Праз месяц беларусы змогуць ездзіць без візы ў Нікарагуа
Беларусь і Нікарагуа ўзаемна адмяняюць візы, вынікае з міжурадавага пагаднення, апублікаванага 6 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент уступае ў сілу праз 30 дзён.
Паводле дакумента, грамадзяне Беларусі і Нікарагуа змогуць узаемна знаходзіцца, уязджаць або рухацца транзітам на тэрыторыі абедзвюх краін без візаў.
Аднак тэрмін знаходжання беларусаў у Нікарагуа не павінен перавышаць 90 дзён з дня ўезду або больш за 90 дзён за час каляндарнага года. Калі ж хто захоча затрымацца там на большы тэрмін, то яму адкрываць візу ўсё ж прыйдзецца.
Пагадненне заключаецца на нявызначаны перыяд.
Праўда, з Мінска да Манагуа, сталіцы Нікарагуа, прамых рэйсаў няма, ёсць толькі з некалькімі перасадкамі. Паводле даных сэрвісаў па падборы авіябілетаў, найбольш аптымальныя маршруты: Мінск — Кутаісі — Мадрыд — Маямі — Манагуа (амаль 54 гадзіны ў дарозе) альбо Вільня — Осла — Маямі — Манагуа (каля 19 гадзін дарогі без уліку часу даезду да Вільні).
Адлегласць паміж Мінскам і Манагуа — 10 405 км.
Чытайце таксама:
Пераможцай конкурсу прыгажосці «Міс Сусвет» стала прадстаўніца Нікарагуа