БЕЛ Ł РУС

У Расіі назвалі вуліцу ў гонар дэсанта, які праваліў сваю аперацыю

7.12.2024 / 22:3

Nashaniva.com

Ульянаўскія рэгіянальныя СМІ паведамілі, што адну з новых вуліц горада назвалі ў гонар «герояў Гастомельскага дэсанта». Новую вуліцу адкрываў сам губернатар Ульянаўскай вобласці Аляксей Рускіх. 

Гэтая назва звязана з захопніцкай вайной Расіі супраць Украіны і звязана з пачатковым этапам поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года. 

Тады расійскія войскі, якія самаўпэўнена разлічвалі «ўзяць Кіеў за тры дні», дзеля гэтай мэты хацелі адразу захапіць аэрапорт Антонаў каля пасёлка Гастомель Кіеўскай вобласці.

Баі пачаліся з паветрана-дэсантнай аперацыі Расіі, падчас якой расійскім камандаваннем быў дапушчаны шэраг памылак, што скончылася поўным правалам аперацыі і разгромам дэсантных войскаў. За першыя тры дні штурму аэрапорта Расія страціла забітымі як мінімум 125 дэсантнікаў.

Пасля гэтага тэрыторыю аэрапорта ўсё ж захапілі расійскія вайскоўцы, якія прыбылі з Беларусі праз Чарнобыльскую зону адчужэння, аднак УСУ паспелі пашкодзіць узлётна-пасадачную паласу артылерыяй, што зрабіла немагчымым далейшае перакіданне расійскіх войскаў па паветры.

Правал Гастомельскай аперацыі стаў адным з вырашальных чыннікаў, якія не дазволілі расіянам хутка дасягнуць пастаўленых ваенных мэтаў, перадусім захопу ўкраінскай сталіцы.

Падчас тых баёў 27 лютага 2022 года быў знішчаны ўнікальны ўкраінскі цывільны самалёт Ан-225 «Мрія», які існаваў у адзіным экзэмпляры і быў самым вялікім і грузапад'ёмным самалётам за ўсю гісторыю сусветнай авіяцыі.

Чытайце таксама:

Расіяне не мелі іншага плана захопу Кіева, як высадка ў Гастомелі — Буданаў

Рэзнікаў распавёў пра бункер Мінабароны Украіны ў Гастомелі: палова міністэрства магла трапіць у палон у пачатку вайны

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Пуцін расказаў афрыканскім лідарам новую версію адыходу расійскіх войскаў з-пад Кіева

«Гэта будзе здрада». Залужны не даў падарваць масты ў Кіеве на пачатку расейскага ўварвання

Самы вялікі ў свеце самалёт «Мрія» перад вайной павінен быў пераляцець у Германію, але чамусьці яго пакінулі на месцы — Bild

Каментары да артыкула