Свет11

«Такіх эмоцый, што «ваў!» — іх шмат!» Падарожнік з Салігорска расказаў, як праехаў на скутары ўсю Лацінскую Амерыку

«Радыё Унэт» у рамках праекта «Свае людзі» паразмаўляла з вулічным артыстам, блогерам і вольным падарожнікам з Салігорска Аляксандрам Гойшыкам, які зараз знаходзіцца… недзе ў Паўднёвай Амерыцы.

Распачаў я падарожжа ў сярэдзіне кастрычніка 21-га года. Спачатку я прыляцеў у Мексіку, дзе ёсць невялічкая беларуская дыяспара, некалькі гарадоў, дзе жывуць беларусы. Два тыдні пабыў там. Наведаў нашых беларусаў. Пасля паехаў у Гватэмалу. І ў Гватэмале, уласна кажучы, і распачалася мая прыгода.

Пасля трох тыдняў вывучэння мовы я купіў праз маркетплэйс на фэйсбуку ўжываны скутар. І мне спатрэбіўся цэлы месяц, каб аформіць яго на сябе, каб прайсці ўсе кругі гватэмальскага бюракратызму. Пасля я паездзіў на скутары па Гватэмале.

Фота: Аляксандр Гойшык

Гватэмала — адна з самых цікавых краін рэгіёна Лацінскай Амерыкі. Там фантастычная прырода, там ёсць вельмі шмат дзейных, актыўных вулканаў. І таксама вельмі цікавая з культурнага гледзішча. Гэта краіна, дзе большасць насельніцтва складаюць карэнныя індзейцы майя. І культура майя ў Гватэмале захавалася: ты можаш бачыць людзей у нацыянальных строях.

І людзі размаўляюць на сваіх мовах. Афіцыйная, галоўная мова Гватмалы — мясцовая іспанская, альбо кастаяна, але афіцыйнымі таксама з'яўляюцца яшчэ 22 мовы майя і дзве мовы індзейцаў з іншай групы, якія не адносяцца да майя. То-бок, апроч кастаяна, яшчэ ёсць 24 афіцыйныя індзейскія мовы.

Фота: Аляксандр Гойшык

Таксама захаваліся піраміды майя — комплекс Цікаль — самы вялікі ў свеце комплекс пірамід майя. І ў сталіцы, Гватэмала-сіці, ёсць вельмі цікавы музей кнігі Попал-вух — гэта святая кніга, кодэкс правіл для майя. І яна расшыфраваная. То-бок мову майя ўдалося расшыфраваць. І можна самому ўсё гэта пачытаць, даведацца — ёсць вельмі цікавы музей.

З Гватэмалы паступова, павольна скутарам я паехаў у Сальвадор, Нікарагуа, Гандурас, Коста-Рыку і Панаму. З Панамы да Калумбіі няма дарогі.

Фота: Аляксандр Гойшык

Панамерыканская шаша там перарываецца на 70 кіламетраў. І там прыйшлося шукаць нейкі варыянт, каб адправіць скутар у Калумбію. Аказалася, што з маім скутарам, які важыць усяго 100 кілаграмаў, было прасцей адправіць яго грузавым самалётам, чым шукаць марскі кантэйнер, каб марскім шляхам пераправіць. Паветраным шляхам ужо праз два дні ў Багаце — сталіцы Калумбіі, і можна было забіраць скутар.

І далей я ехаў-ехаў, недзе год ужо еду скутарам, і я даехаў паступова праз Калумбію, Эквадор, Перу, Балівію, праехаў Аргенціну і зараз вось даехаў скутарам да Уругвая. І тут я вырашыў скутар пакінуць, каб улегцы, з адным заплечнікам паехаць на самы «край свету». Я ўжо рабіў некалькі разоў так. Я пакідаў скутар у Багаце ў знаёмага на парковачным месцы, каб паляцець у Амазонію.

Самалётам з Багаты да Летысіі — гэта гарадок у калумбійскай частцы Амазоніі, там стык трох межаў — Калумбіі, Перу і Бразіліі. Там я па зямлі перайшоў мяжу з Бразіліяй і шэсць дзён агулам плыў паромамі праз Амазонку. Тры дні да Манауса — гэта галоўны горад штата Амазонас, двухмільённы мегаполіс, куды няма фактычна нармальнай дарогі, закінуты ў джунглях. І пасля яшчэ два гарады — Сантарэм і Макапа, па паўтара дня да кожнага трэба было плыць. Фактычна я дабраўся да месца, дзе Амазонка ўпадае ў Атлантычны акіян.

Адтуль аўтобусамі праехаў да Французскай Гвіяны — гэта французская частка, а яшчэ ёсць Сурынам — гэта колішняя галандская калонія і адзіная краіна на кантыненце, дзе афіцыйная мова — галандская, і Гаяна — гэта колішняя брытанская калонія, і таксама гэта адзіная краіна на гэтым кантыненце, дзе размаўляюць па-англійску.

