БЕЛ Ł РУС

Больш шкодзяць звычайным беларусам, чым рэжыму Лукашэнкі. Офіс Ціханоўскай пракаментаваў забарону Літвы ўвозіць прадукты

4.06.2024 / 8:36

Nashaniva.com

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч пракаментаваў новыя абмежаванні ўладаў Літвы супраць імпарту прадукцыі з Беларусі і Расіі. У спісе забароненай прадукцыі апынулася больш за 2800 пазіцыяў, сярод іх — жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, зерневыя, крупы, масла, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Варшавка Граница Брест-Тересполь / Telegram

Паводле слоў Аляхновіча, у 2023 годзе імпарт Літвы з Беларусі і Расіі дасягнуў гістарычнага мінімуму. Вільня імпартавала з Беларусі тавараў на суму $302 млн, што адпавядала 0,6% імпарту краіны. Падсанкцыйныя тавары — гэта трэцяя частка ад указанага імпарту. У сувязі з тым, што гэты імпарт мізэрны ў маштабах усёй Літвы, то наўрад ці такія крокі дадуць нейкую палёгку для літоўскіх кампаніяў.

«Менавіта таму абмежаванні маюць палітычны, а не эканамічны характар. Гэта працяг паслядоўнай палітыкі ціску супраць рэжыму Лукашэнкі і Пуціна.

На жаль, у дадзеным выпадку абмежаванні ўжо закранулі не толькі імпарт у прамысловых маштабах, але і звычайных грамадзян, якія вязуць з сабой прадукты харчавання для асабістых мэтаў, а часам і іншыя тавары, такія як лекі, якіх не было ў санкцыйным спісе», — кажа Аляхновіч.

Паводле яго слоў, такія дзеянні больш шкодзяць звычайным беларусам, чым рэжыму Лукашэнкі.

«Абмежаванні ў адносінах да фізічных асобаў — гэта памылка, і мы будзем звяртацца да літоўскага боку з прапановай перагледзець працу мытнай службы», — кажа ён. 

Як паведамляе «Позірк», учора прадстаўнікі Офіса камунікавалі з прадстаўнікамі ўладаў Літвы і звярнулі ўвагу на сітуацыю на мяжы. «Атрымалі канструктыўную рэакцыю», — сказаў галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Офіс Святланы Ціханоўскай «вельмі спадзяецца», што санкцыі на ўвоз аграпрамысловай прадукцыі фізічнымі асобамі з Беларусі ў Літву будуць «змякчаныя або ўдакладненыя».

 

@nashaniva На мяжы з Літвой — горы прадуктаў, напояў і пакетаў #беларусь #литва #граница #нашаніва #беларусьновости #новостибеларуси ♬ Crime Scene - Avery Alexander

Чытайце таксама:

Памежны пераход у Баброўніках пакуль адкрываць не будуць — Сікорскі 

Літва ўскладняе вываз аўтамабіляў у Беларусь, каб іх не перапрадавалі ў Расію

У Літву без ежы, напояў і цыгарэт. Што адбываецца з увозам беларускіх тавараў у Літву?

Увядзенне буфернай зоны на польска-беларускай мяжы адкладаецца

Каментары да артыкула