў, у лагеры пад Асіповічамі на гэты момант знаходзіцца каля ста адзінак вайсковай тэхнікі «Вагнера». Па свежай інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у Беларусь прыбыло ўжо тры калоны расійскіх наймітаў.
Чытайце таксама:
У Белым доме пракаментавалі, ці быў мяцеж «Вагнера» толькі прыкрыццём для яго пераезду ў Беларусь
Беларусы зноў могуць падаць заяўку на ўдзел у прэстыжнай амерыканскай адукацыйнай праграме