І пасля праз Бразілію заехаў у Венесуэлу, каб паглядзець, якая нас чакае вельмі кепская будучыня пры самых кепскіх раскладах. Не хацелася б такой будучыні — з абсалютным паліцэйскім сваволлем, з паліцэйскімі пад кожным кустом, паліцэйскімі, якія рабуюць уласны народ, у людзей дома часта няма электрычнасці, няма вады, усё дарагое.

Пасля я вярнуўся ў Багату, ехаў скутарам, даехаў да Лімы — сталіцы Перу. Пакінуў там скутар у хлопца-перуанца, які вучыўся ў нашым наргасе разам з маімі салігорскімі сябрамі. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён доўга не мог знайсці працу ў Беларусі, таму вырашыў вярнуцца дадому, дзе адкрыў сваю невялічкую мясную краму. У яго я пакінуў скутар і паляцеў у Гватэмалу «на канікулы» на месяц.

Калі я заехаў у Аргенціну, у мяне зламаўся скутар — там была праблема з пасам перадачы. А ў Аргенціне такіх скутараў папросту не існуе. Таму я там таксама пакінуў скутар, вярнуўся ў Гватэмалу, пабыў там з каханай, купіў запчасткі для скутара і потым прыехаў назад у Аргенціну. Калі адрамантавалі мне скутар, я праехаў праз Аргенціну да сталіцы Буэнас-Айрэс і потым паромам (гэта самы зручны шлях праз рэчку Рыа-Плата) патрапіў ва Уругвай.

Уругвай — гэта адна з самых заможных краін у рэгіёне. Таму, адпаведна, там і цэны таксама, у адрозненне ад Аргенціны, напэўна, у 5—7, а часам і ў 10 разоў вышэйшыя.

Фота: Аляксандр Гойшык

— А патлумач, у чым розніца паміж Уругваем і Парагваем, які там недалёка знаходзіцца?

— Калі вельмі-вельмі-вельмі ўсё спрасціць, то Парагвай — гэта такая звычайная бедная краіна рэгіёна без выхаду да мора. Уругвай — гэта заможная краіна, якую часам называюць лацінаамерыканскім Монтэ-Карла, з выхадам да мора, да акіяна.

— А што дазваляе Уругваю быць самым заможным у рэгіёне? Можа, там нейкія карысныя выкапні?

— Я думаю, што правільная эканамічная палітыка. Гэтая краіна перажыла дыктатуру, але цяпер у яе адзін з найвышэйшых у свеце паказнікаў дэмакратыі (згодна з рэйтынгам брытанскага цэнтра The Economist Intelligence Unit за 2022 год, Уругвай паводле паказнікаў дэмакратыі займае 13-е месца ў свеце паміж Канадай і Люксембургам, апярэджваючы Нямеччыну, Вялікабрытанію, Францыю і нават ЗША, Беларусь у гэтым рэйтынгу на 146-м месцы са 167 краінаў — РУ), праведзеныя рэформы з прыцягненнем інвестыцый і гэтак далей. Там бяспечна, там нізкі ўзровень карупцыі, у адрозненне ад суседніх Аргенціны, Бразіліі ці таго ж Парагвая. Таму я думаю, што за кошт гэтага яны такія багатыя.

Фота: Аляксандр Гойшык

— Ты казаў пра тое, што ў Гватэмале карэнныя народы — індзейцы майя, маюць вялікі адсотак сярод насельніцтва, іхнія мовы маюць афіцыйны статус. А які стан карэнных народаў у іншых краінах, якія ты наведаў?

— У іншых краінах ёсць індзейцы іншай групы — інкаў — у Перу і часткова ў Балівіі, у Эквадоры. Але яны не пакінулі ніякай пісьмовай спадчыны пасля сябе. І я амаль што не чуў, каб нехта размаўляў на кечуа — на мове інкаў. Фактычна, у Перу — гэта асноўная краіна інкаў, Мачу-Пікчу — іхні галоўны гістарычны аб’ект, які яны пасля сябе пакінулі, яшчэ безліч ёсць розных месцаў, але амаль не адчуваеш, каб нехта ўжываў сваю мову. У адрозненне ад Гватэмалы, індзейцы-інкі амаль што страцілі гэта ўсё і асіміляваліся. Засталося толькі тое, што яны апранаюць нацыянальнае адзенне (у іх такія капелюшы модныя), але ў паўсядзённым жыцці яны такія іспанізаваныя.

— Ці сустракаў ты, акрамя Мексікі, на сваіх лацінаамерыканскіх пуцявінах яшчэ недзе беларусаў ці нейкія згадкі пра Беларусь?

— Я ведаю, што ёсць беларуска ў Гватэмале, якая кіруе дабрачынным шпіталем у аддаленай правінцыі для індзейцаў майя. Мы дамаўляліся сустрэцца, але нешта не атрымалася.

