БЕЛ Ł РУС

«Мы прыйдзем менавіта ў гэтае месца, менавіта сюды». Вольга Чамаданава расказала, як крэатыўна сёлета будуць праводзіць выпускныя

4.06.2024 / 21:43

Nashaniva.com

Былая прэс-сакратарка МУС, а цяпер галоўная адказная за ідэалогію па Мінску Вольга Чамаданава расказала ў эфіры тэлеканала АНТ, як павінны быць арганізаваныя выпускныя вечары. Выглядае, што самастойнасці вучням не дазволяць нават пры выбары месца сустрэчы світанку.

Паводле меркавання Чамаданавай, ісці ў рэстараны адзначаць выпуск школьнікам сэнсу няма ніякага, бо там няма нічога цікавага. Яна сама ўвогуле «не разумее, якія могуць быць успаміны адтуль». Іншая рэч — школьныя будынкі, у якіх будзе арганізаваная сапраўды цікавая дзецям праграма.

Школам, як сцвярджае Чамаданава, дазваляецца запрашаць на вечары сустрэчы абсалютна любых артыстаў і вядучых, «сёння гэта ўрэгулявана на заканадаўчым узроўні».

Ёсць толькі адно нязначнае патрабаванне — праграма павінна адпавядаць густу дырэктара навучальнай установы і быць узгодненая з ідэолагамі. 

«Усе прапановы, вядома ж, павінны быць улічаныя дырэктарам установы адукацыі, праграма ўзгадняецца з упраўленнем культуры: хто запрашаецца на выпускныя вечары».

І добра яшчэ, што прынамсі магчымасць выбару ў цяперашніх выпускнікоў пакуль дапускаецца прынамсі тады, калі яны ўжо праз шмат гадоў будуць арганізоўваць сустрэчы з былымі аднакласнікамі. Там будзе дапушчальны нават рэстаран: 

«Тут яны ўжо будуць вольныя, самастойна прымаць рашэнні, дзе ж яны гэтую сустрэчу арганізуюць. А цяпер для выпускнікоў застаецца галоўным момант развітання са школай».

Месцы для сустрэчы выпускнікамі світанку таксама выбіраюць школы, але і яны не павінны быць выпадковымі:

«Калі гэта ў сельскай школе, то я нават не бяруся меркаваць, безумоўна, гэта традыцыйна, месца каля вадаёма, як правіла. Ну, дзе ж яшчэ можна сустракаць світанак?

Вядома, гэта ўжо загадзя падрыхтаванае пэўнае месца: мы прыйдзем менавіта ў гэтае месца, менавіта сюды, пабачым, як будзе ўзыходзіць сонца, і радавацца таму, што надышоў новы дзень, а новы дзень — гэта новае жыццё.

У гарадскіх школах, разумееце, як бы там ні было, усе выбіраюць сваю пляцоўку, але яна ўсё роўна непарыўна звязана са школай», — патлумачыла Чамаданава.

Пры гэтым, на яе думку,

«самае галоўнае — гэта крэатыўна да гэтай справы паставіцца».

Чытайце таксама:

«Сонца, ты за мяне выйдзеш?» Барысаўскай школьніцы зрабілі прапанову на выпускным вечары ВІДЭА

Мінадукацыі катэгарычна забараніла выпускныя ў кавярнях і рэстаранах

Ці шмат грошай сёлета згубілі падрадчыкі, якія займаюцца арганізацыяй выпускных? Аказваецца, не ўсё так кепска

Без лімузінаў і дыджэяў, але з Годам якасці. Пасля заўвагі Лукашэнкі ў Мінску забаранілі «залішнюю раскошу» на выпускных

Лукашэнка абурыўся выпускнымі на лімузінах

Каментары да артыкула