Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску
Даносчыца перакананая, што гэта праца шкоднікаў, якія працуюць за гранты.
Навагодняя елка ў Мінску. Фота: sb.by
Спачатку Таццяна Сідаровіч апублікавала ў сваім тэлеграм-канале «Белоруска «топит» поўны захаплення допіс пра цудоўны канцэрт, дзе «рускае падкрэслена», і ярка ўпрыгожаную елку.
Але высокія стандарты Вольгі Бондаравай, якая наведала елку па гэтай парадзе, дзейства задаволіць не змагло.
Яна не змагла прайсці міма вялікага надпісу над сцэнай «З Новым Годам і Раством Хрыстовым». Бондарава абурылася «пачварнай навамовай», а менавіта словам Раство. У сваім руска-беларускім слоўніку студэнтка філфака не змагла адшукаць такога перакладу, толькі пераклады «каляды», «коляды». «Гэта ж узгоднена з гарвыканкамам і мінкультам?»
Слова «Раство» не спадабалася гродзенскай даносчыцы
Каляды — гэта назва народнага зімовага свята дахрысціянскага паходжання, якая пасля прыняцця хрысціянства была перанесена і на свята Божага Нараджэння. У свята шмат варыянтаў напісання, у тым ліку яго называюць і Раством.
Паводле слоўнікаў, да якіх чамусьці не мае доступу гродзенская даносчыца, у старабеларускай мове словы роство, розтво фіксуюцца яшчэ ў 1387 годзе.
Ва ўсходніх славян у XI—XII стст. свята мела назву рожьство, пазней — рожество. Слова ўтворана ад радзіць. У народнай мове яно зафіксавана ў розных формах раздво, ражаство, ражство, раждво і г.д. Але паколькі сёння яно ўспрымаецца многімі як русізм ад Рождество, то часта саступае больш выражана беларускаму варыянту — Нараджэнне Хрыстова.
Віфліемская зорка на навагодняй елцы ў Мінску
Ружа вятроў на сцягу НАТА
Таксама Бондараву не задаволіла форма зорак на навагодняй елцы. У васьміканцовых зорках яна пабачыла зоркі варожага блока НАТА.
У якасці доказаў — кліп-арт з інтэрнэту, ніяк не звязаны з НАТА, і дэкаратыўная кампазіцыя перад штаб-кватэрай альянсу ў Бруселі. Але калі кліп-арт падобны да зорак на елцы, то і скульптурная кампазіцыя, і зорка на сцягу НАТА зусім іншая — чатырохканцовая ружа вятроў, без варыяцый.
А ў выглядзе васьміканцовай зоркі традыцыйна малююць Віфліемскую зорку, якая згодна з хрысціянскай традыцыяй прывяла трох мудрацоў пакланіцца народжанаму Хрысту.
Зрэшты, пра хрысціянства і традыцыйныя каштоўнасці Бондарава, відавочна, ведае толькі з камуністычных брашур, а таму не можа ведаць пра сімволіку васьміканцовай зоркі.
Раство Хрыстова з васьміканцовай Віфліемскай зоркай. Латыгаўскі майстар, 1746: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Вольга Бондарава пераканана на «99,999%», што ўсё гэта не вынік памылкі ці непісьменнасці чыноўнікаў, а праца шкоднікаў, якія вымушаны неяк адпрацоўваць замежныя гранты.
Чытайце таксама:
Прызналі «экстрэмісцкім» сайт Grodno.in, які раней змусіў прабачацца Бондараву
Дзермант заклікае расследаваць знешні фактар, які стаіць за дзейнасцю Бондаравай
Сілавікі не знайшлі абразы Вольгі Бондаравай у выказваннях блогера Vadimati