Пасля гэтага я ў Панаме, калі плаваў на выспы Дэльторэ, на пароме, калі вяртаўся, пазнаёміўся з матарыстам парома Юрам. Ён з Літвы сам і па кантракце там ужо некалькі гадоў працуе, таму што стары савецкі паром быў спісаны некалі ў Літве і яго набылі ў Панаму разам з камандай. І ён мне расказваў, што ў Панама-сіці ёсць сям’я беларусаў.

Беларусаў асабіста я сустракаў у Эквадоры — наш хлопец, які займаецца тым, што здымае рэпартажы, нейкія там дакументальныя фільмы пра калумбійскіх і венесуэльскіх уцекачоў у Эквадоры. Таксама сустрэў аднаго і таго ж хлопца-менчука, спачатку ў Багаце ў Калумбіі, а пасля, пакуль я ехаў, ён перабраўся жыць у Ліму — у Перу, і там я зноў з ім сустрэўся і нават пажыў некаторы час. Ён займаецца тым, што прадае сістэмы для анлайн-покера.

І нядаўна я быў у Буэнас-Айрэсе і сустракаўся са сваімі салігорскімі землякамі. Людзі, якія раней працавалі ў Расіі, пасля пачатку вайны, калі ўсё пачало валіцца, кампанія, дзе яны працавалі, закрылася і яны вырашылі перабрацца ў Буэнас-Айрэс.

Ведаю пра беларусаў у Чылі, маю іх кантакт. І ведаю пра вельмі актыўных беларусаў у Бразіліі. Да іх я, уласна кажучы, еду — гэта мой фінальны пункт. Там я хачу прадаць скутар і працягнуць падарожжа ў Новую Зеландыю, Аўстралію, Кітай, Японію, Карэю, Манголію.

— Што цябе найбольш уразіла за гэтае тваё падарожжа па Лацінскай і Паўднёвай Амерыцы?

— Напэўна, самай такой вялізнай эмоцыяй, самым вялізным уражаннем было, калі я быў у Аргенціне ў Кордабе, трэцім па велічыні горадзе краіны, і калі зборная Аргенціны перамагла ў чэмпіянаце (па футболе). І пачаліся гэтыя проста шалёныя святкаванні — гэта проста не апісаць словамі.

Фота: Аляксандр Гойшык

А агулам — вельмі шмат розных уражанняў. Напрыклад, той жа Цікаль у Гватэмале — вялікія піраміды майя, ці Мачу-пікчу — храм індзейцаў інкаў у Перу, ці самы вялікі ляднік у Аргенціне Пэрыта-Марэна, калі ты бачыш вось гэтую стыхію, бачыш з адлегласці паўкіламетра гэты агромністы ляднік, бачыш, як з яго адколваюцца глыбы, вышынёй з дзевяціпавярховы дом, — гэта, канешне, вельмі моцныя ўражанні.

Ці прайсці ўсю Амазонку — праплыць на паромах, тры дні плывучы да аднаго горада, спаць у гамаках, як усе мясцовыя, — гэта таксама вельмі моцныя ўражанні. Ці ў Венесуэле бачыць гэтыя партрэты Чавеса ці Балівара на кожным кроку — гэта таксама моцна ўражвае. Такіх эмоцый, што «ваў!», — іх шмат!

Каментары1

  • хх
    15.03.2023
    і ніводнага каментара...

    а досыць цікавыя назіранні хлопца...

    момант -
    "— А што дазваляе Уругваю быць самым заможным у рэгіёне? Можа, там нейкія карысныя выкапні?
    — Я думаю, што правільная эканамічная палітыка. Гэтая краіна перажыла дыктатуру, але цяпер у яе адзін з найвышэйшых у свеце паказнікаў дэмакратыі"

    даруе невялічкую надзею ў гэты змрочны-змрочны час...

Цяпер чытаюць

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў1

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Усе навіны →
Усе навіны

«Карацей, псеўдаветэраны». «Войска НКВД». Тыкток паставіў дыягназ парадам25

Аўтар расійскага «Коммерсанта» выбачыўся перад Лукашэнкам за тое, як апісаў ягоны прыезд на парад17

«Жэня ў нас ногі страціў». На парад у Мінск прыехалі вагнераўцы-беларусы — расказваем, хто яны20

Праўладныя каналы абурыліся паводзінамі падлеткаў падчас салюту ў Магілёве. Дзяўчатак ужо знайшлі сілавікі19

Стала вядома, што будзе з закрытым «Домам кіно» у Мінску4

Крэпасці, каналы і лунаючыя скалы. Куды паехаць з Гродна на вялікія майскія выхадныя4

Расія закрые неба над Капусціным Ярам. Раней так рабілі пры атацы «Арэшнікам»

Максім Недасекаў выставіў на продаж машыну. Сцвярджае, што хоча набыць нерухомасць8

Еўрапейскія лідары прыехалі ў Кіеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў1

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць