На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі
Некаторыя чыноўнікі ў ЗША і Еўрасаюзе прапанавалі вярнуць Кіеву ядзерную зброю, ад якой Украіна адмовілася пасля распаду СССР, паведамляе выданне The New York Times.
Фоты: 24-я брыгада УСУ, Vecteezy. Калаж: «Наша Ніва»
Шэраг афіцыйных асоб ЗША і Еўропы актыўна абмяркоўваюць розныя варыянты пасляваеннага стрымлівання Расіі, каб гарантаваць бяспеку і выжыванне Украіны. У якасці такой гарантыі, паводле крыніц The New York Times, у тым ліку разглядаецца размяшчэнне ва Украіне пэўных запасаў як звычайнай канвенцыянальнай зброі, так і ядзернай.
«Некаторыя амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі прапанавалі варыянт, каб ЗША вярнулі Украіне ядзерную зброю, якая была канфіскаваная ў яе пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта стала б магутным стрымальным фактарам, які б дазволіў нанесці знішчальны ўдар па Расіі ў выпадку яе паўторнага ўварвання.
Але такі крок быў бы складаным і меў бы сур'ёзныя наступствы», — гаворыцца ў матэрыяле NYT.
Нагадаем, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на нядаўнім саміце ЕС у Брусэлі адзначыў, што абмяркоўваў з Трампам пытанне ўступлення Украіны ў НАТА і Будапешцкі мемарандум, паводле якога Украіна ў мінулым адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі ад краін-падпісантаў мемарандума падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт незалежнай Украіны ў міжнародна прызнаных межах 1991 года.
«Украіна мела Будапешцкі мемарандум. У ім удзельнічалі ядзерныя дзяржавы. Сярод іх, безумоўна, былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Расія, Францыя. І калі Расія парушыла гэты дакумент, пацярпела толькі Украіна, іншыя ядзерныя краіны не пацярпелі. Украіна аддала ядзерную зброю і сёння ваюе. Пасля гэтага падобным дакументам даверу няма.
У размове з Дональдам Трампам я яму сказаў: які ж у нас выхад? Альбо Украіна будзе мець ядзерную зброю, і тады гэта будзе для нас абарона, альбо мы павінны далучыцца да нейкага альянсу. Акрамя НАТА, мы пакуль не ведаем дзеючых альянсаў. Краіны НАТА сёння не ваююць. У краінах НАТА людзі жывыя… Таму мы выбіраем НАТА, а не ядзерную зброю. Мы выбіраем НАТА. І, як мне здаецца, мяне пачуў Дональд Трамп. Ён сказаў: у вас справядлівыя аргументы», — падкрэсліў Зяленскі.
Таксама ён дадаў, што Трамп падчас сустрэчы даў вельмі прамую інфармацыю, што ён будзе падтрымліваць Украіну.
Чытайце таксама:
Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць